Каля тысячы беларусаў прынялі ўдзел ва ўсеагульным вязанні коўдраў для хворых дзяцей

Пад цёплай коўдрай дабрыні

Сэрцы, смайлікі, кветкі, імёны, назвы арганізацый, разнастайныя сімвалы… Чаго толькі не сустрэнеш на звязаных уручную шматках, з якіх зроблены новыя коўдры для дзяцей з Беларускага дзіцячага хоспіса. Рэспубліканская акцыя дабрыні аб’яднала тысячу чалавек, здаецца, банальнай на першы погляд, але, пагадзіцеся, высакароднай мэтай — падарыць хворым дзецям крыху ўсмешак і цеплыні.

Падчас дабрачыннай акцыі працаўнікі і апекуны ўстановы ў літаральным сэнсе абнялі будынак хоспіса

Знаёміцца з «пладамі» дабрачыннай акцыі едзем у новы будынак Беларускага дзіцячага хоспіса, дзе на працягу васьмі месяцаў ядналіся сілы жыхароў з розных куткоў краіны. Так, квадраты дабрыні беларусы пачалі дасылаць з лютага, а скончылі ў кастрычніку, якраз да Сусветнага дня хоспіснай і паліятыўнай дапамогі. Такі фініш акцыі невыпадковы. «Палiятыў» з лацінскай мовы азначае «пакрывала». Так і ўзнікла нестандартная ідэя сумеснымі намаганнямі стварыць вялізнае палотнішча да сусветнай даты і потым узняць яго над новым будынкам хоспіса.  

Шасцігадовы Жорык вельмі кантактны і вясёлы хлопчык. Ён неверагодна ўзрадаваўся нечаканаму падарунку – рознакаляровай коўдры дабрыні

Аднак спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ўстановы Аліса Скамароўская выцягвае з мяшка асобныя коўдры з рознакаляровых шматкоў і раскладвае адну за адной на канапе. Аказваецца, арганізатары праекта вынайшлі яшчэ лепшы спосаб узняць настрой малым: пашыць мноства коўдраў і пакінуць іх на памяць дзецям.

— Мы прапанавалі людзям звязаць квадрацікі 15 на 15 сантыметраў любым стылем і вязаннем, а потым даслаць нам па пошце, — расказвае пра пачатак акцыі «Злучаныя дабрынёй» Аліса. — У прынцыпе, не было ніякіх абмежаванняў. Гэта выдатная магчымасць праявіць крэатыўнасць як заўгодна. Галоўнае, каб захоўваўся памер: так лягчэй усё скампанаваць.

На пакрывалах можна было вышыць адметны сімвал: сэрца, смайлікі, кветкі, імёны, назвы арганізацый…

Самыя першыя квадрацікі для хоспісных падапечных звязалі іх матулі і супрацоўнікі ўстановы. Літаральна праз тыдзень па пошце пачалі прыходзіць груваздкія канверты з квадратамі дабрыні. Амаль кожны пакунак дапаўняўся цёплымі словамі лістоў. Рамесніца Ірына, напрыклад, падключыла да стварэння коўдраў сваіх калег і знаёмых:

— У пасылцы ёсць квадрат, звязаны з белых і бардовых нітак. Яго рабіла 11-гадовая дзяўчынка. Яна вязала яго чатыры гадзіны без перапынку, а на просьбы матулі спыніцца адказвала: «Я хачу, каб дзеці з хоспіса ўбачылі мой унёсак у гэтую коўдру».

Груваcткія канверты з квадратамі дабрыні і шчырымі лістамі дасылалі з усіх куткоў краіны

Дзіўна, але рух набыў нечаканы размах. Прыходзілі лісты ад людзей розных нацыянальнасцей, узростаў, прафесій і сацыяльных статусаў. Да ўсеагульнага вязання падключыліся і школьнікі, і прафесійныя вязальшчыцы, і нават буйныя арганізацыі і кампаніі. Многім давялося вучыцца майстэрству з нуля, каб далучыцца да маштабнага руху.   

Трохгадовы Максім апынуўся ў хоспісе зусім нядаўна, аднак ужо паспеў узрадавацца цёпламу падарунку — новай коўдры.

Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ірына БАЙДАКОВА з любоўю ахінае ў новы плед маленькага Максіма

— Нам падказалі звярнуцца ў хоспіс урачы, раней неяк не задумваліся пра гэта. У малога ДЦП, патрэбна сур’ёзная рэабілітацыя, — дзеліцца гісторыяй бацька хлопчыка. — Пакуль мы ўсім задаволены. Не паспелі прыйсці — ужо падарунак.

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Аліса СКАМАРОЎСКАЯ здзіўляецца небываламу размаху руху: у хоспіс даслалі тысячу квадрацікаў для дзяцей

У выніку з тысячы кавалкаў спецыялісты пашылі каля 60 коўдраў. Іх падораць падапечным хоспіса спецыялісты падчас хатніх візітаў. Некалькі падарункаў ужо знайшлі сваіх гаспадароў. Большасць — яшчэ ў пошуках. Так ці інакш, нечаканы сюрпрыз не толькі падыме настрой дзіцяці, але і сагрэе ў няпростую часіну.

Цэнтральны сімвал акцыі «Звязаныя дабрынёй» – эмблема Беларускага дзіцячага хоспіса, зробленая пад заказ

Дарэчы, сёння пад апекай установы — каля 150 хворых дзяцей. Гэта малыя з цяжкімі, невылечнымі захворваннямі. Сярод іх — неўралагічныя хваробы, рознабаковыя наступствы сур’ёзных траўмаў, прыроджаныя анамаліі развіцця, генетычныя захворванні… Да 15% малых знаходзяцца ў пачатковай стадыі анкалогіі.  

veronulas@sb.by

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА і з архіва хоспіса
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter