Уладзімір Макей заклікае беларусаў замежжа садзейнічаць захаванню суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы

Пад дахам дома свайго

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заклікае беларусаў замежжа садзейнічаць захаванню суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы
МІНІСТР замежных спраў Уладзімір Макей заклікае беларусаў замежжа садзейнічаць захаванню суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы.

Учора ў Мінску адбылося другое пасяджэнне кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС. 

Сюды з’ехаліся нашы былыя суайчыннікі з Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Іспаніі і многіх іншых краін, каб пры ўдзеле і падтрымцы галоўнага замежнага палітычнага ведамства краіны абмеркаваць напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку па пытаннях фінансавання мерапрыемстваў, садзейнічання культурным, адукацыйным абменам (адзін з нядаўніх станоўчых прыкладаў — адкрыццё класа беларускай мовы і літаратуры ў адной са школ ЗША).

— Усе мы жывём у вельмі складаны час, і наша агульная з вамі задача ў тым, каб зрабіць усё магчымае для захавання нашай краіны, каб яна захавала сваю самастойнасць, суверэнітэт і дзяржаўнасць. Я лічу гэта самай галоўнай задачай. Мы павінны зрабіць усё, каб наша дзяржава мацнела і квітнела, — звярнуў увагу ўдзельнікаў кансультатыўнага савета Уладзімір Макей.

Сёння няпросты час. Краіны свету, і Беларусь не выключэнне, сутыкаюцца з рознымі пагрозамі і выклікамі. Тэрарызм, міграцыя, рост ваеннай актыўнасці, наступствы фінансава-эканамічнага крызісу. “Наш Урад спрабуе выпрацаваць тыя крокі, якія маглі б не дапусціць пагаршэння фінансава-эканамічнага становішча нашага народа, — сказаў міністр. — Менш чым праз тыдзень у Беларусі пройдуць парламенцкія выбары. Гэта вельмі важная палітычная падзея. Я ўпэўнены, што будзе сфарміраваны новы Парламент, які зробіць усё для таго, каб наша краіна і надалей развівалася".

Тым часам МЗС падтрымлівае ідэю стварэння ў Мінску Беларускага дома. Такую прапанову ўнёс адзін з членаў кансультатыўнага савета. Такія структуры паспяхова функцыянуюць у многіх суседніх з Беларуссю краінах. Паводле слоў Уладзіміра Макея, гэта прапанова яшчэ патрабуе ўдакладнення і дэталёвай прапрацоўкі: «Мы зробім усё магчымае, каб рэалізаваць гэтую вельмі цікавую ідэю".

P.S. Эксклюзіўныя інтэрв`ю з беларусамі замежжа, удзельнікамі кансультатыўнага савета ў МЗС, чытайце ў бліжэйшых нумарах "СГ".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter