Пад гадзiннiкам, ля Чырвонай вежы

Вулiчныя цыферблаты – своеасаблiвая вiзiтоўка Бабруйска

Вулiчныя цыферблаты – своеасаблiвая вiзiтоўка горада

Гадзiннiкi на вакзалах, у аддзяленнях сувязi, на гарадскiх вулiцах… Мы прызвычаiлiся да iх, нiбы да нечага добра знаёмага, i яны становяцца неад’емнай часткай жыцця.

Гадзiннiк на Чырвонай вежы ў Бабруйску адлiчвае час з пачатку апошняга дзесяцiгоддзя. А раней? Стаяла вежа, адслужыўшы свой век, пакуль у кiраўнiка гарадскога “Водаканала” Алега Цiтова не выспела iдэя ператварыць яе ў нешта накшталт рэстарана цi гандлёвай кропкi. Задумалi – зрабiлi! “I ўсё ж чагосьцi ёй не хапала, — расказвае Алег Валянцiнавiч. – Ну канешне ж, гадзiннiка, якi можа стаць вiзiтоўкай!..”

Змайстравалi цыферблат, унутраную начынку прывезлi з Санкт-Пецярбурга. Сабралi гадзiннiк i прымацавалi на верхняй частцы вежы. Някепска атрымалася.

З той пары Чырвоная вежа стала адным з любiмых месцаў адпачынку гараджан, а гадзiннiк, якi бачны здалёк, ператварыўся ў сiмвал:

— Дзе сустрэнемся?

— Пад гадзiннiкам, ля Чырвонай вежы!

Свая гiсторыя з’яўлення i ў гадзiннiка на будынку аўтавучэбнага камбiната. Раней там быў праём накшталт байнiцы, i кiраўнiцтва арганiзацыi вырашыла закрыць яго гадзiннiкам даволi значных памераў. Цяпер iншая справа! Хто iдзе, абавязкова кiне на яго позiрк, зверыць час. Цыферблат добра ўпiсаўся ў будынак арыгiнальнай архiтэктуры.

А ўсiм гадзiннiкам гадзiннiк той, што ўстаноўлены на будынку заводаўпраўлення “Белшына”. Ён паказвае i час, i тэмпературу паветра. Размешчаны на самай верхатуры, павернуты да бойкай аўтамагiстралi. Адным словам, i ўпрыгажэнне, i карысная рэч.

Вулiчныя гадзiннiкi – гэта не толькi цыферблат, але i гiганцкiя табло, на якiх адсвечваюць лiчбы. Напрыклад, прыватнае прадпрыемства “Iмiдж” свае рэкламныя пляцоўкi дапаўняе гадзiннiкамi. Здавалася б, навошта? Паводле слоў дырэктара Мiхаiла Мароза, гэта i рэкламны бок справы, i фiнансавы. Справа ў тым, што падобны рэкламны шчыт на чвэрць менш абкладваецца падаткамi, чым звычайны.

У вытворчай фiрме “Барро” распрацоўваюць гадзiннiк для ўстаноўкi на прахадной. Ён будзе i час паказваць , i тэмпературу паветра, i паведамляць аб важных датах. Задума цiкавая.

А круглы цыферблат пры ўваходзе ў галоўны гарадскi паштамт ужо адслужыў свой век. Колькi ён тут быў? “Ды столькi, колькi я працую ў гэтай установе, — расказвае адна са старэйшых работнiц паштамта Соф’я Булах. – Iдзеш, бывала, на працу — кiнеш позiрк на яго, вяртаешся дамоў — кiўнеш: “Да заўтра”. А тут гадзiннiк пачаў даваць збой, знасiўся за гады. Як нi спрабавалi мясцовыя ўмельцы рэанiмаваць яго, нiчога не атрымалася. Вымушаны былi дэман-цiраваць. Колькi пасля зваротаў было да кiраўнiцтва ўстановы: “Куды падзеўся гадзiннiк?” Улiчваючы гэта, вырашылi ў перспектыве набыць новы…

Спытайце ў гараджан пра iншыя гадзiннiкi, i яны назавуць тыя, што вiсяць пры ўваходзе ва унiверсам “Ластаўка”, у двары так званага генеральскага дома, збудаванага ў пасляваенны час, на калгасным рынку, i iншыя.

Здаецца, простая рэч — гадзiннiк, а ён не толькi часцiнка нашага жыцця, але яшчэ i рэлiквiя, сведка гiсторыi. Адлiчвае i адлiчвае нам час… Хай iдзе i не спыняецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter