Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У чэшскай Празе 500 гадоў таму, 6 жніўня 1517-га, першадрукар і асветнік Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу “Псалтыр” на старабеларускай мове

Пад аховаю Скарыны

У Беларусі ды розных краінах замежжа, у тым ліку й па лініі ЮНЕСКА, шырока адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Мне ж згадваюцца 500-я ўгодкі самога вялікага Палачаніна, якія ў нашай краіне адзначаліся ў 1990 годзе. Да юбілею я ўкладаў зборнік “Падарожная кніжка Скарыны” (“Юнацтва”, 1990). Гэта была своеасаблівая згадка пра “Малую падарожную кніжку”, выдадзеную Францыскам Скарынам у Вільні (1522). Вялікую дапамогу аказала мне ва ўкладанні тома бібліёграф, скарыназнаўца Валянціна Нікіфараўна Дышыневіч.

В. Дзевіскіба. Францыск Скарына
Больш за сто аўтараў тады ўдалося сабраць пад адной вокладкай. То былі ўхваленні высакародных памкненняў Францыска Скарыны — і ў  выказваннях вучоных, і ў творах пісьменнікаў, прысвечаных гуманісту і асветніку. Чытачы пазнаёміліся таксама з арыгінальнымі вершаванымі тэкстамі першадрукара да яго біблейскіх кнігаў, з асноўнымі фактамі жыццядзейнасці слаўнага Палачаніна. Кніга была прыхільна сустрэта грамадскасцю, а я ў хуткім часе быў ушанаваны медалём Францыска Скарыны (у 1991 годзе).

У кожнага з нас, пэўна, свой шлях да Скарыны. Мая прыхільнасць да земляка-падзвіжніка, набытая ў 1960-х пры азнаямленні з ягонай спадчынай у Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва, натхняла на ўсё новыя здзяйсненні. У 1994-м у серыі “Школьная бібліятэка” выйшла ўкладзенае мною выданне “Слаўны сын Беларусі: Кніга пра Скарыну”. Адкрывалася ж яна прадмовай “Людзі прадвесня” сёлетняга юбіляра, прафесара Адама Мальдзіса (які, дарэчы, нарадзіўся 7 жніўня — на другі дзень пасля выхаду першадрука, толькі ў 1932-м...). А далей на 254-х старонках — аповесці, апавяданні, вершы, прысвечаныя Скарыну. І дзесяць старонак займалі ёмкія, вобразныя выказванні вучоных, пісьменнікаў, дзеячоў культуры.

Асобны раздзел прысвячаўся паслядоўнікам слаўнага сына Беларусі, былі прадстаўлены творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Алеся Дудара, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Клышкі, Янкі Купалы, Алега Лойкі, Алеся Салаўя, Фёдара Янкоўскага, Ігната Дварчаніна. Згадваюцца дзве сустрэчы з пісьменнікам Вячаславам Адамчыкам на той самай знакамітай Лысай Гары: дзе й цяпер лецішчы літаратараў. Зноў углядаюся ў акуратны почырк з прыпіскай: “Сяргею Панізьніку для зборніка пра Скарыну”. Тыя восем радкоў узвышаюць душу і сёння: “За Скарынаю стаіць яшчэ нераспазнаны і неацэнены да канца свет яго разнастайнай дзейнасці і ведаў, але тое, што мы спасягнулі, што дайшло да нас і да чаго мы прычыніліся, ужо дазваляе нам падаць руку роўнасці ўсведамлёнай і культурнай Еўропе. Вячаслаў Адамчык. 12.VІІ.1989”.

У 1999 годзе на сваёй не “малой” радзіме, а вялікай я заснаваў краязнаўчы музей. І многія літаратары пакінулі дарчыя надпісы на кнігах для абодвух — на Дзвіне — створаных мною музеяў. Водгукі тыя сабраны і ў новай кнізе-альбоме “Аўтографы з кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960—2011). Гэтае ўнікальнае сямейнае выданне я разносіў па Мінску, перасылаў знаёмым. Дык вось, у 2000-м, у знакавы для заходнебеларускага жыхара дзень 17 верасня Вячаслаў Уладзіміравіч, сам з заходнікаў, перадаў мне сваю кнігу “Яблык спакусы” з аўтографам. Для мяне гэта быў, аказваецца, амаль развітальны з паважаным аўтарам дзень: 5 жніўня 2001 года яго не стала. Але і кнігі, і Слова майстра застаюцца з намі.

Вось гэтая жывучасць слова беларускага, якому не раз прадракалі хуткі скон, і натхніла мяне на верш “Павяленнем, працаю і  выкладам…” з эпіграфам ад эгрэгіуса (у перакладзе з лаціны: шаноўны, слаўны) Францыска Скарыны: “Каб мы… усялякага труда і скарбу для паспалітага дабра і для Айчыны не шкадавалі…”. А верш мой такі: “Слаўлю, гордыя словы, незгасальны ваш лад!/ Наглуміліся з мовы каля тронаў, палат —/ А яе не скарылі, бо на вуснах цвіла/ І нашчадкаў Скарыны у паход павяла./ Ні пагрозных указаў, ні завейных магіл,/ Ні пякучай абразы, ні бяздомнай тугі/ Не збаяліся словы, — бо з аховай жылі…/ А знішчальнікі мовы палыном параслі./ З намі гордыя словы назаўжды, назусім./ І Скарыны прадмовы — перад светам усім!”

Голас Радзімы № 29 (3533), чацвер, 3 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter