Несвижский театр Радзивиллов ставил спектакли на польском, итальянском, французском и немецком языках

Пад аховай Мельпамены

Сёлета ў Нясвіжскага тэатра Радзівілаў — юбілей. Ён быў створаны 280 гадоў таму і праіснаваў больш за паўстагоддзя, зрабіўшы значны ўнёсак у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва.

Фота Таццяны Сталяровай

Гісторыя гэтага тэатра пачалася ў далёкім 1740 годзе, калі замежная трупа паставіла ў Нясвіжскім замку першы спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці». Пасля яны арганізоўваліся ўласнымі сіламі — разам з прыгоннымі ў іх удзельнічалі члены княжацкай сям’і, шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса… Пазней тэатру быў нададзены прафесійны характар — трупа папоўнілася кваліфікаванымі выканаўцамі, былі створаны музычная, вакальная і балетная школы, аркестр народных інструментаў. У тэатра з’явіўся ўласны будынак — «камедыенгаўз», які стаяў за замкам на беразе штучнага вадаёма.

Францішка Уршуля Радзівіл
wikimedia.org
Лічыцца, што на новы ўзровень тэатр падняла Францішка Уршуля Радзівіл, якая кіравала ім з 1746 года. Княгіня сама перакладала замежныя творы, пісала п’есы, ставіла спектаклі. Штогод з-пад яе пяра выходзіла некалькі новых драматычных твораў. Як правіла, яны мелі павучальны змест. Францішка Уршуля ў адных п’есах казала аб неабходнасці адукацыі, у другіх — асуджала няверных мужоў, у трэціх — захаплялася жаночай дабрадзейнасцю. Але асноўнай тэмай яе драматургіі было каханне. Пра гэта гавораць і назвы п’ес: «Каханне — прадузяты суддзя», «Каханне — умелы майстар» і гэтак далей. Вядома, што спектаклі ў Нясвіжскім тэатры Радзівілаў ставіліся на польскай, італьянскай, французскай і нямецкай мовах.

У 1770-х гадах справу маці працягнуў Караль Станіслаў Радзівіл, які вярнуўся на радзіму. Пры ім адбыўся чарговы ўздым тэатра — пераарыентацыя на заходнееўрапейскі рэпертуар і прафесіяналізм замежных выканаўцаў. З 1786 года тэатр стаў працаваць нерэгулярна і праз некалькі гадоў прыпыніў сваю дзейнасць. Сёння традыцыі трупы працягвае заслужаны аматарскі калектыў тэатр імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры.

mila@sb.by



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter