Кулінарны талент і гаспадарчы спрыт прадэманстраваў міністр культуры Барыс Святлоў на фестывалі “Яблычны Спас” у Алашках

Пад кронамі Сікораўскага саду

На фестывалі «Яблычны Спас» у Алашках на Шаркаўшчыне міністр культуры навучыўся пячы бліны на калодзе, а госці з Латвіі і Пскоўшчыны здзівілі традыцыяй маляваных дываноў
КАЛІ 20 гадоў таму ў вёсцы Алашкі адкрыўся мемарыяльны Музей знакамітага садавода-аматара агранома Івана Сікоры, адразу ж з’явілася ідэя жнівеньскага свята. Назва нарадзілася сама сабой. “Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка”. А галоўны сэнс фэсту — падчас народных гулянняў у ваколіцах сядзібы знакамітага земляка творчыя жыхары Шаркаўшчыны прадстаўляюць у шырокім фармаце здабыткі народнай культуры рэгіёна. У мінулым годзе мясцовы “Яблычны Спас” уключылі ў праграму фестывалю інтэрнацыянальнай дружбы “Беларускае лета-2016” як адно з найбольш прывабных і відовішчных культурных праектаў сезона. На самабытным свяце ў вёсцы Алашкі пабываў карэспандэнт “СГ”.

Госці свята — ансамбль «Журавушка».

СЁННЯ Алашкі ўяўляюць сабой невялічкі населены пункт у 25 кіламетрах ад райцэнтра. Знайсці дарогу да яблычнай сталіцы Шаркаўшчыны дапамагаюць шматлікія ўказальнікі з выявай фестывальнага сімвала.

У цэнтры вёскі вакол Музея беларускага Мічурына, як часам у народзе называюць Івана Сікору, раскінуўся шыкоўны гібрыдны яблыневы сад. Такі падарунак ён пакінуў у спадчыну аднавяскоўцам і землякам. Дарэчы, як высветлілася яшчэ па дарозе да месца фестывалю, гэты год на Шаркаўшчыне не такі ўраджайны на яблыкі, як мінулыя. Тым не менш гэты фэст стаў самым маштабным за ўсю гісторыю правядзення. Да музычных калектываў з раёна і суседніх рэгіёнаў далучыліся госці з Латвіі і Пскоўшчыны.

Вольга БЕЛАСЛУТЦАВА працуе ўтэхніцы «Маляваныя дываны».

Дэлегацыі, якія трапілі на фэст, гасцінныя шаркаўшчынцы сустракалі караваем і песняй. Міністр культуры Барыс Святлоў пазнаёміўся ў музеі з жыццём і навуковай спадчынай Івана Сікоры, ахвотна прыняў удзел у конкурсах і святочных забавах. Барыс Уладзіміравіч не горш за сельскага працаўніка справіўся з касой, змог запрэгчы каня і напячы на калодзе бліноў. Дарэчы, старадаўнюю традыцыю адрадзілі дасціпныя жыхары вёскі Радзюкі. Удзельнікі клуба радзюкоўскай нацыянальнай кухні частавалі гасцей не толькі блінамі, але і іншымі апетытнымі прысмакамі па рэцэптах сваіх бабуль. Барыс Святлоў пасля бліннага марафону нагадаў:

— Я заўжды звяртаю ўвагу кіраўнікоў, якія стаяць на чале культуры ў рэгіёнах, на стварэнне арыгінальных фестываляў, форумаў. У кожным раёне ёсць што паказаць і чым здзівіць. Вось і на Шаркаўшчыне сваю разыначку знайшлі. Такое свята павінна быць прывабным для турыстаў. Вось мне давялося ўпершыню пячы бліны на калодзе. Дома абавязкова здзіўлю жонку кулінарным спрытам.

Барыс СВЯТЛОЎ паказвае майстар-клас па касьбе.

Шматгранны талент дэманстравалі мясцовыя майстры на сваіх творчых пляцоўках, далучалі народ да сакрэтаў самабытнай справы. Галоўная адметнасць Шаркаўшчынскага дома рамёстваў — адраджэнне традыцыі маляваных дываноў. З унікальнай тэхнікай народ знаёміла маладая мастачка Вольга Беласлутцава.

ФОРУМ аб’яднаў не толькі творчыя сілы, але і стаў падмуркам для замацавання эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі. З гэтай нагоды тут адбылася цырымонія падпісання пагаднення з удзелам прадстаўнікоў раённай улады Шаркаўшчынскага, Полацкага, Міёрскага і Ушацкага раёнаў аб падтрыманні ініцыятывы “Мэры за эканамічны рост”. Згодна з гэтым праектам Еўрапейскага саюза, кіраўнікі раёнаў абавязаліся садзейнічаць развіццю асабістай ініцыятывы, а таксама эканамічным праграмам, накіраваным на паляпшэнне якасці жыцця жыхароў сваіх рэгіёнаў.

Цырымонія падпісання пагаднення«Мэры за эканамічны рост».

 У канцэртнай праграме, якая традыцыйна праходзіла пад густымі шатамі яблыневага саду, прынялі ўдзел каля 20 калектываў. Выканаўцаў і гасцей вітаў кіраўнік раёна Дзмітрый Ламака: “Такія святы, як Яблычны Спас, даюць магчымасць кожнаму з нас успомніць аб сваіх каранях, садзейнічаюць адраджэнню традыцый продкаў, служаць захаванню і ўмацаванню сямейных каштоўнасцей”.

Менавіта таму тут праводзяць конкурс “Уладар сяла”. Яго ўдзельнікі — лепшыя маладыя сем’і, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы раёна. За імі будучыня краю.

Удзельнікі конкурсу «Уладар сяла».

У гэтым годзе за тытул лепшых гаспадароў змагаліся 8 сямейных каманд: дэманстравалі хуткасць і спрыт па выкананні розных гаспадарчых спраў — касілі, запрагалі коней, распавядалі пра свае захапленні. Сярод прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў перамога дасталася мнагадзетнай сям’і Молакавых, якія працуюць у ААТ “Жвіранка”. Сям’я прадставіць раён на абласным спаборніцтве. У якасці падарункаў гаспадары атрымалі бытавую тэхніку, грашовую прэмію і цяля. А сярод гараджан першае месца атрымала сям’я Ракітка.

ДА сямі гадзін вечара ў Алашках ліліся мілагучныя спевы фальклорных калектываў вобласці, а завяршылася свята маладзёжнай вечарынай Apple Danse з удзелам вакальна-інструментальных ансамбляў з Беларусі і Латвіі.

andryxxxz@gmail.com

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter