Пад купалам славы

Канцэпцыю новага музея ВАВ заснавалі на «сцэнарыі» вайны

Канцэпцыя новага музея распрацавана на аснове «сцэнарыя» вайны

Новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны стане, бадай, самым значным аб’ектам, які адчыніць свае дзверы ў Мінску ў гэтым годзе. Ужо сёння відаць, што гэта будзе велічная пабудова: промні — сімвалы ваенных салютаў прыцягваюць увагу здалёк. Чым музей здзівіць унутры? Віртуальную экскурсію правёў дырэктар музея генерал-маёр запасу Мікалай Скобелеў.

Пачнём з пытання, якое ветэраны вайны задалі адразу, калі пачулі пра будаўніцтва новага музея: ці не зменшацца яго памеры? Кіраўніцтва ўпэўнена адказвае: «Не!» Агульная плошча комплексу складзе каля 15 тысяч квадратных метраў. Для параўнання: гэта прыкладна столькі ж, як у Палацы Рэспублікі. Вядома, пад выставу будзе адве¬дзена толькі частка тэрыторыі: без дапаможных службаў функцыянаванне такой установы немагчыма. Але з упэўненасцю можна сказаць, што плошча пастаяннай экспазіцыі будзе на дваццаць працэнтаў больш, чым у старым будынку. Гэта значыць, што колькасць прадстаўленых экспанатаў таксама ўзрасце.

Дарэчы, пры праектаванні экспазіцыі ўлічваліся і меркаванні ветэранаў. Яны, як ніхто, хварэюць за тое, каб памяць пра вайну не згасла. А навуковую канцэпцыю складалі, абапіраючыся на вопыт вядучых музеяў Расіі, Украіны, Германіі, Францыі, Славакіі і Польшчы.

— Сёння ў экспазіцыі музея храналагічныя рамкі вызначаюцца 1941—1945 гадамі. Згодна з новай канцэпцыяй яны будуць пашыраны, — гаворыць Мікалай Скобелеў. — Гэта тлумачыцца неабходнасцю паказаць прычыны Другой сусветнай вайны, а таксама прадставіць матэрыялы першых пасляваенных гадоў аднаўлення, каб паказаць, як хутка беларускі народ падняў параненую вайной краіну з руін, што, пагадзіцеся, таксама можна лічыць подзвігам нашых людзей.

Аўтары праекта на чале з лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктарам Крамарэнка прадугледзелі так званую драматургію музея. Асобныя яго часткі будуць увасабляць розныя этапы і аспекты вайны. Такім чынам, наведвальнікі паступова «пражывуць» тыя падзеі з першага да апошняга дня. Ужо пабудаваны чатыры манументальныя блокі залаў: кожны з іх сімвалізуе адзін з цяжкіх гадоў вайны. Разам з тым усе блокі зліваюцца ў адзіную кампазіцыю, вянчаць якую будзе празрысты купал дыяметрам 22 метры. Усе залы размесцяцца па радыусе і будуць зарыентаваныя на абеліск. Паміж імі будзе прастора, праз якую відаць помнік. Гэта зроблена наўмысна, каб кожны наведвальнік псіхалагічна адчуваў Перамогу.

Мікалай Вітальевіч робіць акцэнт на ўнікальнай экспазіцыі «Дарога вайны». Гэта самая буйная зала, плошчай больш за тысячу «квадратаў», дзе будуць размешчаны два дзясяткі адзінак баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення: самаходныя ўстаноўкі, зенітныя і артылерыйскія прылады, палявая кухня, мінамёты і г.д. Несумненна, гонарам музея можна лічыць нямецкі танк Т-3, корпус якога сапраўдны.

— У мастацкім афармленні шырока будзе выкарыстоўвацца рэканструкцыя падзей, — гаворыць дырэктар. — Галоўная задача — стварэнне ўмоў максімальнага паглыблення наведвальнікаў у гістарычнае асяроддзе.

Напрыклад, возьмем экспазіцыю, якая будзе знаёміць з партызанскім рухам. Людзі будуць мець магчымасць прайсці па лясных масівах і беларускіх вёсках, зазірнуць у лагер, паглядзець, чым жылі нашы вызваліцелі.

Вядома, сучасны музей немагчымы без тэхнічнай падтрымкі. Новыя тэхналогіі дапамогуць больш эмацыянальна ўспрымаць па¬дзеі вайны. Сучасныя аўдыя- і відэасродкі «заіграюць» гукамі, шумам, музыкай; будуць дэманстравацца дакументальныя кадры, даведачныя матэрыялы. Тэкставую інфармацыю можна бу¬дзе знайсці ў інфатэрміналах.

Значную колькасць наведвальнікаў, прагназуюць у музеі, прыцягнуць заняткі ў музейна-педагагічных станцыях. Што гэта такое? Асноўныя іх функцыі — мемарыяльна-захоўваючая, асветніцка-адукацыйная і духоўна-маральная. Прадугледжаны тры такія станцыі: у залах «Дарога вайны», «Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі» і «Нашчадкі Вялікай Перамогі».

Пра канцэпцыю абноўленага музея можна расказваць доўга. Яшчэ нейкіх паўгода, і мы ўсё ўбачым сваімі вачыма. Відавочна адно: музей Вялікай Айчыннай вайны патрэбен народу. У пацвярджэнне інфармацыя для скептыкаў: назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту колькасці наведвальнікаў, калі пяць гадоў таму было зарэгістравана 172 тысячы, то ў 2012-м — ужо 235 тысяч. Няма сумненняў, што ў перспектыве гэта лічба будзе яшчэ большай. 

--------------------------------------

Дарэчы

Музейны збор з’яўляецца нацыянальным помнікам гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Зараз ён складаецца з 28 калекцый і налічвае больш за 107 тысяч прадметаў і 36 тысяч адзінак захоўвання фонду навукова-дапаможных матэрыялаў. Кожны год фонды папаўняюцца на 700—800 музейных прадметаў.

--------------------------------------

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter