Якая будучыня ў нашых мемарыяльных лiтаратурных музееў

Пад вокладкай шматдомнага выдання

Дзень беларускага пісьменства, які адбудзецца ў гэтыя выхадныя, — добрая нагода ўзгадаць нашых славутых пісьменнікаў. Яшчэ лепш — завітаць да іх у госці. У краіне некалькі дзясяткаў мемарыяльных літаратурных музеяў, сядзіб. Кожны са сваімі радасцямі і нягодамі. Недзе цячэ дах, недзе састарэла экспазіцыя, а да некаторых наогул зарасла народная сцежка. Ці патрэбна нам столькі аднатыпных музеяў, як зрабіць іх цікавымі і прыцягнуць увагу жыхароў нашай краіны і гасцей? Карэспандэнты «Р» шукалі адказы на гэтыя пытанні.

Мемарыяльныя літаратурныя музеі — установы адмысловыя. Тут кожны экспанат памятае свайго знакамітага гаспадара, а інтэр’ер застаецца такім жа, як пры яго жыцці. Менавіта тут захоўваецца або ўзнаўляецца абсталяванне з максімальным прыцягненнем сапраўдных прадметаў, якія маюць дачыненне да таго ці іншага вядомага пісьменніка. На лецішчы Янкі Купалы на Аршаншчыне адкрыты Мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музеем стала дача Васіля Быкава пад Мінскам, Коласаўскі музей размясціўся ў гарадскім доме народнага паэта, Музей Францішка Багушэвіча — на яго сядзібе ў Кушлянах на Смаргоншчыне. Мемарыяльны кабінет Петруся Глебкі з багатым архівам і кнігазборам захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук. Але ёсць літаратурныя музеі і экспазіцыі з яшчэ больш унікальным размяшчэннем.

Чацвёртая кнопка і прароцтва пад дажджом

Трапіць у адзіны не толькі ў Мінску, а і ў краіне музей-кватэру вельмі проста, хоць нямногія, магчыма, пра гэта здагадваюцца. А трэба ўсяго толькі націснуць «чацвёрку» на дамафоне жылога дома № 30 па вуліцы Карла Маркса. Менавіта па гэтым адрасе з 1951 года і да канца сваіх дзён у 1980-м жыў з сям’ёй Пятрусь Броўка.

Літаратурны музей Петруся Броўкі знаходзіцца ў яго былой мінскай кватэры.
Фота Вiталя ПIВАВАРЧЫКА

Літаратурны музей у кватэры пісьменніка быў заснаваны неўзабаве пасля яго смерці. Такое рашэнне ўтрымлівала прынятая Саўмінам пастанова аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі. Узамен родным Пятра Усцінавіча далі новае жыллё ў прэстыжным раёне на вуліцы Пуліхава.


Пяціпакаёвая кватэра-музей займае плошчу амаль 200 квадратных метраў. Працуюць дзве экспазіцыйныя і выставачная залы. Два пакоі мемарыяльныя — бібліятэка і рабочы кабінет Броўкі. Яны — асаблівы гонар, там усё да дробязей захавана такім, як пры жыцці класіка. У гэтым вялікая заслуга яго родных. Першым дырэктарам музея была ўдава паэта Алена Міхайлаўна, пазней — яго сын. Дарэчы, летась Юрый Пятровіч, якому ўжо 80, перадаў на захоўванне ў музей некалькі сотняў асабістых рэчаў і дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю бацькі.

У Мемарыяльным кабінеце Петруся Броўкі ўсё на тых жа месцах, як і пры яго жыцці.
Фота Вiталя ПIВАВАРЧЫКА

Больш за 30 гадоў Літаратурны музей Петруся Броўкі адкрыты для наведвальнікаў. У мінулым годзе іх было 20 тысяч, сёлета чакаюць яшчэ больш. Загадчык музея Наталля Мізон упэўнена: мемарыяльныя музеі вельмі патрэбны, яны захоўваюць культурную памяць грамадства. А самі мемарыяльныя прадметы валодаюць спецыфічнай энергетыкай, прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў, і не толькі дзяцей — для іх яны наогул дзіва, але і дарослых, якія памятаюць рэчы і інтэр’еры тых часоў. Асабліва ж прываблівае і адных, і другіх, што да гэтых прадметаў дакраналася рука вядомага творчага чалавека. 

Складаней справы з наведваннем хаты-музея ў вёсцы Пуцілкавічы на Ушаччыне, радзіме Петруся Броўкі, — цяжкая дарога і доўга дабірацца. Каб адправіцца ў мясціны, дзе прайшло юнацтва паэта, з Мінска трэба выязджаць у 7 гадзін раніцы, і вернешся бліжэй да ночы, не кожны знойдзе столькі часу. 

Па той жа вуліцы Карла Маркса ў Мінску ў  знакамітым, так званым пісьменніцкім доме № 36 размяшчаецца былая трохпакаёўка Уладзіміра Караткевіча. Цяпер яе гаспадыня — пляменніца класіка Алена Сінькевіч, дачка яго сястры Наталлі. А Уладзімір Сямёнавіч жыў тут з жонкай і матуляй з 1973 года. Музея ў кватэры няма. Аднак кабінет Караткевіча ў адным з пакояў застаецца ў тым жа выглядзе, як і пры яго жыцці. Алена Іванаўна шмат робіць для захавання памяці і папулярызацыі творчасці свайго славутага дзядзькі, іншы раз дазваляе і наведаць яго колішнюю кватэру студэнтам-філфакаўцам у якасці экскурсіі.

Сваякі Уладзіміра Караткевіча захоўваюць некранутым кабінет пісьменніка ў яго колішняй кватэры.

Пабудаваны пасля вайны бацькоўскі дом на радзіме Уладзіміра Караткевіча ў Оршы музеем не стаў таксама. Мемарыяльная шыльда сведчыць, што пісьменнік жыў у ім, калі настаўнічаў у мясцовай школе, — з 1956 па 1958 год. Але відавочна — раней. Бо ў Оршы сам заканчваў школу, сюды прыязджаў на канікулы студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта, тут, а дакладней, побач з домам на гарышчы хлява размяшчалася яго так званая летняя рэзідэнцыя, дзе Караткевіч любіў чытаць, адпачываць, дзе напісаў першы варыянт «Дзікага палявання караля Стаха». У бацькоўскай хаце на колішняй вуліцы Касманаўтаў, 10, якая зараз носіць імя пісьменніка, Караткевіч гасцяваў у сваякоў два месяцы летам 1983-га, за год да сваёй смерці. 

Зараз дом належыць Ірыне Уласавай, дачцэ пляменніцы пісьменніка Раісы Барабаш. Гаспадыня жыве ва Украіне, але прадаваць атрыманую ў спадчыну хату не збіраецца, здае кватарантам. Сама ж два разы на год прыязджае ў Оршу, бачылі яе і гэтым летам. Абавязкова заходзіць у музей Караткевіча. І заўсёды не з пустымі рукамі. У экспазіцыі захоўваюцца шэраг асабістых рэчаў і іншых мемарыяльных прадметаў, перададзеных у дар сваякамі класіка як з яго роднага дома, так і з мінскай кватэры.

Рэчы з бацькоўскага дома Уладзіміра Караткевіча ўпрыгожваюць экспазіцыю музея пісьменніка ў Оршы. Плеценае крэсла было прывезена ім калісьці з Кіева, а рамы стаялi  на вокнах хаты на вуліцы Касманаўтаў, 10.

Дарэчы, пра аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча. Унікальны і сімвалічны факт: ён знаходзіцца на вуліцы Леніна, 26 у будынку колішняга аршанскага гарадскога радзільнага дома, дзе 26 лістапада 1930 года пісьменнік з’явіўся на свет. Больш за тое, гавораць, напрарочыў тут яму быць сам Караткевіч. У музеі расказваюць, быццам аднойчы яшчэ ў юнацтве ў цэнтры горада яго са спадарожнікамі напаткаў моцны дождж. Забеглі схавацца пад навес на ганак радзільні, і Караткевіч, смеючыся, сказаў: «Калі стану знакамітым, у гэтым доме будзе мой музей».

svirko@sb.by

Пісьменніка запатрабавалі  чытачы

Імя Івана Мележа ў першую чаргу асацыіруецца з «Палескай хронікай». Сёння ў Глінішчы, дзе і нарадзіўся пісьменнік, тых самых балот, апісаных у творах,  ужо не знойдзеш, аднак жадаючых наведаць грушу-дзічку, пад якой стаялі Васіль і Ганна, і ўбачыць унікальныя рэчы і дакументы Мележа, якія захоўваюцца ў яго доме-музеі, хапае. Сюды прыязджаюць госці з Італіі, Кітая, Злучаных Штатаў Амерыкі і iншых краiн. Праўда, зарабiць на гэтым мільёны не ўдаецца.

Дом-музей Івана МЕЛЕЖА знаходзіцца далёка ад Мінска і буйных магістралей, але штогод яго наведваюць больш за тысячу чалавек.
фота белта

Тут усё, як і прынята на Палессі. Драўляная хатка і невялікі кветнiк перад ёй (гародчык, як тут кажуць). Толькі скрозь кветкі і дрэвы праглядае бюст пісьменніка. Ля варот гасцей ужо сустракае мясцовая «гаспадыня» — малодшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан. Тут жанчына працуе каля пяці гадоў, да таго філолаг па адукацыі выкладала ў мясцовай школе, а ў дзяцінстве бачыла пісьменніка на свае вочы. На пасадзе ў галоўнай славутасці Глінішчаў яна змяніла Соф’ю Ліпніцкую, стрыечную пляменніцу Мележа. Так што ў любы час наведвальнікі атрымлівалі  максімум самай дакладнай інфармацыі пра пісьменіка.

Любоў Іванаўна пачынае экскурсію яшчэ з парога і адразу па-беларуску: толькі так можна адчуць палескі дух, якім прасякнуты творы пісьменніка.

— Музей быў адкрыты 12 лютага 1983 года — амаль праз сем гадоў пасля смерці Мележа. І, на жаль, гэта пабудова на самай справе не яго дом. Будынак, у якім нарадзіўся Іван Паўлавіч, быў спалены ў 1942-м. Бацька паставіў на тым месцы новую хату з дапамогай сродкаў сына. У 1970-м, калі дзеці раз’ехаліся, а жонка памерла, бацька прадаў хату і перасяліўся да дачкі ў Ленінград.

Пра пісьменніка Любоў РУБАН гатова расказваць гадзінамі.

У 1976 годзе пісьменнік памёр. Паўстала пытанне пра музей, аднак новыя гаспадары прадаць глінішчанскую сямейную хату Мележаў не згадзіліся, як, дарэчы, за імі і наступныя. На тым самым будынку зараз пафарбаваны фасад, пластыкавыя вокны і мемарыяльная дошка. А маленькі музейчык тады адкрылі ў мясцовай школе, якая тут жа атрымала імя Мележа. Аднак гэтага было мала, наведаць радзіму пісьменніка імкнуліся многія, а ў сельсавет нават прыходзілі лісты, адрасаваныя яго героям — Васілю Дзятліку і Ганне Чарнушцы. Грошай амаль не спатрэбілася. Лясгас даў матэрыялы, калгасная брыгада талакой за тры-чатыры месяцы ў выхадныя сабрала чатырохпакаёвую хату — праўда, не побач з сямейным гняздом, а насупраць школы.

Экспанаты збіралі ўсім светам. Нешта прыносілі суседзі, многае, напрыклад мэблевы гарнiтур з мінскай кватэры Мележа, кнігі і адзенне, друкавальную машынку, на якой ён пісаў, аддалі жонка і дочкі. Зараз у доме-музеі сотні ўнікальных фотаздымкаў, на якіх пісьменнік з роднымі, калегамі, вядомымі палітычнымі дзеячамі, фотакарткі прататыпаў яго героў, здымкі з дзяцінства і з пахавання класіка. Дзякуючы неабыякавым людзям у экспазіцыі з’явіліся рарытэтныя дакументы. Любоў Рубан дэманструе рэестр народжаных, які ўдалося знайсці ў адным з абласных архіваў:

— Гэта спіс усіх, хто нарадзіўся ў 1921 годзе ў Юравічскай воласці Рэчыцкага ўезда. Розныя вёскі, і вось пад нумарам 27: Глінішча, Мележ Іван Паўлавіч, 6 лютага. Дзіўна, бо ва ўсіх іншых дакументах ды па яго асабістых запісах датай нараджэння лічыцца 8 лютага. Чаму тады бацька запісаў яго на два дні раней, дагэтуль невядома. 

Пад шклом вісіць яшчэ адзін унікальны дакумент — заключэнне медыцынскай камісіі, датаванае 1970 годам, з пералікам захворванняў пісьменніка. Паранены падчас Вялікай Айчыннай, ён так і не змог поўнасцю паправіцца, але, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, знаходзіў час і сілы на стварэнне літаратурнай спадчыны. 

Асабліва дорага сэрцу Любові Іванаўны калекцыя кніг. Тут і выданні, якія Мележу з дароўнымі надпісамі прыносілі калегі, і яго асабістыя творы, часткова нават пазначаныя спецыяльнай наклейкай: «Бібліятэка Івана Мележа». Асобная паліца — для перакладаў. Усяго творы Івана Паўлавіча выдадзены на 16 мовах.

Сапраўдны дом Мележаў пад музей новыя гаспадары аддаць адмовіліся. Фота аўтара

— Ёсць у нас выданні «Людзей на балоце» на ўкраінскай, венгерскай, чэшскай, нямецкай, грузінскай, казахскай і іншых мовах… А аднойчы прыязджаў госць з Ірландыі, — успамінае Любоў Рубан. — Кажа, шукаў на радзіме кнігу Мележа на англійскай. Не знайшоў, тады экзэмпляр са Злучаных Штатаў Амерыкі яму прыслаў сябар. Прыехаў да нас: «А ў вас ёсць на англійскай?» Не было. Тады ён збегаў у машыну, прынёс сваю кнігу і падарыў нам.

На дзіва, замежных наведвальнікаў у Глінішчах хапае. Вёска знаходзіцца за 26 кіламетраў ад Хойнікаў, за 133 — ад Гомеля. Тры разы на дзень ад райцэнтра iдзе аўтобус, побач дарога на Мазыр, дзе ходзяць і міжгароднія рэйсы. Дабрацца цяжкавата, але можна. 

— У асноўным, канешне, прыязджаюць на ўласных машынах. Нашы дзеці па чарнобыльскіх праграмах бываюць у Італіі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі. Потым іх гаспадары наведваюць іх тут — і абавязкова ў наш музей. 

У спецыяльнай кнізе — сотні водгукаў, пачынаючы ад беларускамоўнага запісу Прэзідэнта i заканчваючы кітайскімі іерогліфамі, перакласці якія работнікам музея пакуль не ўдалося. 

— Падчас мінулых выбараў прыязджалі назіральнікі з Германіі, наведалі і нас, — гартае кнігу Любоў Іванаўна. — Вось запісы на арабскай, фінскай, польскай, італьянскай, славацкай мовах. Выказалі тут свае ўражанні пасол Венгрыі з жонкай, паслы Ірака, Балгарыі…

Хапае і наведвальнікаў з нашай краіны. Стабільна экскурсіі ладзiць філфак Гомельскага дзяржуніверсітэта, сваіх працаўнікоў на аўтобусе прысылаюць прадпрыемствы і арганізацыі. А мясцовыя жыхары экспанаты ведаюць практычна на памяць. Калі настае час вывучаць Мележа, урокі глінішчанскія настаўнікі праводзяць прама ў музеі, дзесяцікласнікі самі арганізуюць заняткі для іншых класаў. 

Працуе музей пяць дзён на тыдзень, выхадныя — панядзелак і нядзеля. Нягледзячы на гэта, Любоў Іванаўна гатова адчыніць дзверы любому жадаючаму і пасля работы, і ў выхадныя. За 2016 год тут пабывала больш за тысячу наведвальнікаў, а за 7 месяцаў гэтага — каля 700. Зарабіць на гэтым вялікіх грошай не ўдаецца. Уратоўвае, пэўна, тое, што «прытулак» Мележа ў 2009 годзе ўвайшоў у структуру Хойніцкага раённага краязнаўчага музея. Установа гэта бюджэтная, пра колькасць заробленых і выдаткаваных сродкаў тут казаць не спяшаюцца.

— Сэнс не ў тым, каб зарабіць грошы, — нагадвае дырэктар музея Наталля Бурэй. — Галоўнае — захаваць спадчыну.

Не самым лепшым чынам на акупнасці адбіваецца і тое, што білеты ў Дом-музей Мележа каштуюць усяго 1 рубель для дарослых і 50 капеек для дзяцей, яшчэ рубель — за фотаздымкі і палова рубля за экскурсію. Няшмат, але для турыстаў прывабна.

valchencko@mail.ru

Пункт гледжання

Пад вокладкай шматдомнага выдання

Зміцер ЯЦКЕВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

— Мы з зайздрасцю глядзім на нашы замкавыя комплексы. Дзяржава ўклала вялікія сродкі, каб рэстаўрыраваць гэтыя знакавыя аб’екты, і сапраўды яны з’яўляюцца візітнай карткай нашай краіны. Там вельмі добра пастаўлены маркетынг. Вядома ж, у нас не такія магчымасці, таму няма такога наплыву турыстаў. Закрыць літаратурныя музеі? Як такое можа прыйсці ў галаву?

Літаратура — гэта гонар нашай нацыі. Гэта гісторыя і культура. Ніводны музей у свеце не акупляецца. Усе яны існуюць на грошы спонсараў або падтрымліваюцца дзяржавай. Сёння сапраўды паўстае пытанне рэнтабельнасці нашых філіялаў, але ніяк не іх закрыцця. Мы павінны дбаць аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве, аб пошуку мецэнатаў, іншых форм і метадаў працы. Мы не манкурты, не маем права пазакрываць. У нас шмат вартых пісьменнікаў, і ніхто не кажа, што ў кожнага павінен быць свой музей. Для гэтага ёсць музей гісторыi беларускай літаратуры, які на сваіх 400 квадратных метрах павінен адлюстроўваць літаратурны працэс, у тым ліку сучаснымі мультымедыйнымі сродкамі. 

Форм існавання такіх устаноў шмат. Вось днямі быў на святочных мерапрыемствах, прысвечаных стагоддзю Пімена Панчанкі, у школе № 199, дзе і знаходзіцца народны музей пісьменніка. Яго нашчадкі перадалі туды вельмі шмат каштоўных экспанатаў, якія і складаюць экспазіцыю. І гэта якраз адзін з напрамкаў, як можна ствараць мемарыялы вядомых людзей. Навошта патрэбна абавязкова іх кватэра ці хата? Тым больш што чалавек звычайна не жыве ў адным месцы. 

Не ўтойваем: многія музеі накшталт літаратурных, краязнаўчых зжываюць сябе, прычына — іх экспазіцыі састарэлі. Таму нам трэба шукаць новыя формы работы. Сёння недастаткова эфектыўна працуе служба маркетынгу і інфармацыі. Многія не ведаюць пра літаратурныя музеі і як туды дабрацца. Мы гэту праблему ведаем даўно, таму шукаем новыя формы і метады работы. Яскравы прыклад — літаратурнае падарожжа «Броўкі 1.1.1», калі разам з піьсменнікамі мы выязджалі ва Ушацкі раён. Першым прыпынкам была вёска Пуцілкавічы, дзе знаходзіцца наш філіял — хата-музей Петруся Броўкі. Там была прадумана цікавая праграма: варылі кашу, расказвалі пра Броўку, чыталі яго творы. Пасля заехалі ў хату, дзе жыў Рыгор Барадулін, потым завіталі і ў родныя мясціны Васіля Быкава. І ўсюды праводзіліся пэўныя мерапрыемствы. Частку месцаў у аўтобусе прадалі — людзі былі задаволены гэтай паездкай. Такія падарожжы трэба рабіць пастаянна. Гэта амаль тое ж, чым займаюцца турыстычныя фірмы. І мы таксама можам зрабіць гэта звычайнай практыкай і зарабляць так грошы. Што адбываецца з месцам, дзе жыў ці нарадзіўся той ці іншы пісьменнік? Будынак прыходзіць ў заняпад, яго пачынаюць абрабоўваць. І гэтыя месцы знікаюць з нашай літаратурнай карты. Дапамагчы захаваць iх якраз і могуць вось такія экскурсіі. Па такім сцэнарыі адпрацавалі на «Ракуцёўскім леце».

У адпаведнасці з Кодэксам аб культуры наш музей з’яўляецца каардынацыйна-метадычным цэнтрам для музеяў літаратурнага профілю, таму ў поле зроку ўваходзіць вельмі шмат устаноў. Усе яны маюць розны лёс і будучыню. Наша задача — іх захаваць. Зусім нядаўна было шмат спрэчак наконт музея братоў Гарэцкіх у Багацькавічах. Мы былі супраць пераносу будынка ў Мсціслаўль, бо ведалі, што гэтая мясціна зарасце, ператворыцца ў сметнік. У выніку гэта будзе не гонар нацыі, а ганьба. Урэшце выратавалі. Зараз наш галаўны боль — яшчэ не створаны музей Алеся Адамовіча ў Глушы. Мы актыўна ўключыліся ў працэс, каб знайсці паразуменне паміж грамадскасцю і ўладай, і ўжо ёсць зрухі. Так атрымалася, што грошы, якія пералічаны на дабрачынны рахунак, да гэтага часу нявыкарыстаныя. Але мы не ў стане ўсё ахапіць.

Мне падаецца, што будучыня многіх нашых музеяў, сядзіб якраз за прыватна-дзяржаўным партнёрствам. Але, на жаль, яно ў нас пакуль амаль не развіваецца. Думаю, прадпрымальнік, які трымае, напрыклад, аграсядзібу, мог бы даглядаць і фінансаваць які-небудзь невялікі мясцовы музей, гэта было б дадатковай культурнай праграмай для яго гасцей. Вядома ж, кантраляваць і займацца навуковай працай, абнаўляць экспазіцыю павінны прафесіяналы — мы гэтых абавязкаў з сябе не здымаем. 

Трымаць у кожным філіяле загадчыка, навуковых супрацоўнікаў, бухгалтэрыю, загадчыка гаспадаркі, інжэнера і гэтак далей — гэта сёння вялікая раскоша для нас. Аб’яднанне літаратурных музеяў практыкуецца ва ўсім свеце. Калі ў галоўным музеі канцэнтруюцца асноўныя сілы, як навуковыя, так і гаспадарчыя, то лягчэй рэагаваць на многія рэчы. Пакуль гэта сістэма ў нас не наладжана. 

Словам, праблем шмат. Але нашым наведвальнікам не трэба пра іх і ведаць. Галоўнае, каб людзі любілі і шанавалі нашу літаратуру, а мы зробім усё магчымае, каб памяць пра пісьменнікаў захавалася на стагоддзі. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter