Пачынаючы з вялікага, ці Агульныя правілы ўжывання вялікай і малой літар.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Вялікая літара выдзяляе слова з шэрагу іншых і надае яму асаблівае гучанне. Агульныя правілы напісання вялікай і малой літар не памяняліся. Канкрэтныя змены кранулі сферы, якія раней не былі надзённымі. У першую чаргу гэта датычыцца найменняў, звязаных з рэлігіямі, найменняў пасад і званняў, ветлівых зваротаў і спецыяльных абазначэнняў.
Калі параўнаць правапісныя зводы, то заўважаецца: у §§ 112—134 раздзела “Ужыванне вялікай літары” “Правіл” (1959) утрымлівалася 36 заўваг аб напісанні малой літары, што нагадвала выключэнні. Хаця напісанне вялікай літары хутчэй з’яўляецца своеасаблівым “выключэннем”, бо слоў, якія пішуцца з малой літары, значна больш. У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” агульныя правілы напісання вялікай і малой літар маюць універсальны характар і датычацца сінтаксісу: пачатку сказа, абзаца, іншых фрагментаў пісьмовага тэксту. Пры актуалізаванай функцыі пастаноўкі вялікай літары іх распазнае і камп’ютар. Аднак ёсць пэўныя асаблівасці ў паэтычных, драматургічных і спецыяльных тэкстах.
З вялікай літары пішуцца:
першае слова ў сказе: Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, ці не? (Я. Колас);
першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа: Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй (П. Броўка);
першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якія падаюцца ў дужках у пачатку тэксту і пасля кропкі, клічніка, пытальніка і шматкроп’я ў канцы сказа: Гарлахвацкі. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.) (К. Крапіва). Я размяк. (Душа ў паэта чулая.) (П. Панчанка).
Па традыцыі з вялікай літары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці знакаў прыпынку ў канцы папярэдняга радка:
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве,
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
(Уладзімір Караткевіч).
Увага! Аднак гэта прадпісанне не заўсёды вытрымліваецца. Дапускаецца пачынаць новы радок і з малой літары, што павінна матывавацца рытмікай і сінтаксічнай структурай верша. Напрыклад:
Ёсць цудоўнае паданне,
як на свята, на Купалле,
ад паўночы да світання
Кветку Шчасця ў нас шукалі.
(Уладзімір Дубоўка).
З вялікай літары пішацца першае слова пасля двукроп’я:
у пачатку простай мовы: Ён падумаў: “Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, — і дадаў: — Дурні яны!” (Я. Колас);
у пачатку цытаты, якая з’яўляецца самастойным сказам: П. Глебка з поўнай падставай пісаў: “Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў” (ЛіМ);
у сцвярджальнай частцы пастановы, рэзалюцыі, пратакола, акта і іншага рашэння.
Напрыклад:
Пастанавілі:
Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкама (з пратакола прафсаюзнага сходу).
З арыгіналам згодна:
Сакратар выканкама       (подпіс) (з копіі дакумента).
Увага! Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары: Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбы — у народзе, “настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае” (Беларуская мова. Энцыклапедыя).
Пішуцца з малой літары:
першае слова пасля шматкроп’я, калі яно стаіць у сярэдзіне сказа і абазначае прыпыненне ў маўленні: Зямля... зямля... туды, туды, брат, будуй яе... ты дай ёй выгляд... (Я.Колас);
першае слова ў сярэдзіне сказа пасля шматкроп’я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана: З невялікай і чыстай крыніцы лірычнага пачуцця... пачынаецца раман-паэма аб жыцці беларускага простага люду (А.Адамовіч);
першае слова пасля клічніка, калі ён стаіць у сярэдзіне сказа: І кожны, хто мяне спытае, пачуе толькі адзін крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! — бо я мужык! (Я.Купала);
першае слова пасля выклічніка, які стаіць у сярэдзіне сказа і закрываецца клічнікам: І ляцім жа, браткі, э-эх! ляцім!.. Даганяй — не дагоніш... (М.Лынькоў);
першае слова ў словах аўтара, якія ідуць пасля простай мовы з клічнікам, пытальнікам або шматкроп’ем: “Надзя! Надзейка!..” — кліча жалейка (П.Броўка);
першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калі рэмарцы не папярэднічаюць кропка, клічнік, пытальнік ці шматкроп’е: Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда бландзінка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландзінілася, а я і не заўважыў (К.Крапіва).
Увага! Напісанне малой літары ў большасці пералічаных выпадкаў пры камп’ютарным наборы з актуалізаванай функцыяй пастаноўкі вялікай літары вымагае карэкціроўкі.

Зваротная сувязь

— Прывітанне! Скажыце, калі ласка, ці пераходзіць е ў я ў слове балерина? Дзякуй. Сяргей Зелянко, рэдактар выдавецтва “Пачатковая школа”
— Літара я пішацца ў першым складзе перад націскам у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў: Бял?ынічы, Лемяш?эвічы, Алякс?андр, Сярг?ей, Бял?інскі, Нях?ода, дзяж?урства, калянд?ар, яфр?эйтар, сярж?ант, Ярш?оў, Яф?ім.
У запазычаных словах, як правіла, е ў першым складзе перад націскам у я не пераходзіць: балет (фр. Ballet, з лац. Ballo — танцую). Правільна: балер?ына, метр?о, кеф?ір.

— Добры дзень! Пры ўкладанні слоўніка сутыкнуліся з варыянтным напісаннем: ноўтбук. Ці правільна яно напісана? Супрацоўнікі НАН Беларусі
— Перад намі складанае слова, паходзіць з англ. notebook (блакнот, блакнотны персанальны камп’ютар). Акцэнтная норма яшчэ не ўсталявалася і мае два варыянты: н?оўтб?ук. Менавіта ад націску ў роднай мове залежыць напісанне: калі о не пад націскам, то яно павінна перайсці ў а.
Вы маеце рацыю. Перавагу варта аддаць варыянту н?оўтбук.

— З павагай да вас Алег Аляксандравіч! Мой сын вучыцца ў першым класе. Прыходзіцца падпісваць сшыткі. Ці скланяецца маё прозвішча? Як правільна падпісваць: Болбас Міхаіла або Болбаса Міхаіла? Калі мне выдаюць якія-небудзь дакументы, думкі падзяляюцца. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца. Болбас Алег Аляксандравіч, Магілёўская вобласць, г.Бабруйск
— У беларускай мове прозвішчы асоб мужчынскага полу, якія заканчваюцца на зычны, скланяюцца: Болбаса Міхаіла, Болбасу Міхаілу, Болбасам Міхаілам, аб Болбасе Міхаіле. Скланяюцца яны і ў рускай мове: Болбаса Михаила, Болбасу Михаилу, Болбасом Михаилом, о Болбасе Михаиле.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter