Пад пэндзлем – сялянскае жыццё

НЯЗВЕДАНЫ шляхі Гасподнія… Ці думаў, ці меркаваў калі-небудзь, што надарыццы час, і я са сваіх дачных вокнаў змагу дзённа і ночна бачыць дом, які будаваў гэты чалавек. Праўда, цяпер у ім жывуць іншыя людзі, якія нешта тут перарабілі, але ва ўсёй «постаці» дыхтоўнай пабудовы праглядваецца вытанчаны густ, бачанне яе абрысаў не ардынарным, а дапытлівым, пранікнёным позіркам. Адчуваецца, што і месца пад будучы падворак выбіралася тут разважна, дасціпна. У вёсцы Баравыя гэтую сядзібу і цяпер называюць домам мастака. Бо не толькі суседзі, але ўсе ў наваколлі ведаюць, хто яе будаваў і доўгі час абыходжваў сваімі сялянскімі клопатамі, хто тут жыў і ствараў прыгожае...

Творчае крэда Івана Салаўя заўсёды было злучана з роднай Уздзеншчынай, непаўторным хараством яе прыроды

НЯЗВЕДАНЫ шляхі Гасподнія… Ці думаў, ці меркаваў калі-небудзь, што надарыццы час, і я са сваіх дачных вокнаў змагу дзённа і ночна бачыць дом, які будаваў гэты чалавек. Праўда, цяпер у ім жывуць іншыя людзі, якія нешта тут перарабілі, але ва ўсёй «постаці» дыхтоўнай пабудовы праглядваецца вытанчаны густ, бачанне яе абрысаў не ардынарным, а дапытлівым, пранікнёным позіркам. Адчуваецца, што і месца пад будучы падворак выбіралася тут разважна, дасціпна. У вёсцы Баравыя гэтую сядзібу і цяпер называюць домам мастака. Бо не толькі суседзі, але ўсе ў наваколлі ведаюць, хто яе будаваў і доўгі час абыходжваў сваімі сялянскімі клопатамі, хто тут жыў і ствараў прыгожае...

ЗДОЛЬНАСЦІ да малявання ў Івана «прарэзаліся» змалку. Замілаваны цудоўнымі краявідамі, вабнымі мясцінамі, хлапчук занатоўваў іх у сшытак, не раз потым вяртаўся да зробленага, дапрацоўваў. Вядома, у школе роўных яму ў валоданні алоўкам не было, і таму жыццёвую дарогу пасля заканчэння вучобы шукаць не давялося. Шлях пралягаў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Яго раілі хлопцу і настаўнікі, і самі абставіны. 

Атрымаўшы адмысловую адукацыю, — а развівалі выяўленчы талент Івана Салаўя, «ставілі руку на пэндзаль» такія майстры жывапісу, як Лейтман, Ахрэмчык,  Даркевіч, — юнак мог бы знайсці сабе месца ў прэстыжных майстэрнях, трапіць пад крыло якога-небудзь тытулаванага майстра, а значыць, і застацца ў горадзе.

Але ніякія чорныя квадраты, нейкія абстракцыі, невыразнасці пярэчылі жывапіснаму почырку Івана Салаўя яшчэ з тых перадваенных гадоў, калі ён увайшоў у любімую прафесію. Яго вабіла раздольная першасная прырода, шырокія, непаўторныя яе ўлонні, родныя бярозкі і дубы. Як заўважыла аднойчы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Зоя Калкоўская, ён быў перакананы, што сапраўднае жыццё бруіць лясным раўчуком, спявае нястомным салаўём, гамоніць спелаю мудрасцю бору…

Вялікая Айчынная бязлітасна разбурыла першыя творчыя планы мастака. На перадавую, праўда, ён не трапіў, хаця пасля заканчэння навучальнай установы разам з дыпломам атрымаў і лейтэнантскія пагоны. Але служба ва ўнутраных войсках была па тым часе не менш складанай і небяспечнай. Да таго ж спецыфічнай, у многім закрытай.

Пэўна, таму ваенная тэматыка не магла прэтэндаваць на дамінуючае месца ў яго творчых пошуках. Хаця і абысці яе бокам, няўважлівасцю як прадстаўнік таго пакалення ён не мог. Яна выразна паказана, напрыклад, у карціне «Ворагі спалілі родную хату», што знаходзіцца ў Лашанскай сельскай бібліятэцы. Моцна ўражвае постаць франтавіка, які вярнуўся дамоў, а родных, жонку не застаў. Іх спалілі разам з хатай фашысцкія каты. Салдат у роздуме схіліўся над магілай, а недзе над ім, у паднябессі, выступае няяркая выява жанчыны. Твар яе зацінаюць смутак і жаль, але не роспач і адчай. А збоку ад жаночага вобраза — хмара, з якой выступаюць мужчынскія абрысы. У гэтай кампазіцыі праглядваецца глыбокі філасофскі сэнс: душы загінулых з надзеяй назіраюць за тымі, каму выпала працягваць жыццё, спадзяюцца, што яно не будзе разменена на войны, канфлікты, дробязі ці бытавыя заганы…

СПАДЧЫНА майстра не ўяўляецца і без галерэі партрэтаў, найперш аднавяскоўцаў, людзей, з кім ён раіўся ў агульных сялянскіх справах і клопатах.

— Скажу шчыра, на вёсцы паважалі і любілі Івана Аляксандравіча не толькі за выяўленчы талент, — распавядае нявестка мастака Людміла Васільеўна. — Яшчэ за чуласць, паразуменне, за спагаду і параду. Памятаю, калі я збіралася нараджаць першынца, з райцэнтра прыехала «хуткая», мяне ўсаджваюць у машыну, нейкія пажаданні кажуць, а ён стаіць і плача. Такім быў Іван Аляксандравіч — шкадаваў кожнага, хто трапляў у складаную сітуацыю.

Менавіта намаганнямі Людмілы Васільеўны, якая доўгі час загадвала мясцовай бібліятэкай, сабрана калекцыя прац мастака, для многіх з іх тут і цяпер найлепшы прыстанак. Бо распачатую ранейшай гаспадыняй чытальні справу ўдала працягвае яе паслядоўніца Ганна Сташэўская. Хаця яго карціны ёсць і ў мясцовай Лашанскай школе, у Уздзенскім музеі. А колькі эцюдаў, нацюрмортаў, замалёвак раздарыў мастак — не пералічыш!

Блізкія людзі, аднавяскоўцы, землякі натхнялі творцу ў яго галоўнай місіі, якую ён бачыў у тым, каб праз няхітры сюжэт, каларыт колераў распавядаць аб сялянскім жыцці. Пісаў з натуры, з захаваных у памяці эскізаў быцця. Браў заказы і ад Саюза мастакоў. Жыць жа трэба, а творчая праца была адзінай крыніцай яго даходаў, калі не лічыць хатнюю гаспадарку, якую сям’я вяла, як і ўсе ў вёсцы.

Між тым Іван Аляксандравіч ніколі не быў і не лічыў сябе «хутаранцам», гэткім затворнікам у выяўленчай творчасці. Да яго часта наведваліся калегі, раіліся, спрачаліся. А яшчэ і адпачывалі на беразе Лашанскага вадасховішча, якое, між іншым, падступае амаль да самага дома мастака. Наталіцца жывой энергетыкай возера, тутэйшых бароў ці лугоў не міналі магчымасці сябры Салаўя — мастакі Уладзімір Мінейка, Уладзімір Лагун.

Па сутнасці, на стаўленні Івана Аляксандравіча да тэмы прыроды, малой радзімы, ці, як кажуць у нашых месцах, дамоўкі, многія калегі, землякі правяралі сваю повязь з родным кутам, з клопатам пра яго. А яна даволі шырока раскрыта мастаком у яго пейзажах «Кліч аленя», «Ускраіна вёскі Баравыя», «Краявіды Загоршчыны», «Бярозавы вечар» і іншых.

Бясспрэчна, бацькава схільнасць да прыроды, яе прыгажосці паўплывала некалі і на выбар жыццёвай сцяжыны яго сынам Рыгорам, які меў усе шанцы пасля атрымання адукацыі застацца ў «моднай» прафесіі калійшчыка, але пераважыў сябе і стаў лесаводам, калі скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут. Доўгі час працаваў ляснічым Лашанскага лясніцтва. А цяпер і ўнук Івана Аляксандравіча Саша працягвае традыцыі сямейнай повязі з лесам, з прыродай, ён — інжынер-паляўнічазнаўца Уздзенскага лясгаса.

Сёлета мастак адзначыў бы свае 95-я ўгодкі. Шкада, што лёсам яму было наканавана пражыць толькі сем дзясяткаў гадоў. Але кожны з іх выпраменьваў святло і шчырасць, радасць штодзённа быць сярод сваіх. На жыццёвай дарозе яго заўжды прыязна віталі суседзі-аднавяскоўцы з Баравых, Лошы, больш далёкіх ваколіц. Гэтаксама ўспамінам пра Івана Аляксандравіча быў прасякнуты і нядаўні творчы пленэр на яго радзіме, у якім ўдзельнічалі мастакі — прафесар Яўген Шунейка, Мікалай Мішчанка, Хведар Ладуцька і Алесь Філіповіч. Калегі прайшлі сцяжынамі Салаўя, прайшлі ў патаемную казку прыгожых краявідаў, якую ён праз нястомную творчасць нёс усім нам. Зрабілі замалёўкі, а свае работы падаравалі Уздзенскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Аматар-краязнавец Васіль Лычкоўскі сабраў да гэтай падзеі альбом карцін мастака.

Варта таксама прыгадаць, што сваімі каранямі Алесь Філіповіч звязаны з Уздзеншчынай, і ў нечым паўтарае творчае крэда Івана Салаўя. Пікінуў мінскую кватэру, пераехаў у бацькоўскую хату ў вёсцы Куль, плённа працуе як пейзажыст. Няхай жа гэтая зямля будзе і яму прыдатным грунтам, на якім ажываюць святлом жывапісныя палотны.

Мікалай КАРОЛЬ

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter