Менавіта тут калісь быў ахрышчаны Янка Купала.
Першы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы з’явіўся ў Радашковічах дзякуючы намаганням намесніка смаленскага і кашталяна віленскага Пятра Сенкі Гедыголдавіча і ягонай жонцы Багуміле. З гэтай нагоды ўпершыню згадваюцца ў гістарычных дакументах 1447 года і Радашковічы.
У 1569 годзе паселішча атрымала статус горада з магдэбургскім правам у Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, і да канца XVIII стагоддзя Радашковічы былі цэнтрам дэканата.
Новы касцёл быў узведзены ў 1734—36 гг. “руплівасцю кс. Сымона Мхоўскага, пісара Апостальскага, плябана Радашковіцкага пры дапамозе розных дабрадзеяў”. У 1740 годзе яго кансэкравалі пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы і Стэфана мучаніка. Святыня была таксама драўляная, крыжова-купальная, пакрытая гонтаю. Мела яна ажно 6 вежаў і была каля 80 метраў у даўжыню і 32 метры ў шырыню. Перад уваходам у касцёл быў гранёны тамбур-барбакан — “крухта акруглая”. Усяго ў касцёле налічвалася 7 алтароў. Галоўны — Найсвяцейшай Тройцы — уяўляў сабой шасцікалонную барокавую кампазіцыю з фігурамі апосталаў Пятра і Паўла, Яна і Тадэвуша. У прэзбітэрыі каля дзяверэй у закрыстыю віселі партрэты фундатараў — Пятра і Багумілы Гедыголдавічаў. На харах знаходзіліся арганы на 10 галасоў. Сцены і купал былі распісаныя на біблейскія сюжэты. Пад касцёлам — два мураваныя скляпы.
Побач стаяла драўляная званіца. На той час пры касцёле дзейнічалі школа і шпіталь, былі заснаваны тры брацтвы: з 1703 г. — св. Ганны, з 1738 г. — Найсвяцейшай Тройцы, а з 1750 г. — Імя Найсвяцейшай Марыі Панны. На канец XVIII стагоддзя ў Радашковіцкай парафіі налічвалася больш за 2300 чалавек.
На жаль, у час пажару велічны барочны касцёл згарэў. Але ў 1855 годзе “на сродкі парафіянаў, ахвяраванні памешчыкаў Валадковічаў і руплівасцю пробашча і дэкана кс. Пятра Жылінскага” ў Радашковічах быў закладзены каменны касцёл у стылі позняга класіцызму. Завяршылася будаўніцтва ў 1859 годзе, а 3 верасня 1860 года касцёл кансэкравалі пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы. Дарэчы, менавіта ў гэтым касцёле калісь быў ахрышчаны Янка Купала.
Пасля другой сусветнай вайны, у 1946 годзе, святыню зачынілі, а потым прыстасавалі пад цэх завода “Беларуская кераміка”. Ішоў час, будынак дайшоў да аварыйнага стану, аднак яго аб’явілі помнікам архітэктуры.
Толькі ў 1990 годзе касцёл вярнулі каталікам. Святыню адрэстаўрыравалі. У галоўным алтары зноў змясцілі абраз Найсвяцейшай Тройцы, левы алтар асвяцілі ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай, правы — у гонар Божай Міласэрнасці.
Татьяна ПЕТРАШКЕВИЧ, «БН»