Пад гукi фанфар старажытных...

«Музы  Нясвiжа»  прыгадалi  каралеўскiя  паляваннi  ў  Белавежскай  пушчы

«Музы  Нясвiжа»  прыгадалi  каралеўскiя  паляваннi  ў  Белавежскай  пушчы 

Свята мастацтваў «Музы Нясвiжа-2008» тры днi панавала ў старажытным горадзе. Сёлета яно ладзiлася ў трынаццаты раз i  прысвячалася 600-годдзю Белавежскай пушчы — унiкальнага прыроднага помнiка, занесенага ў Сусветны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА, якое неўзабаве будзе адзначацца славянскай i еўрапейскай  супольнасцю. 

— Для Беларусi Белавежская пушча — не проста грандыёзны запаведнiк. Яна заўсёды была i застаецца сiмвалам велiчнасцi i багацця айчыннай гiсторыi, што лучыць народы i краiны, што сцвярджае iдэалы годнасцi i прыгажосцi, адзiнства прыроды i чалавека, — гаворыць нязменны мастацкi кiраўнiк i iнiцыятар свята «Музы Нясвiжа» народны артыст Беларусi Мiхаiл Фiнберг. 

«Пушчанская» тэма i звязаная з ёй абавязковая «паляўнiчая» прысутнiчалi ва ўсiх iмпрэзах свята. А яго апафеозам стала выступленне камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, падчас якога прагучалi лепшыя ўзоры беларускай музыкi, пачынаючы з 15-га стагоддзя i да нашых дзён. Адметная рыса канцэрта — удзел у iм Дзяржаўнага камернага хору, а таксама самадзейнага гурту «Бекас» з Драгiчына, музыканты якога збiраюць i выконваюць старажытныя паляўнiчыя фанфары. Упрыгожыла праграму i выступленне стыпендыята Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi скрыпача Арцёма Шышкова — новага салiста Нацыянальнага канцэртнага аркестра. 

Тэатральнай старонкай «Муз Нясвiжа» стаў спектакль Мiнскага абласнога драматычнага тэатра, мастацкай — адкрыццё выставак знакамiтага беларускага майстра пэндзля Уладзiмiра Тоўсцiка i юных аматараў малявання з Мазыра. Навукова-практычная канферэнцыя, якая традыцыйна папярэднiчала святу, на гэты раз сабрала вядучых музыказнаўцаў краiны, якiя паспрабавалi акрэслiць галоўныя набыткi нацыянальнага музычнага мастацтва за шэсць мiнулых стагоддзяў. Яшчэ адна цiкавая падзея — музычная асамблея i выступленне лаўрэатаў мiжнародных конкурсаў выканаўцаў на медных духавых iнструментах. Гэта унiкальныя музыканты, гаворыць пра iх маэстра Фiнберг, а разам з тым адзначае, што сёння iснуе сур’ёзная праблема: прафесiя музыканта-духавiка становiцца рэдкасцю, фагатыстаў, габаiстаў не хапае, але i жадаючых вучыцца iграць на гэтых складаных iнструментах не шмат, а то i зусiм няма. Пытаннi развiцця беларускай выканальнiцкай школы на медных духавых iнструментах якраз i абмяркоўвалiся на асамблеi, удзел у якой разам з беларускiмi музыкантамi прынялi госцi са Швецыi. 

Дарэчы, пра гасцей. Сёлета яны завiталi да «Муз Нясвiжа» з Iталii i Германii. Свята мастацтваў пашырае свой дыяпазон. Як паведамiў Мiхаiл Фiнберг, надалей вырашана праводзiць яго ў новым фармаце. З наступнага года падчас канцэртаў разам з беларускай старажытнай i сучаснай музыкай будуць выконвацца i лепшыя творы кампазiтараў iншых краiн, нагадваючы пра колiшнюю славу Нясвiжа як цэнтра музычнай культуры Еўропы. 

Дададзiм, што «Музы Нясвiжа» — адно з дзесяткаў свят мастацтва, якiя з падтрымкай мясцовых улад i Мiнiстэрства культуры штогод ладзiць у так званых малых гарадах краiны заслужаны калектыў  Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга. 

На здымку: сола Арцёма Шышкова з камерным аркестрам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Валерыя САРОКI.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter