Пад ветразем надзеі

Трапіць на дзіцячае «Еўрабачанне» мараць 10 юных артыстаў

Трапіць на дзіцячае «Еўрабачанне» мараць дзесяць юных артыстаў

Фінал нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013» адбудзецца 4 кастрычніка ў Мінску. Як вядома, за пуцёўку на дзіцячае «Еўрабачанне», якое пройдзе ў Кіеве 30 лістапада, спаборнічаюць сёлета дзесяць юных выканаўцаў.

Сёння ўвечары пасля падвядзення вынікаў галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў стане вядома, каму ж з іх выпадзе шанц прадставіць на конкурсе Беларусь.

Руслану Асланаву, жыхару вёскі Тарасава Мінскага раёна, 11 гадоў. Ён выхаванец узорнай студыі эстраднага вакала «Фортэ» Палаца дзяцей і моладзі г. Мінска. Вакалам займаецца з шасці гадоў. У адпаведнасці з вынікамі жараб’ёўкі Руслан выступіць першым з песняй «Зоркі клічуць».

13-гадовая Ангеліна Піпер жыве ў вёсцы Астрамечава, а спевамі займаецца ў брэсцкай узорнай эстраднай студыі «Тарарам». Пакараць публіку яна будзе з песняй «Мы танцуем джаз». Прызнаецца, што ёй вельмі падабаецца гэты музычны стыль.

Два дні таму мінчанцы Ксеніі Церашонак споўнілася 13. З пяці гадоў яна займаецца вакалам. «Я шчырая, мэтанакі-раваная і настойлівая», — гаворыць пра сябе дзяўчынка. Выдатныя якасці для канкурсанткі! Ксенія Церашонак выканае песню «Пад ветразем мары».

12-гадовая Даная Шаршавіцкая нарадзілася ў Барысаве, жыве ў Мінску, займаецца ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў народным ВІА «Чырвоныя зоркі». Дзяўчынка любіць песні Селін Дыён і Ані Лорак, а ў снах бачыць сябе на сцэне віцебскага Летняга амфітэатра. «Просты матыў» прапануе яна журы і тэлегледачам.

Пра 12-гадовага Ігара Мураўкіна з пасёлка Калодзішчы яго сябры кажуць: добры, вясёлы, прыязны і шчаслівы. Відаць, невыпадкова і да конкурсу ён падрыхтаваў кампазіцыю з адпаведнай назвай — «Сонца свеціць усім!». Ігар займаецца ў дзіцячай эстраднай вакальнай групе «Solo» пры Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў і самай значнай перамогай для сябе на сённяшні дзень лічыць удзел у фінале нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне».

Паводле слоў мінчанкі Юліі Мажылоўскай, самае страшнае пакаранне для яе — калі хварэеш і нельга спяваць. Але сёння не той выпадак. «Мары» — так называецца конкурсная песня Юлі, у якой яна цалкам зможа прадэманстраваць магчымасці свайго голасу.

Бабруйчанін Уладлен Іваноў — выхаванец Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. На конкурсе ён выканае песню «Белыя аблокі». Куміры Уладлена ў музыцы — Фрэдзі Мэркюры, Майкл Джэксан і група «Queen», а выступіць на сцэне ён хацеў бы са Сцінгам і Вольгай Кармухінай. Дарэчы, замахнуцца на дзіцячае «Еўрабачанне» ён вырашыў пасля ўдзелу ў апошнім сезоне тэлепраекта «Я спяваю!», у якім атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.

Яшчэ адна навучэнка гэтага ж цэнтра — Надзея Місякова з Мінска. «Не бойся, што не атрымаецца, а бойся, што не паспрабуеш!» — такі творчы дэвіз юнай спявачкі. У фінале нацыянальнага адбору Надзея паспрабуе пераканаць журы і тэлегледачоў з кампазіцыяй «Дзелавая».

«Спявай са мной» — запрашае мінчанін Ілья Волкаў. Ён жыве ў пасёлку Калодзішчы, вакалам займаецца ў студыі «Залатыя галасы» пры арт-групе «Беларусы», акрамя спеваў, вельмі любіць спартыўна-бальныя танцы.

А мінчанка Ганна Зайцава захапляецца вывучэннем акцёрскага майстэрства. Безумоўна, пачынаючай спявачцы такія веды толькі на карысць. «Трэба заўсёды імкнуцца да лепшага», — лічыць Ганна.

Два гады таму яна прымала ўжо ўдзел у фінальным адборы на дзіцячае «Еўрабачанне». На сёлетнім конкурсе прадставіць песню «Мы памятаем». Магчыма, на гэты раз мара юнай артысткі здзейсніцца, і перамога стане выдатным падарункам Ганне да дня нараджэння — заўтра ёй спаўняецца 13 гадоў.

Дададзім, што ўсе ўдзельнікі фіналу на конкурснай сцэне не навічкі, кожны мае ў сваім творчым багажы шэраг лаўрэацкіх званняў і прызавых месцаў розных песенных спаборніцтваў. Можна меркаваць, што сёлетнія прэтэндэнты на перамогу вельмі моцныя сапернікі, сярод якіх няпроста будзе вызначыць яўнага лідара. Разам з тым, адзначаюць арганізатары конкурсу з Белтэлерадыёкампаніі, нягледзячы на канкурэнцыю, усе фіналісты сябруюць між сабой і актыўна падтрымліваюць сувязі праз сацыяльныя сеткі.

Нагадаем, трансліраваць фінальнае шоу ў прамым эфіры будуць тэлеканал «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24». Пачатак — у 22.00.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter