Пад гукі віяланчэлі

У беларускай сталіцы завяршаецца кінафестываль «Лістапад»

У беларускай сталіцы завяршаецца «Лістапад»

Цырымонія закрыцця XIX Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лiстапад» стане яркай успышкай не толькі для прыхільнікаў кіно, але і для аматараў музычнага мастацтва, паведамілі «Р» арганізатары кінафоруму. Вечар на сцэне Малой залы Палаца Рэспублікі пройдзе пад жывую ігру віяланчэліста Барыслава Струлёва — знакамітага расійскага музыканта, які вядзе шырокую канцэртную дзейнасць у многіх краінах свету, з поспехам выступае на дзясятках вядучых музычных пляцовак, супрацоўнічае з многімі вядомымі аркестрамі і салістамі.

Пад акампанемент яго ўнікальнай віяланчэлі работы італьянскага майстра канца 18 стагоддзя Луіджы Пьяцелліні перад гледачамі разгорнецца эксклюзіўнае шоу са спалучэннем віртуознай ігры музыканта, брэйк-данса, харэаграфіі, гімнастыкі, а таксама выступленняў беларускіх артыстаў.

На сцэну выйдуць сем пар вядучых, сярод якіх новыя госці фестывалю Дзмітрый Харацьян, Марат Башараў, Ада Рогаўцава, а таксама вядомыя беларускія актрысы тэатра і кіно Святлана Сухавей, Зоя Белахвосцік, Вера Палякова, кінарэжысёр Алена Турава....

У ходзе цырымоніі будуць агучаны імёны пераможцаў асноўнага конкурсу ігравога кіно. Нагадаем, на працягу фестывальнага тыдня ўдзел у ім прымалі трынаццаць карцін з розных краін. Конкурснае міжнароднае журы кінематаграфістаў сёлета ўзначальвае знакаміты расійскі кінарэжысёр Андрэй Звягінцаў. Сваіх уладальнікаў чакаюць Гран-пры «Золата Лістапада» за лепшы фільм, прызы за лепшую рэжысуру і за лепшую аператарскую работу.

Карцінай закрыцця кінафоруму «Лістапад-2012» стане стужка «Каханне» аўстрыйскага рэжысёра Міхаэля Ханеке, адзначаная Залатой пальмавай галінкай на сёлетнім Канскім міжнародным кінафестывалі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter