Неяк Людміла Сцяпанаўна Казлова ў газеце “Вечерний Минск” убачыла фотаздымак, дзе на танку стаяць чатыры танкісты, і ледзьве не абамлела: падалося, што сярод іх яе бацька. Пад здымкам было пазначана: “З франтавога архіва. Танкавы экіпаж старшага лейтэнанта Хворава за ўмелыя дзеянні ў час бою на чыгуначнай станцыі ўзнагароджаны ордэнамі. Злева направа: камандзір гарматы Букін, радавы стралок Казлоў, механік-вадзіцель Энсіс і камандзір Хвораў. Фатаграфія Паўла Нікіціна”.
Высветлілася, што Павел Іванавіч Нікіцін — былы ваенны карэспандэнт, даўно на пенсіі, але часта змяшчае свае фотаздымкі ваенных гадоў у рубрыцы “З франтавога архіва”. Калегі-журналісты дапамаглі жанчыне наладзіць жаданую сустрэчу. Павел Іванавіч падарыў ёй той самы фотаздымак танкістаў. Дачка салдата паглядзела на яго і расплакалася. На танку сапраўды стаяў яе бацька. На грудзях яго былі два ордэны і медаль. Фотакарэспандэнт добра памятаў, што менавіта гэтых танкістаў фатаграфаваў ва Усходняй Прусіі.
— Я ведаю, што з першых дзён вайны бацька быў на фронце, але ваяваць яму давялося нядоўга. У ліпені 1941-га ў баях пад Чэрыкавам ён быў паранены і трапіў у палон, — расказвае Людміла Сцяпанаўна. — Лагер ваеннапалонных знаходзіўся ў Оршы. У першыя месяцы вайны немцы за некалькі бутэлек гарэлкі, кавалак масла ці кошык яек маглі адпусціць кагосьці з палонных, калі па яго прыйшла маці, жонка, сястра ці нават суседка. Так многія і вызвалялі сваіх родных. У іх ліку быў і мой бацька, які ледзьве стаяў на нагах. Дарога дадому была для яго доўгай і цяжкай. Мая маці Ефрасіння Данілаўна як магла, лячыла, даглядала мужа.
Пасля вызвалення ўсходняй часткі Дрыбінскага раёна ад фашыстаў райваенкамат накіраваў Сцяпана Казлова ваенным кіраўніком у Расненскую СШ, бо па стану здароўя той не мог далей служыць у арміі. Але ў чэрвені 1944-га ён усё ж пайшоў на фронт добраахвотнікам. “Хутка пераможам фашыстаў, вярнуся дадому, тады ўсе будзем разам,” — пісаў ён з фронту. Але, відаць, не суджана было яму вярнуцца.
— Перасталі прыходзіць пісьмы, і наша маці паслала ліст камандзіру часці, у якой бацька служыў, — працягвае дачка. — У чэрвені 1945-га прыйшло паведамленне, што 23 кастрычніка 1944 года тата быў цяжка паранены і накіраваны ў медсанбат, палявая пошта — 56 210. Вось і ўсе звесткі. Дапамажыце нам даведацца пра далейшы лёс нашага дарагога чалавека.
Людміла Сцяпанаўна Казлова беражліва захоўвае ўсе пісьмы бацькі з фронту і фотаздымак, які ёй падарыў былы фотакарэспандэнт Павел Іванавіч Нікіцін. Яна спадзяецца на далейшую дапамогу журналістаў, цяпер ужо Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты”. Мы пачынаем пошук.
Пачынаем пошук
Доўгімі, цяжкімі былі дарогі вайны. А дома воінаў-абаронцаў чакалі маці, жонкі, дзеці, блізкія, сябры. Адны дачакаліся, а многія да сённяшняга дня па крупінках збіраюць весткі пра дарагіх людзей, шукаюць іх магілы. І, вядома, спадзяюцца на дапамогу сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. Здараецца і так, што да нас далучаюцца калегі з іншых выданняў, нават выпадкова спрыяючы ў такой важнай справе. Але, відаць, нічога выпадковага не бывае...