Лунінецкі хлебароб Уладзімір Соц перакананы: яго найлепшы дзень яшчэ наперадзе

Пад шэпт жытнёвых каласоў

ПРЫЯРЫТЭТНЫ кірунак эканамічнай дзейнасці СВК «Вулькаўскі світанак» Лунінецкага раёна – жывёлагадоўля. А ў раслінаводстве гаспадарка спецыялізуецца на збожжавых і бульбе. За дзевяць гадоў кіравання кааператывам Уладзімірам СОЦАМ угоддзі пашырыліся да 5 тысяч гектараў. Коль- касць буйной рагатай жывёлы даведзена амаль да 5 тысяч галоў, з іх 1400 — дойныя каровы. Сёлета ставіцца задача пераадолець пяцітысячны рубеж па надоях малака.


СТАБІЛЬНА высокі прыбытак ад гаспадарчай дзейнасці дазваляе мадэрнізаваць вытворчую базу, паляпшаць умовы працы і жыцця вяскоўцаў. Гаспадарка пастаянна адзначаецца як адна з лепшых у раёне і вобласці, а старшыня за працоўныя поспехі двойчы быў прызнаны лепшым кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства Брэстчыны. Уладзімір Іванавіч узначальвае раённы аграпрамысловы саюз, абраны дэпутатам раённага Савета.

Летнія дні доўгія, але толькі з вечаровымі зорамі вяртаецца старшыня на свой падворак, дзе таксама патрэбны яго рукі. Паспявае траву падкасіць, грады паліць. Увесь дзень занята і жонка Галіна Мікалаеўна, якая адказвае за ідэалогію ў гаспадарцы і ўзначальвае прафсаюзны камітэт. Разам з галоўным эканамістам Наталляй Пашкавец выязджаюць да збожжаўборачных экіпажаў, віншуюць пераможцаў, вызначаюць лепшых жывёлаводаў. Раней сыны Аляксандр і Яўген дапамагалі бацькам упраўляцца па гаспадарцы, але выраслі, вывучыліся, пайшлі на свой хлеб. Старэйшы Аляксандр ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёскі, жывуць у Лунінцы. А малодшы Яўген працуе ў Гродне на мытні. Толькі ў выхадныя дзеці наведваюць бацькоўскі падворак, так што будзённымі вечарамі дапазна Уладзімір Іванавіч палівае агуркі, памідоры ды іншую гародніну. 

— Такі занятак добра супакойвае перад сном, — прызнаецца Уладзімір Соц. – Трыццаць сотак у нас, і ні адна не пустуе. Усе апрацоўваем не таму, што маем вялікую патрэбу ў гэтым, спадчыннае гэта ў нас – шанаваць зямлю. Вёска Вулька-2 густанаселеная. Не кожны гаспадар мае каля хаты належную па законе колькасць зямлі. Выдзяляем вяскоўцам участкі за ваколіцай, кожнаму працуючаму яшчэ па 30 сотак зямлі, якую сяляне займаюць пад традыцыйныя для нас клубніцы. З ранняй вясны і да заканчэння ўборкі ўся вёска шчыруе на гэтых плантацыях. І нашы бацькі гэтым займаліся, і мы з маленства ўсе летнія канікулы праводзілі на градах клубніц ці на плантацыях калгасных буракоў. 

Яшчэ ў школьныя гады прыкмеціў на полі ўвішную чарнявую дзяўчынку, якая з бацькамі буракі палола. Толькі пазіраў на прыгажуню, а адважыцца пагаварыць з ёй так і не змог. Перад Новым годам асмеліўся пазнаёміцца з сямікласніцай Галінай. З тых часоў і пачалося наша школьнае сяброўства, хаця яна была на два гады маладзей за мяне. А як толькі Галіне споўнілася васямнаццаць гадоў, па- клікаў замуж. Цёплым жніўнем адгулялі вяселле, і ў нашым доме з’явілася маладая нявестка. Мае бацькі шкадавалі яе, працай не загружалі. Яна скончыла Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум і працавала ў калгаснай бухгалтэрыі. 

— А вы дзе атрымлівалі сельскагаспадарчую адука- цыю?

— У Ляхавіцкім саўга- се-тэхнікуме і размеркаваўся ў сваю гаспадарку, дзе мяне прызначылі памочнікам загадчыка жывёлагадоўчага комплексу, а потым загадваў малочнатаварнай фермай. У той час у раёне вялася масавая меліярацыя, на абноўленых землях пабудавалі жывёлагадоўчы комплекс «Доўгае», якім мне даверылі кіраваць. Узначальваў заатэхнічную службу гаспадаркі. Завочна вучыўся на зааінжынерным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута. Дыплом атрымліваў ужо старшынёю СВК «Вулькаўскі світанак».

— Грымела слава пра эканамічна моцныя калгасы, на чале якіх стаялі вопытныя кіраўнікі. Уся рэспубліка ведала імёны вядомых палескіх старшынь Герояў Сацыялістычнай Працы Ула- дзіміра Сцепчанкі, Івана Янкоўскага, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Ралько, у якіх было чаму павучыцца. 

— І нашай гаспадарцы пашчасціла на моцных кіраўнікоў. У свой час яе ўзначальвалі сапраўдныя гаспадары Уладзімір Рыхцер, Міхаіл Гімбатаў. Амаль шэсць гадоў кіраваў вулькаўскім калгасам Канстанцін Сумар, які потым узначальваў Брэсцкі аблвыканкам. Часта ён прыязджаў да нас, цікавіўся справамі, дапамог пабудаваць новую сярэднюю школу. Дзякуючы Канстанціну Андрэевічу за нашай вёскай Галы Бор пабудавана новая малочнатаварная ферма, падобных якой у раёне ў той час не было. Разлічана яна на беспрывязное ўтрыманне 700 дойных кароў і аснашчана нямецкім даільным абсталяваннем. Кожная карова мае камфортны бокс. Малако адразу паступае ў аўтаматызаваны халадзільны комплекс, дзе ахалоджваецца і адпраўляецца на перапрацоўку на Лунінецкі малочны завод. Камп’ютарная сістэма дазваляе весці ўлік прадукцыйнасці жывёл. Дзякуючы такому сучаснаму абсталяванню адразу павысілася якасць прадаваемага малака, пераважную большасць якога цяпер здаём найвышэйшым гатункам. 

— Але не ўсе жывёлагадоўчыя фермы ў вас так па-сучаснаму абсталяваны? 

— Паступова старыя памяшканні рэканструюем і па-сучаснаму абсталёўваем. Павышаецца прадукцыйнасць жывёлы, зніжаюцца затраты на вытворчасць. Сёння мы вырабляем на сто гектараў сельгасугоддзяў звыш 1200 цэнтнераў малака. Па валавой прадукцыі жывёлагадоўлі ў першай тройцы гаспадарак раёна. Летась ад продажу малака атрымалі каля 7 мільярдаў рублёў прыбытку. 

— Уладзімір Іванавіч, найбольш буйныя жывёлагадоўчыя комплексы гаспадаркі размешчаны далёка ад населеных пунктаў. Гэта не ўскладняе працу жывёлаводаў?

— Штораніцы два аўтобусы дастаўляюць працаўнікоў з вёсак Бродніца, Вулькі-2 і Галы Бор на два аддаленыя комплексы. Нам больш выгадна вазіць туды за дваццаць кіламетраў людзей, чым кармы было б перавозіць з балот да цэнтральнай сядзібы. 

Мой сённяшні клопат — як мага хутчэй знесці старыя і ўзвесці новыя памяшканні для ўтрымання жывёлы. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі ў аграгарадку Вулька-2 збудавалі новую ферму з сучаснай даільнай залай. За вёскай Галы Бор трымаем ферму па адкорме бычкоў.

— А ці ёсць чым карміць такую рагатую грамаду? 

— Загадзя дбалі. Сістэма севазвароту распрацавана так, каб поўнасцю забяспечваць усё пагалоўе сваім фуражом. З сярэдзіны мая і да позняй восені бесперапынна працуе корманарыхтоўчы атрад. І ў гэтыя летнія дні, калі ідзе масавае жніво, корманарыхтоўшчыкі працягваюць закладваць сянаж у траншэі. Штогод назапашваем не толькі неабходную колькасць кармоў, але і ствараем страхавы фонд. 

— У гаспадарках рэспублікі будуюць робатафермы. А вы не збіраецеся?

— Я большы прыхільнік даільных залаў, ды і рабочай сілы хапае. Нашы жывёлаводы зарабляюць да васьмі мільёнаў рублёў штомесячна. На фермах ужо няма цяжкай ручной працы, як гэта было раней. Працуюць кормараздатчыкі. Пра робаты варта весці размову, калі гадавыя надоі перавышаюць 6000 кілаграмаў ад каровы.

— Уладзімір Іванавіч, высокая рэнтабельнась вытворчасці малака дазваляе мадэрнізаваць не толькі жывёлагадоўчую галіну?

— Высокаэфектыўнае ў нас і раслінаводства. Рэнтабельнасць бульбы перавышае сорак працэнтаў, пастаянна пашыраем плошчы пад элітныя сарты.

— А збажына ў сёлетняе засушлівае лета не падвяла?

— На круг выходзіць па сорак цэнтнераў зерня. Пачынаем убіраць пшаніцу, на якую ў нас большыя спадзяванні. 

— З палеткамі гаспадаркі мяжуюць фермерскія. Вашы адносіны з гаспадарамі-ўласнікамі?

— На тэрыторыі нашага Вулькаўскага сельсавета больш за 50 фермераў, і з усімі сяброўскія адносіны. Мы робім агульную справу – працуем на зямлі, забяспечваем харчовую бяспеку краіны.

— Уладзімір Іванавіч, вы тут нарадзіліся і выраслі. Вас выбралі кіраўніком гаспадаркі. Навокал — сваякі, сябры, аднавяскоўцы, з якімі па жыцці крочыце побач. Ці не ўскладняе гэта працу старшыні?

— Наадварот, дапамагае, ведаю ўсіх, і мяне ведаюць. Прымаць рашэнні лягчэй, калі ты сярод знаёмых людзей. У летнюю спякоту перасохлі амаль усе сажалкі і ўзнікла праблема, дзе напаіць на пашы свойскіх кароў. Выкапалі дадатковыя сажалкі для вадапою. Як дэпутат раённага Савета, я ў адказе за жыццё на вёсцы.

— Кароў яшчэ трымаюць вяскоўцы?

— Менш, але ўсё роўна ў кожнай вёсцы па статку ёсць.

— А як наладжаны прыём малака ад насельніцтва?

— Цяпер гэтым займаецца Лунінецкі малаказавод. У вясковых магазінах, як і ў сталічных супермаркетах, багаты асартымент прадуктаў, і ў нашых працаўнікоў заробкі дазваляюць усё неабходнае набываць. Сярэдняя зарплата па гаспадарцы — каля пяці мільёнаў рублёў. У савецкія часы ў нашых палескіх вёсках былі шматдзетныя сем’і, трэцяя частка моладзі заставалася на месцы. Гэтая тэндэнцыя ў нас захавалася. Асноўная маса нашых працаўнікоў — ад 35 да 50 гадоў. Маладыя заводзяць сем’і, будуюцца.

— Будзе каму замяніць сённяшніх механізатараў і жывёлаводаў?

— У нас другая праблема. У міжсезонне не ўсіх можам забяспечыць працай. Імкнёмся знайсці занятак людзям, нарошчваць вытворчасць, каб ствараць дадатковыя працоўныя месцы. 

— Якая перспектыва ў «Вулькаўскага світанку»?

— Стабільнае эканамічнае становішча дазваляе развіваць вытворчую базу. І самае галоўнае — клапоцімся пра нашых працаўнікоў, ствараем для іх спрыяльныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. Калектыў пастаянна папаўняюць маладыя спецыялісты. Пасля заканчэння аграрных навучальных устаноў да нас размеркаваліся Наталля Мышкавец, Кацярына Шырачэнка, Андрэй Шулькевіч, Аляксандр Коўшыль, Таццяна Кацуба. Забяспечылі іх жыллём.

У развіцці гаспадаркі сапраўдны світанак. Наша каманда на раённым конкурсе Клуба вясёлых і знаходлівых жартам абыграла назву гаспадаркі: малады спецыяліст паскардзіўся на яго размеркаванне ў «Вулькаўскі світанак», бо тут заўжды світанак, а значыць, трэба збірацца на працу. А калі ж адпачываць?

— І сапраўды, ці знаходзіце час на адпачынак?

— Для мяне праца – сапраўдны адпачынак. Прае- дзеш ціхім золкам паміж жытоў з налітымі тугімі каласамі — і лепшага адпачынку не трэба. Неяк аднойчы паехалі з жонкай па пуцёўцы адпачываць у санаторый на Віцебшчыну. Ледзьве вытрымаў два тыдні. Больш ніколі ў адпачынку не быў. 

— Уладзімір Іванавіч, вы шчаслівы чалавек?

— Калі шчасце мінае,толькі потым разумееш, што яно было. А калі ты яго не заўважаеш, значыць, жывеш шчасліва. Калі прыязджаюць дамоў дзеці, збіраецца ўся сям’я — адчуванне спакою і радасці.

— Ваш найлепшы дзень, да якога хочацца вяртацца ў думках зноў і зноў?

— Напэўна, ён яшчэ мяне чакае. З жонкай Галінай Мікалаеўнай радуемся поспехам дзяцей, жывём чаканнем унукаў.

Уладзiмiр СУБАТ

Лунінецкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter