Айчынныя ІТ-кампаніі выходзяць со сваімі прадуктамі на сусветны рынак

Пад наглядам спадарожнікаў

Стаўка на развіццё Беларусi як IT-краіны дае свой плён. У чым сакрэт? Расказваем на прыкладзе адной з нашых паспяховых кампаній.

Намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка нядаўна заявіў, што выручка ПВТ па выніках 2017-га складзе 1 мільярд долараў. Паводле яго слоў, гэта значна перавышае выручку прамысловых прадпрыемстваў краіны:

— Сучасны ПВТ — гэта парк, які паспяхова працуе і незалежна ад крызісных з'яў навокал кожны год прыбаўляе ў доларавым і рэальным эквіваленце.

І на самай справе. Многія IT-кампаніі прабіваліся на рынак без усялякіх прэферэнцый, проста з кожным годам паляпшаючы сваю працу. Напрыклад, беларуская гру­па кампаній Gurtam толькі-толькі адсвяткавала сваё 15-годдзе. Аднак у той самы ПВТ яна змагла ўступіць толькі летась, калі ўжо заваявала сабе імя і прызнанне на сусветным рынку.

Кампаніі-перавозчыкі па ўсім свеце выкарыстоўваюць беларускую праграму для сачэння за сваімі фурамі
фота Lexltd.com.ua

Калісьці трое хлопцаў-праграмістаў вырашылі, што хочуць працаваць на сябе. Яны адкрылі ІП і сталі прымаць заказы. Адна з праграм, якую яны стварылі для свайго кліента, стала ў выніку асновай іх далейшай працы. Яны зразумелі, што тэлематыка будзе прыносіць неблагі прыбытак. Хлопцы распрацоўваюць добры софт для GPS-маніторынгу, а ўладальнікі аўтапаркаў эканомяць на прастоях, адхіленнях ад маршруту і зліве паліва.

Сёння кампанія ў рэжыме рэальнага часу сочыць больш чым за 1,3 мільёна аўтамабіляў па ўсім свеце. Сузаснавальнік Аляксей Шчурко расказвае, што шмат у чым на рынку тэлематыкі іх стартап быў першым:

— Мы прапанавалі рашэнне ледзь не ў дзесяць разоў таннейшае: калі да нас кошт маніторынгу для аднаго аўтамабіля быў роўны прыкладна 200 еўра, то наша цана была 20 еўра. Акрамя таго, мы далі магчымасць нашым партнёрам, якія прадаюць рашэнне канчатковым карыстальнікам, зарабіць і пабудаваць бізнес: ад прыбытку яны атрымліваюць 80—90 працэнтаў, а не 10, як было прынята на рынку раней. І нарэшце, мы зменшылi залежнасць паміж брэндам і абсталяваннем: раней софт і абсталяванне былі непадзельныя, мы ж прапанавалі інтэгратарам устанаўліваць наш софт на рознае абсталяванне пад розныя праекты. Для галіны гэта быў прарыў. Мы таксама першымі зрабілі вэб-рашэнне, гэтыя тэхналогіі ў нашым бізнесе ніхто да нас не выкарыстоўваў.

Дарэчы, цяпер кошт сачэння за машынай яшчэ знізіўся — усяго 10 еўра ў месяц. Прычым распрацоўшчык атрымлівае з гэтага толькі 1—2 еўра, але ўсё роўна добра зарабляе. Хоць чыстых лічбаў ніхто не называе.

Праўда, таго, што распрацоўшчык ужо займае больш за 30% рынку маніторынгу транспарту ў СНД, хлопцам мала. Яны спрабуюць расці. І не толькі з праграмным забеспячэннем для сачэння за грузавым транспартам, але і з новымі напрацоўкамі. Ёсць паспяховыя праекты ў сельскай гаспадарцы, са службамі выратавання і хуткай дапамогі.

Яшчэ больш магчымасцей для сябе кампанія чакае ад прыняцця дэкрэта аб развіцці лічбавай эканомікі. Топ-менеджар групы кампаній Аляксандр Куўшынаў лічыць, што гэта адназначна станоўчы крок:

— І для нашай кампаніі ў тым ліку, таму што тэхналогіі прыйдуць у краiну. Будзе развівацца і рабочая сіла, і новыя напрамкі працы. Так, мы змаглі ўсяго дамагчыся і без гэтага, але паляпшэнне ўмоў для прыходу і адкрыцця IT-кампаній будзе развіваць дзяржаву.

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter