Як у Лепелі будуюць сацыяльнае жыллё за кітайскія грошы

Пад дахам дома свайго

Кожны год ужо на працягу дзесяцігоддзя ў Лепелі ўзводзіцца па два шматкватэрныя дамы. Тэмп і дынаміку ў горадзе зніжаць не збіраюцца. Пра тое, дзякуючы чаму гэта магчыма, карэспандэнту «Р» расказаў намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ.

Пяць — максімум столькі паверхаў у шматкватэрных дамах будуюць у Лепелі. Красуюцца новабудоўлі па ўсім горадзе. Штогод здаюць па два пяціпавярховыя будынкі. У асноўным узводзяць іх за кошт ільготных крэдытаў для насельніцтва, за ўласныя сродкі грамадзян і аблвыканкама, а яшчэ дзякуючы інвестыцыям. Вось, напрыклад, адразу са студзеня пачалося будаўніцтва так званага кітайскага дома, які, па планах, здадуць у карыстанне ўжо ў верасні. Падрабязнасцямі дзеліцца Аляксандр Шыдлоўскі:

— Прапанова паступіла ад Віцебскага аблвыканкама ў 2015 годзе: зрабіць праектную дакументацыю на будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома для дзяцей-сірот, людзей з інваліднасцю і шматдзетных сем’яў, якое прафінансуе Кітай. Мы дакументы падрыхтавалі, аддалі на ўзгадненне дзяржаўнай экспертызы, пасля накіравалі ў Кітай, затым праект прайшоў узгадненне ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва нашай краіны. У выніку ўзвядзенне дома прызначылі на пачатак 2017 года. Адразу два дамы, якія пабудавалі дзякуючы інвестыцыям, з’явіліся на вуліцах Калініна і Леніна. 

Зараз у чарзе на сацыяльнае жыллё ў Лепелі стаяць 190 чалавек. І ўсе яны заселяцца ў новы шматкватэрны дом. Так, яшчэ застанецца невялікая чарга за жыллём, але ўсе асноўныя пытанні будуць закрытыя ў бліжэйшай будучыні.

— У гэтым доме будзе пяць аднапакаёвых кватэр, трыццаць двухпакаёвых і пяць трохпакаёвых, — працягвае Аляксандр Аляксандравіч. — Двухпакаёвыя кватэры будуць падзелены па адным пакоі, каб у іх пражывалі дзеці-сіроты. Усяго 65 такіх дзяцей атрымаюць новыя сацыяльныя кватэры. Трохпакаёвыя размяркуюць для шматдзетных сем’яў. Зараз усімі гэтымі пытаннямі займаецца аддзел ЖКГ.

Кошт такога дома складае 2,7 мільёна рублёў. Ужо зараз зроблена ўся інжынерная інфраструктура для яго: падведзены сеткі цеплазабеспячэння, водазабеспячэння і іншае. Заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама». Забудоўшчыкам выступае Лепельская ПМК-75, у якой працуе каля 120 чалавек. Дарэчы, у Лепелі менавіта гэтая арганізацыя апошнія дзесяць гадоў займаецца будаўніцтвам. Так што без справы не сядзяць.  

У Лепелі пражываюць каля 18 тысяч чалавек. Некаторым з іх патрэбна новае жыллё

— У гэтым годзе, акрамя дома, пабудаванага за кошт кітайскага фінансавання, мы ўзвядзём яшчэ адзін саракакватэрны дом. Ён будзе ўзводзіцца за кошт ільготных крэдытаў грамадзян, уласных сродкаў. Сярэдняя цана за квадратны метр у Лепелі — 800—900 рублёў. У далейшым плануем будаваць шасцідзесяцікватэрныя дамы, стакватэрныя. Вось на 2019 год таксама запланавана будаўніцтва яшчэ двух дамоў. Тэмп мы не зніжаем, — рэзюмуе намеснік старшыні райвыканкама.

Дарэчы, жыллё, падобнае на тое, будаўніцтва якога фінансуецца за кошт кітайскіх інвестыцый, у Лепелі ўжо ёсць. Анала
гі з’явіліся некалькі гадоў таму на вуліцах Войкава, Савецкай і ў завулку Ялугіна. У дамах у асноўным пражываюць тыя, хто мае патрэбу ў пашырэнні жылплошчы, а таксама сем’і ваенных. Для апошніх нядаўна адрамантавалі сямідзесяцікватэрны дом у вёсцы Заслонава, дзе знаходзіцца вайсковая часць. Там цяпер таксама рэканструююць яшчэ адзін. Калі яго прывядуць у парадак, людзі, якія стаяць у чарзе на жыллё, атрымаюць доўгачаканыя кватэры.

alinakasel@gmail.com 

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter