Пад музыку крылатых працаўнiц

Раскручвае сваю пружыну пчалярскi сезон. Як вольная хвiлiна – iмкнешся да сваiх крылатых працаўнiц, слухаеш iх музыку, глядзiш, каб патрапiць пад гэты рытм i нiчога не ўпусцiць. Толькi цi заўсёды гэта ўдаецца?

Раскручвае сваю пружыну пчалярскi сезон. Як вольная хвiлiна – iмкнешся да сваiх крылатых працаўнiц, слухаеш iх музыку, глядзiш, каб патрапiць пад гэты рытм i нiчога не ўпусцiць. Толькi цi заўсёды гэта ўдаецца? Якая складаная гэта навука – пчолы, быццам многае ведаеш, а паглядзiш – амаль нiчога. Вучыцца ды вучыцца! 

Куды  зляцела  пчалiная  сям’я? 

Неяк прыязджаю на дачу. Тут сустракае мяне яшчэ адзiн «пчалiны бацька» Генадзь Крыменя: «Твае пчолы пабралi ў мяне мёд... Тыдзень назад прыязджаў, падкормлiваў сiропам, а зараз – пусты вулей. Паглядзеў, твае нясуць вось у той крайнi блакiтны вулей». 

Я паглядзеў. Генадзь адкрыў крышку вулля — мёртвы домiк, было жыццё i няма яго. Дык куды ж падзелася сям’я? Каб зляцела да маiх пчол – гэта выключана, тыя не дазволяць. Недзе вычытаў, ды i больш вопытныя пчаляры пацвердзiлi: калi вулей перапоўнены кляшчом, яго насельнiкi могуць не вытрымаць i падацца, як кажуць, куды вочы глядзяць. А Генадзь, як высветлiлася, запазнiўся з апрацоўкай ад шкоднiка. Вось пчолы i падалiся ў «бягi»... Ну а калi ў вуллi мёд, яго хутка выявяць iншыя пчолы i перанясуць да сябе. Так што мае пчолы быццам бы вiнаватыя, да не зусiм. I не адны яны бралi, а i з iншых пчальнiкоў, якiх нямала на нашых дачах. 

Але ёсць i яшчэ адна версiя. Яе прытрымлiваецца вядомы пчаляр з Дзяржынскага раёна, мiж iншым, пастаянны аўтар урадавай «Рэспублiкi» Аляксандр Чурыла. Па яго меркаваннi, пчалiная сям’я сама па сабе магла звесцiся ў вынiку таго, што неставала пыльцы – пчалiнага хлеба — i не было маладога расплоду. Старыя пчолы адляталi i гiнулi ў дарозе, калi, так сказаць, прыйшоў iх час... 

Рой  ля  кватэры 

Памятаю, я знаходзiўся ў спальнi, а жонка рыхтавала вячэру на кухнi. Раптам клiча: «Паглядзi, нешта на нашай лiпе сядзiць, цi не пчалiны рой?» 

Я выскачыў на вулiцу: сапраўды, рой! Дзiва дый годзе, прама насупраць нашай кватэры. Не пашкодзiла б яго ўзяць. Але як? Узяўся мне дапамагаць ужо немалады чалавек, якi, як сказаў, меў справу з пчоламi. Палез на лiпу з вядром, пачаў венiкам зграбаць пчол у пасудзiну, а тыя як далi яму – куляй з таго дрэва: «А каб на вас лiха!..» Карацей, растрывожыў крылатых. Цяпер iх было не узяць, тым больш голымi рукамi. Праўда, сякая-такая частка пчол трапiла ў вядро, я абвязаў яго марлей i паставiў пад балкон з надзеяй, што i астатнiя сабяруцца. Аднак не атрымалася, бо асноўнае ядро i матка, вiдаць, знаходзiлiся на дрэве. 

Вырашыў дачакацца ранiцы, звязаўся па тэлефоне са знаёмым пчаляром з недалёкага Сычкава Анатолем Пыжам: маўляў, прыязджай хутчэй, пакуль рой не адляцеў. Той праз якiя чвэрць гадзiны i прыскочыў разам са сваiм братам. Ну яму пры ўсiх пчалярскiх даспехах нiчога не каштавала зняць рой. У раёўню ссыпалi i тых пчол, якiя знаходзiлiся ў вядры. Адвезлi на дачу. Да вечара ён там пастаяў, а потым я яго – у пусты вулей: «Абжывайся!» 

Праўда, баяўся, хоць бы рой выжыў. Таму ўсё рабiў, каб сям’я да зiмы больш-менш умацавалася: кармiў сiропам, падстаўляў рамкi з мёдам, а таксама з прыплодам. Адным словам, самая пiльная ўвага. 

Маладая пчоласям’я паспяхова вытрымала зiму. Вясной яшчэ падкармiў яе, даглядзеў як трэба. Спадзяюся, аддзячыць мядком! 

Галава  ты  мая,  галава... 

Анатоль Пыж, пра якога казаў вышэй, хоць па гадах адносна малады, але па пчалярскай практыцы сталы. Ён i сваiх пчол даглядаў, i ў доследным лясгасе ды шмат каму дапамагаў асвойвацца ў пчалярстве. 

Анатоль разоў колькi быў i на маiм пчальнiку, падказваў, нярэдка зазiраў у вуллi. З дымаром, але без ахоўнай маскi, з голай галавой. Кусане яго пчала-другая – ён нуль увагi, трохi гэткi фраераваты быў, але, як кажуць, да пары да часу... 

I вось аднаго разу Анатоль палез у вулей, як заўсёды, без маскi, важдаецца, перабiрае рамкi. Як раптам пчолы – на яго галаву. Ён давай страсаць, а яны з яшчэ большай упартасцю, ужо твар ледзь бачны. Нешта хоча сказаць, а не можа. Бяжыць да мяне: маўляў, дапамагай. А я не ведаю як. Спрабаваў венiкам збiваць пчол, дык яны – на мяне, ды такiя злосныя. Анатоль носiцца па пчальнiку з гэткай купай пчол на галаве. Як яго выручыць? «Бяжы, — крычу, — да вады!» I ён панёсся да блiжэйшага возера. Я – ўслед. Што з чалавекам будзе? Во запрасiў на сваю, дакладней, на ягоную галаву! 

Анатоль у чым быў, так i плюхнуўся ў тое возера. Пчолы быццам бы адхлынулi, але толькi ён  вынырне – яны зноў на яго. Так разоў колькi паўтаралася, пакуль тыя нарэшце не адляцелi... «Во было, — казаў, — дзесятаму закажу, як без маскi да пчол iсцi». 

Дык чым жа прыцягнула пчол ягоная галава? Можа, тым, што напярэдаднi мёдам частаваўся, а мо, наадварот, неспадабалася, што да чаркi прыклаўся. Хто ведае? Да гэтага часу выпадак застаецца загадкай. 

Канешне, Анатолю дасталося: пухлiна — на дзве галавы. Чым ён толькi не ратаваўся, але, да яго гонару, адышоў хутка. Я асаблiва быў рады гэтаму. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter