У Вялікі перадвелікодны пост уласная прадукцыя мадэрнізаванай вытворчасці Пастаўскага райспажыўсаюза ідзе нарасхват

Пад ляжачы яблык сок не цячэ

У Вялікі пост прадукцыя  Пастаўскага райспажыўсаюза ідзе нарасхват

РЭЗКА ўзрос попыт на фірменную прадукцыю пастаўскіх кааператараў і асабліва — квасільна-засолачнага цэха: памідоры зялёныя салёныя, агуркі марынаваныя, капусту квашаную. Каля рампы адгрузкі тавару можна ўбачыць нумары машын не толькі з розных гарадоў Беларусі, але і Расіі.



Начальнік участка Зоя Урандайкіна знаёміць мяне са шматлікімі рэцэптамі агуркоў салёных, памідораў, капусты квашанай, яблык мочаных. Робяць тут і салаты: моркву вострую, капусту з буракамі і яблыкамі. І працуюць па заяўках. Рэнтабельнасць вытворчасці па некаторых відах прадукцыі —  да 100 працэнтаў.

Квасільна-засолачны цэх, а па-сутнасці, невялікі завод, узведзены амаль з нуля па арыгінальным праекце, з венгерскім абсталяваннем. На другой лініі выпускаецца сок яблычны прамога адціскання абсалютна без усялякіх кансервантаў і вады.

Уся прадукцыя — з мясцовай сыравіны. Тыя ж яблыкі, якія ў іншых раёнах нярэдка прападаюць, пастаўскія кааператары ездзяць па вёсках і самі нарыхтоўваюць. Вясной заключаюць з фермерамі дагаворы на пастаўку агуркоў, памідораў, капусты. Дамаўляюцца ў першую чаргу са сваімі, мясцовымі. Але ёсць пастаянныя пастаўшчыкі і з іншых абласцей. Так, Станіслаў Ардзюк з Гродзенскай вобласці прывозіць гародніну нават сваім транспартам. Аблюбавалі гэта прадпрыемства і агурочнікі са Століншчыны.


Работнік квасільна-засолачнага цэха Вірга ГАЙЛЮН дэманструе прадукцыю з яблычным сокам

Гонар кааператараў — мадэрнізаванае сховішча для гародніны на 1200 тон. Палова яго адведзена пад бульбу, а ў другой захоўваюцца капуста, цыбуля, морква. 

Усе новабудоўлі ўзніклі па ініцыятыве старшыні Пастаўскага райспажыўсаюза, заслужанага работніка сферы абслугоўвання Арсенія Леўкаўца. Праўда, ён сам сабе ў заслугу гэта не ставіць. Маўляў,  мы нічога звышнатуральнага не зрабілі: проста вырашалі задачы, пастаўленыя кіраўніком нашай дзяржавы і Урадам па перапрацоўцы гародніны і садавіны. І ўсё ж такі асабіста Леўкавец аб’ездзіў шмат краін Еўропы і спыніўся на венгерскім варыянце, які прадугледжвае квашэнне, саленне, перапрацоўку без кансервантаў. Чыста натуральны прадукт! Адышлі ад традыцыйнай тары — слоіка. Цяпер — сучасная мяккая ўпакоўка. 

Пераабсталяванне правялі не толькі на квасільна-засолачным участку. У мясаперапрацоўчым цэху паставілі  аўстрыйскія камеры для вэнджання каўбас. Выпускаюць  экалагічна чыстую прадукцыю згодна з даўнімі беларускімі традыцыямі. Дзве печы замянілі на хлебазаводзе, і зноў-такі  пры выпечцы ўдалося ўзнавіць рэцэпты нашых продкаў: выкарыстоўваюць натуральную закваску, іржаны солад. У гэтым пытанні сур’ёзныя напрацоўкі з хлебапёкамі Латвіі. Абноўленае абсталяванне ў кандытарскім цэху дазволіла ў разы павялічыць яго магутнасць.

Адкуль у пастаўчан сродкі на мільярдную мадэрнізацыю? Палову з інавацыйнага фонду выдзеліў Белкаапсаюз, астатняе зарабілі самі, той жа вытворчасцю, узяўшы доўгатэрміновы крэдыт.

Як паведаміла дырэктар філіяла каапнарыхтоўпрамгандлю Пастаўскага райспажыўсаюза Еўдакія Скіндэр, толькі летась за экспарт уласнай прадукцыі было атрымана звыш мільёна долараў. Свае гандлёвыя пляцоўкі арганізацыя мае на “Чыжоўка- Арэне” і ў Палацы спорту ў Мінску,  іншых гарадах краіны.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter