Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Яскравы карагод мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, пачаўся менавіта ў Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай

Пад аховай Еўфрасінні

У гонар апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай, якая праславілася сваёй асветніцкай і міратворчай дзейнасцю, па благаславенні Праасвяшчэннейшага Аляксандра, епіскапа Даўгаўпілскага і Рэзэкненскага, у Барыса-Глебскім кафедральным саборы быў адслужаны малебен. Дарэчы, у гэтым праваслаўным храме знаходзяцца чатыры іконы з выявай святой.

На канцэрце прадстаўлялі тканыя дываны   

Богаслужэнне праводзіў протаіерэй Дзіянісій Гаруноў. Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў адзначаў вялікую значнасць мерапрыемства і падзякаваў як служыцелям Барыса-Глебскага кафедральнага сабора, так і Цэнтру беларускай культуры за арганізацыю і правядзенне набажэнства.

Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская выказала надзею, што ў прадстаўнікоў беларускай дыяспары горада зародзіцца новая традыцыя: штогод у дзень апякункі зямлі беларускай і латгальскай Еўфрасінні Полацкай сустракацца ў храме і дзякаваць за магчымасць жыць у міры ды згодзе, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, нацыянальную ідэнтычнасць.

Мастачка Надзея Ізянёва

Родныя краявіды 

Тэме малой радзімы была прысвечана выстава карцін даўгаўпілскай мастачкі з беларускімі родавымі каранямі Надзеі Ізянёвай (Лаўрыновіч) “Краявіды роднай старонкі”. Яе малая радзіма — гэта гарадскі пасёлак Шаркаўшчына, што ў Віцебскай вобласці. На сваіх палотнах мастачка адлюстравала маляўнічыя краявіды родных мясцін.

Дарэчы, Надзея Ізянёва закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, з’яўляецца сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, удзельнічала ў выставах у Польшчы, Германіі, Расіі, Латвіі.

З творчым падарункам на адкрыцці выставы выступілі салістка ансамбля “Пралескі” Юлія Хмяльніцкая, даўгаўпілскі бард Анатоль Галера.

У той дзень у Цэнтры беларускай культуры наведнікі знаёміліся з работай установы, яго калектывамі, фотавыставай, бібліятэкай, багатай экспазіцыяй ручнікоў, абрусаў, пакрывалаў, ходнікаў ручной работы.

Выстава “Краявіды роднай старонкі” будзе доўжыцца да канца лета.

Дыктоўка па беларускай мове

Другі дзень свята прайшоў пад знакам роднай мовы. У Цэнтры беларускай культуры ахвотныя пісалі беларускую дыктоўку. Метадыст Марыя Памецька ў якасці настаўніцы чытала тэкст Уладзіміра Караткевіча пра родную, прыгожую, мілую сэрцу Беларусь. Вучні ж, сярод якіх былі й сябры ЦБК і суполкі “Уздым”, старанна выводзілі словы на роднай мове. 

Як жа трэба любіць беларускую зямлю, каб так напісаць: “Ездзіце… Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай, няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца на зямлі… Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца”. 

Беларускую дыктоўку пісалі ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе

Янку Маўру — 135

У час Дзён беларускай культуры працавала й літаратурная выстава, прымеркаваная да 135-годдзя беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Ён увайшоў у гісторыю як адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў. У экспазіцыі былі прадстаўлены і малюнкі выхаванцаў беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, а таксама вучняў беларускіх школ з Браслава і Глыбокага. Дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў па аповесці “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра (дарэчы, ураджэнца латвійскага горада Ліепая), што праводзіўся суполкай “Уздым”.

Канцэрт скарбаў беларускай культуры

Яркім завяршальным музычным акордам Дзён беларускай культуры стаў канцэрт “Куфар беларускіх скарбаў”. Гэта працяг праекта ЦБК да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі. У гэты раз з беларускага куфра дасталі прыгожыя тканыя дываны і пакрывалы. Дарэчы, гэтыя рэчы былі не толькі паказчыкам дастатку сям’і, але і прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паколькі іх выраб — доўгая, карпатлівая ручная работа.

У калекцыі цэнтра ўжо сабралася шмат беларускіх дываноў, вырабленых умелымі рукамі нашых мам і бабуль. Іх падарылі ў музей сябры суполкі “Уздым”. Пад музыку, у прыгожым танцы, з пакрываламі ў руках, у залу выходзілі танцоры ансамбля “Лянок”.

Са святам Дзён беларускай культуры ўсіх удзельнікаў і гасцей канцэрта павіншавалі намесніца кіраўніка Упраўлення культуры Даўгаўпілса Віта Вілеўка, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама Аляксандр Тронькін. Беларусаў віншавалі таксама прадстаўнікі цэнтраў рускай, польскай і ўкраінскай культуры. Рускі ансамбль “Славянка” і польскі хор “Промень” у якасці падарунка выканалі песні адпаведна на рускай і польскай мовах.

А эпіцэнтрам тэатралізавана-музычнага прадстаўлення сталі, вядома ж, калектывы ЦБК. Беларускімі песнямі, танцамі, яркімі тэатралізаванымі сцэнкамі гледачоў парадавалі мясцовыя беларускія калектывы: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая), вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Настасся Малышава), харавая капэла “Спадчына” (кіраўніца Яніна Юзэфовіч), тэатральная студыя “Паўлінка” (кіраўніца Інэса Казлоўская), ансамбль акардэаністаў “Квітнеючы май” (кіраўніца Антаніна Сівакова).

Ні адно свята ў беларусаў не абыходзіцца без гасцей. Па традыцыі, на Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілс прыязджаюць блізкія і далёкія сябры. Не шкадуючы далоняў, гледачы бурна апладзіравалі гасцям — беларускаму ансамблю “Завіруха” з Екабпілса і маладым салістам Марыі Арцімовіч і Ігару Мятле з беларускіх Мёраў, якія выканалі запальныя беларускія песні.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы пра беларускія дываны, а арганізатар культурных мерапрыемстваў Галіна Сантоцкая вельмі цікава ў вершаванай форме злучала розныя нумары канцэрта ў адзінае цэлае.

Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская выступала ў ролі гасціннай гаспадыні і вядучай вечара. Яна падзякавала ўсім удзельнікам і гасцям Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, для каго родная культура — не толькі захапленне, але й прызванне, тое, да чаго цягнуцца душа і сэрца.

Марыя ПАМЕЦЬКА.

Даўгаўпілс, Латвія

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter