Стварэнне нацыянальнага пантэона можа стаць агульнанацыянальным праектам

Пад сузор’ем славутых iмён

Iдэя беларускага нацыянальнага пантэона — вельмi надзённая i даволi дыскусiйная. На гэтую тэму ў канферэнц–зале «СБ» разважалi акадэмiк–сакратар Аддзялення гуманiтарных навук i мастацтваў Нацыянальнай акадэмii навук Аляксандр Каваленя, старшыня ГА «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, кандыдат гiстарычных навук Пётр Краўчанка i дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя iмя П.Броўкi» Уладзiмiр Андрыевiч.

Генадзь Давыдзька.

Аляксандр Каваленя.
Пётр Краўчанка.
Уладзiмiр Андрыевiч.
 
«СБ»: Што лiчыць нацыянальным пантэонам? Якая гiсторыя гэтай iдэi?

П.Краўчанка: Iдэя стварэння беларускага нацыянальнага пантэона ўзнiкла ў сярэдзiне 1980–х гадоў, калi я працаваў сакратаром Мiнскага гаркама партыi. Гэта важны праект для завяршэння працэсу фармiравання нацыi. Сродак кансалiдацыi, выхавання, сведчанне несмяротнасцi нацыi, пацверджанне незваротнасцi нацыянальна–дзяржаўнага будаўнiцтва, якое пачалося ў 1991 годзе i паскорылася пасля 1994–га, сiмвал еднасцi. Агульнанацыянальная з’ява, якая будзе аб’ядноўваць усiх нацыянальных герояў. Прытулак нацыянальнага духу.

Г.Давыдзька: I як гэта павiнна выглядаць у вынiку? Канкрэтны будынак цi агульнае духоўнае паняцце?

П.Краўчанка. Сiмвалiчны iнстытут, але ў фiнале я бачу прыгожы будынак з шэрагам сiмвалiчных манументаў. Мы павiнны выбраць 30, 40, 100 вартых iмёнаў.

А.Каваленя: Для мяне нацыянальны пантэон значна шырэй, чым гэтыя 30 цi 100 iмёнаў. Iдэя сягае ўглыб славянскiх традыцый. Курганы — гэта тая ж спроба ўпiсаць iмёны ў гiсторыю. За пасляваенныя гады беларусы стварылi звыш 8,5 тысячы помнiкаў i мемарыяльных комплексаў, у тым лiку 180 рукатворных курганоў памяцi. I сёння, у час глабалiзацыi, мы павiнны ўпiсаць у сусветную гiсторыю тысячы iмён беларусаў. Добрая задума нацыянальнага пантэона — у мiнскiм храме Усiх Святых. Айцец Фёдар Поўны i старшыня Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Мiхаiл Мяснiковiч гаварылi, каб там з’явiлiся таблiчкi з iмёнамi ўсiх, хто загiнуў, абараняючы Беларусь, незалежна ад iх нацыянальнасцi i канфесii.

П.Краўчанка: Так, трэба ўшанаваць усiх, як у Георгiеўскай зале Крамля ўшанаваныя героi Расii. Але разам з мемарыялiзацыяй пэўных катэгорый вылучыць шэраг iмён, якiм будзе нададзена асаблiвая ўвага. Напярэдаднi Дня Незалежнасцi мы павiнны ўспомнiць i ўшанаваць у пантэоне тых, хто ў 1944–м вызваляў Мiнск i Беларусь.

У.Андрыевiч: Нацыянальныя пантэоны ёсць ва ўсiх краiнах, якiя глыбока вывучаюць сваю гiсторыю. У Беларусi, па сутнасцi, складанне спiса нацыянальнага пантэона ўжо вядзецца. У прыватнасцi, ён пазначаны ў 18–томнай Беларускай энцыклапедыi, у якой з 50 тысяч артыкулаў каля трэцi прысвечана персаналiям.


«СБ»: Па якiх крытэрыях варта адбiраць персаналiй у пантэон?

П.Краўчанка: Хай вырашае народ i гiсторыкi. Але што там павiнна быць Еўфрасiння Полацкая, патранэса зямлi беларускай, — дакладна. Кiрыла Тураўскi, Леў Сапега, Канстанцiн Астрожскi, Кастусь Калiноўскi, Iван i Антон Луцкевiчы, Алесь Чарвякоў, Змiцер Жылуновiч, Кiрыл Мазураў, Пётр Машэраў, першы Герой Беларусi лётчык Уладзiмiр Карват. У асноўным гэта павiнны быць сiмвалiчныя надмагiллi. Гэта не некропаль. Галоўны крытэрый — змагаўся чалавек за Беларусь цi не, быў носьбiтам дзяржаўнай беларускай iдэi — цi не. Вось Вацлаў Ластоўскi першы выказаў iдэю беларускай дзяржаўнай незалежнасцi, ён павiнен быць у пантэоне.

У.Андрыевiч: Важна ўлiчыць усе перыяды гiсторыi. Эпоха ВКЛ, Рэчы Паспалiтай, Расiйскай iмперыi, БНР, БССР... У кожнай эпосе — свае героi. Крытэрый адзiн — жыццё i дзейнасць на карысць беларускай зямлi. Мы не павiнны ўключаць герояў толькi пэўнага перыяду, пэўных поглядаў. Калi Шагал пiсаў карцiны пра Вiцебск на мове жывапiсу — што, яго нельга аднесцi да беларускiх герояў? Наўрад цi такi вузкi падыход зразумее грамадства.

А.Каваленя. У 2001 годзе была выдадзена кнiга «Асветнiкi зямлi беларускай». Туды ўключана 750 iмён. I як мы вычленiм адтуль 30 — 40? На сённяшнi дзень у нас 126 кнiг, прысвечаных асобным персаналiям. Толькi ў серыi «Беларускi кнiгазбор» выйшла 90 кнiг выбiтных асоб.

Г.Давыдзька: Калi я працаваў на тэлебачаннi, мне прынеслi сiнопсiс — зрабiць перадачу «Сто iмёнаў Беларусi». I адразу пачалiся пытаннi: чаму гэтае iмя ўвайшло, а гэтае не ўвайшло? Нават тут мы спрачаемся.

П.Краўчанка: Нацыянальны пантэон уключае тых, хто аддаў жыццё за Беларусь, загiнуў фiзiчна цi зрабiў вялiкi ўнёсак у пабудову беларускай дзяржавы.

«СБ»: У касцёле Святога Станiслава на Вавелi ляжыць перапахаваны прах Цыпрыяна Норвiда. Непрызнаны паэт, якi памёр ад голаду ў Парыжы. Сёння ён ушанаваны разам з вайскаводцамi i каралямi Польшчы.

П.Краўчанка: Дарэчы, працытую Норвiда: «Не меч, не шчыт баронiць мову, а дасканалы твор». Вось прыклад нашым пiсьменнiкам i паэтам.

Г.Давыдзька: Ясна, што вылучэнне значных iмёнаў неабходна, але самае галоўнае — наколькi мы зацiкавiм маладога чалавека канкрэтным iмем?

А.Каваленя: Для мяне нацыянальны пантэон — гэта музеi i бiблiятэкi, назвы вулiц i гарадоў, школы i ВНУ, храмы i тэатры, у якiх увекавечаны тысячы iмёнаў нашых суайчыннiкаў. Расiя перайменавала Свярдлоўск, а ў нас у цэнтры горада — вулiца Свярдлова. Што зрабiлi для Беларусi Свярдлоў цi Роза Люксембург?

П.Краўчанка: Свярдлоў у сярэдзiне 1920–х выступаў за тое, каб адрэзаць частку БССР на карысць Бранскай вобласцi.

А.Каваленя: А Кнорын i Ландэр, якiя былi супраць стварэння Беларускай Рэспублiкi, Валадарскi, якi меў дачыненне да рэпрэсiй супраць iнтэлiгенцыi? Калi мы ствараем нацыянальны пантэон, iмёны тых, хто аддаў жыццё за Беларусь, павiнны прысутнiчаць у тапонiмах, якiя штодзённа акружаюць нас. А калi мы проста будынак створым, каб туды хадзiць...

П.Краўчанка: Будынак — гэта фiнiшная iдэя.

«СБ»: А дзе вы прапануеце яго зрабiць?

П.Краўчанка: Першы варыянт — на Вайсковых могiлках. Можам рэканструяваць на суседняй вулiцы двухпавярховыя дамы i, не кранаючы святы прах Купалы i Коласа, арганiчна ўпiсаць будынак пантэона. Туды ж можна перанесцi прах Максiма Багдановiча з Крыма. У свой час у нас ужо самалёт быў замоўлены, каб гэта зрабiць. Цяпер, калi Крым у складзе Расii, Расiя магла б нам аддаць ягоны прах. Калi генетычная экспертыза пацвердзiць iдэнтычнасць астанкаў Кастуся Калiноўскага, можна перавезцi i iх. Другi варыянт — у зялёным дыяметры Камсамольскага возера можна знайсцi цудоўную пляцоўку, дапасаваць будынак да музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Каля Нацыянальнай бiблiятэкi яшчэ не ўсё забудавана. Чацвёрты варыянт — плошча Дзяржаўнага сцяга.

Г.Давыдзька: Трэба пачынаць з асноў. Чуў размову, калi на пытанне, чаму ў яго кепская адзнака па беларускай мове, школьнiк адказаў: «Мама, а зачем этот язык мне нужен?» I мама не магла дакладна растлумачыць. А трэба, каб кожны грамадзянiн Беларусi ведаў дакладна — навошта мова, гiсторыя, нацыянальны пантэон. Каб нават пытання «навошта?» не ўзнiкала. Нацыянальны пантэон павiнен зрабiць нейкiя духоўныя каштоўнасцi безумоўнымi.

А.Каваленя: Калiсьцi было прынята рашэнне — стварыць у кожным раёне камiсiю па падрыхтоўцы кнiг памяцi. I мы 146 кнiг выдалi, фактычна стварылi энцыклапедыi гiсторыi раёнаў, пачынаючы з каменнага веку i да канца 1980–х гадоў. Але там, зразумела, ёсць недакладнасцi, прапушчаныя iмёны. Было б добра, каб гэтыя камiсii прадоўжылi працу, i далучыць да iх дзейнасцi школьнiкаў.

Г.Давыдзька: Энцыклапедыi — святая праца. Але хто будзе ёю карыстацца? Колькi фалiянтаў захоўваецца нават у маёй бiблiятэцы, якiя я пагартаў i паставiў на месца.

П.Краўчанка: Некалькi год таму пра Восiпа Гашкевiча, беларуса, якi стаў першым консулам Расiйскай iмперыi ў Японii, ведалi некалькi навукоўцаў, сёння дзякуючы нашым намаганням ён уключаны ў курс школьнай гiсторыi.

Г.Давыдзька: Не толькi iмёны, але i легенды могуць уваходзiць у нацыянальны пантэон. У самой iдэi прысутнiчае нейкая метафара, мiфiчнасць. I я заклiкаю ставiцца да гэтага па–мастацку. Пераказваць гiсторыю герояў захапляльна, даступна для кожнага. Каб, калi ўздымаецца беларускi дзяржаўны сцяг i гучыць беларускi дзяржаўны гiмн, ва ўяўленнi ўзнiкалi вобразы гэтых герояў.

А.Каваленя: Галоўнае — каб у iдэi стварэння нацыянальнага пантэона гучала думка кансалiдацыi, бо адначасова ваяваць i будаваць немагчыма. Вельмi далiкатна трэба падыходзiць i да абмеркавання асоб.

«СБ»: З дапамогай якiх структур павiнен стварацца нацыянальны пантэон?

П.Краўчанка: Я за то, каб была створана камiсiя пры Энцыклапедыi.

У.Андрыевiч: Усё аддаць на меркаванне грамадскасцi, без удзелу прафесiйных гiсторыкаў? Напэўна, не. I роля дзяржавы ў гэтым, перакананы, важкая i важная. Iнакш месца сiмвала нацыi зоймуць «кумiры», якiя не маюць адносiн да вызначэння нацыянальнай iдэнтычнасцi.

П.Краўчанка: Я вельмi задаволены, што дзякуючы «СБ» мы выходзiм на шырокае грамадскае абмеркаванне гэтай святой для нас iдэi. У нас цудоўна развiта краязнаўства. Можна пачаць са стварэння вiртуальных пантэонаў раёнаў. Далучыць тэлебачанне, зладзiць агульнаграмадскае галасаванне.

У.Андрыевiч: Разам з Мiнiстэрствам iнфармацыi падступаемся да стварэння нацыянальнай электроннай энцыклапедыi «Рэспублiка Беларусь», дзе будзе раздзел «Персаналii».

П.Краўчанка: Давайце заплануем навуковую канферэнцыю.

Г.Давыдзька: Варта зрабiць багата iлюстраваную кнiжку, дзе б у папулярнай форме распавядалася пра беларускiх герояў усiх эпох. Ва Узбекiстане, напрыклад, кожны год дзяржава вылучае тэлеканалам грошы на 8 фiльмаў пра нацыянальную гiсторыю. I гэтыя грошы засвоiць трэба абавязкова!

А.Каваленя: У нас тысячы асоб, пра якiх можна напiсаць твор. Нашы паэты, пiсьменнiкi, драматургi, скульптары i мастакi павiнны працаваць на беларускi пантэон.

П.Краўчанка: Адкiнем нашу псiхалагiчную няўпэўненасць, пошук самiх сябе, свайго прытулку, раздвоенага iмкнення адразу i на Усход, i на Захад. Менавiта са спалучэння вiзантыйска–праваслаўнага, каталiцкага i пратэстанцкага пачаткаў, напоўненых вялiзнай духоўнасцю i самаахвярнасцю, можна сфармiраваць нашу адметнасць, нашу новую нацыянальную сутнасць.

А.Каваленя: Цывiлiзацыйны разлом, якi фармiраваўся тысячагоддзямi, за паўгадзiны не паправiць. Але з нашай беларускай далiкатнасцю i памяркоўнасцю мы павiнны iсцi крок за крокам, збiраючы ўсё лепшае.

П.Краўчанка: А пакуль чакаем водгукаў на iдэю нацыянальнага пантэона.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter