Департамент по ликвидации последствий катастрофы на ЧАЭС МЧС передал современное медицинское оборудование в детские реабилитационные центры

Пачынаем новыя працэдуры

Для санаторна-курортнага лячэння i аздараўлення дзяцей, якiя пражываюць у раёнах, пацярпелых ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, у краiне створана сетка з 12 спецыялiзаваных арганiзацый. У сярэднiм за год там адпачываюць, праходзяць медыцынскае абследаванне i лячэнне каля 87 000 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Шмат для каго з iх, асаблiва з невялiкiх аддаленых вёсак, гэта бадай што адзiны шанц прайсцi дасканалае абследаванне i атрымаць медыцынскія рэкамендацыi. Дэпартамент па лiквiдацыi наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС клапоцiцца аб тым, каб дзiцячыя рэабiлiтацыйна-аздараўленчыя цэнтры (ДРАЦ) былi забяспечаны самым лепшым абсталяваннем. Карэспандэнт «Р» прысутнiчала пры перадачы iм вельмi патрэбных апаратаў i азнаёмiлася з умовамi адпачынку дзяцей.

Сяргей ШПАРЛО ўручыў дырэктару ДРАЦ «Ждановічы» дакументы на новы галагенератар і ганаровую грамату за плённую працу з дзецьмі. 

 Лёгкае дыханне

Яркае сонца заблыталася ў верхавiнах сосен i скоса паглядае на смарагдавы лужок, дзе зiхацяць кропелькi нядаўняга дажджу — у аздараўленчым цэнтры «Ждановiчы» пад Мiнскам паветра здаецца асаблiва чыстым. Але бывае, што i яго недастаткова для лячэння цi рэабiлiтацыi дзяцей з захворваннямi дыхальных шляхоў. Бранхiт, астма, вострыя рэспiраторныя вiрусныя iнфекцыi — дастаткова распаўсюджаныя хваробы. Для iх лячэння Сяргей Шпарло, начальнiк Дэпартамента па лiквiдацыi наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС, прывёз у ДРАЦ «Ждановiчы» галагенератар.

— Штогод у цэнтры «Ждановiчы» праходзiць лячэнне i аздараўленне каля 7000 дзяцей. Не менш за палову з iх павiнны атрымлiваць спелеатэрапiю. Гэта немедыкаментозны спосаб лячэння, калi чалавек знаходзiцца ва ўмовах асаблiвага мiкраклiмату — лепш за ўсё ў саляной пячоры або шахце, — расказвае Мiкалай Кулiнчык, дырэктар цэнтра. — Але спускаць дзяцей на вялiкую глыбiню немэтазгодна: яны могуць напалохацца, ды i рэзкае змяненне цiску не вельмi карысна. Таму ў цэнтры створаны спелеапакой, дзе спецыяльная атмасфера ствараецца галагенератарам або апаратам сухой солевай тэрапii, якi насычае паветра лячэбнага памяшкання часцiцамi аэразолю хларыду натрыю.

Спелеапакой нагадвае саляную пячору.

Юныя пацыенты сядзяць i дыхаюць у спелеапакоi, быццам на пляжы, у зручных крэслах, толькi замест пяску тут соль. Сеанс працягваецца ад 15 да 30 хвiлiн, у гэты час можна паслухаць казку або музыку. Курс лячэння — дзесяць дзён.

— Для нас гэта вельмi вялiкая дапамога! — радуецца Святлана Кастрыца, намеснiк дырэктара цэнтра па медыцыне i харчаванні. — Гэты апарат новага пакалення, так неабходны для падтрымкi здароўя дзяцей, каштуе каля 40 000 рублёў. Ён просты ў кiраваннi, больш трывалы, чым ранейшыя, а дзейнасць яго аўтаматызавана. Напрыклад, спецыяльны датчык сочыць за шчыльнасцю, чысцiнёй, насычанасцю соллю паветра ў памяшканнi, пры неабходнасцi апарат актывiзуе яе выпрацоўку i ўзмацняе выдачу. Пасля заканчэння сеанса аўтаматычна ўключаецца вентыляцыя.

Аздараўленне высокага класа

У цэнтры «Ждановiчы» ўвогуле вельмi шмат самага рознага абсталявання, многiя экзэмпляры ў адпаведнасцi з Дзяржаўнай праграмай набыты i перададзены сюды Дэпартаментам па лiквiдацыi наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС. Сярод iх прылады для генерацыi сонечнага святла, якiя i ў непагадзь дазваляюць назапасiць вiтамiн Д, апараты для ультрагукавога даследавання шчытападобнай залозы i сэрца, якiмi асаблiва ганарыцца Святлана Кастрыца:

— Не ўсе дзецi маюць магчымасць атрымаць дома медыцынскую дапамогу такой высокай квалiфiкацыi. У нас па сумяшчальнiцтве працуюць спецыялiсты з Мiнскай абласной дзiцячай бальнiцы. Пры выяўленнi паталогiй сэрца, якiя, на жаль, сустракаюцца нярэдка, яны могуць арганiзаваць кансультацыю на кафедры клiнiчнай педыятрыi. Дзiця вернецца дадому з канкрэтным дыягназам i рэкамендацыямi па далейшым лячэннi.

А вось для ДРАЦ «Надзея», што размясцiўся ў Вiлейскiм раёне Мiнскай вобласцi, набыта гiдрамасажная ванна. Гэта сапраўднае выратаванне пры захворваннях нервовай сiстэмы, апорна-рухальнага апарата, рэабiлiтацыi пасля траўм, парушэннi кровазвароту. Пры гiдрамасажы струменi вады, змяшанай з бурбалкамi паветра, аказваюць iнтэнсiўнае ўздзеянне на пэўныя ўчасткi цела. Ваду з сiлай выкiдваюць у розных зонах ванны спецыяльныя фарсункi рознага памеру. Бясспрэчна, такое абсталяванне неабходна для буйнога рэабiлiтацыйна-аздараўленчага цэнтра: ён падчас навучальнага года прымае да 380, а летам — каля 850 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, якiя жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.

Такая гідрамасажная ванна набыта для рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Надзея».

— За кошт сродкаў Дзяржаўнай праграмы па пераадольваннi наступстваў катастрофы на ЧАЭС сёлета будзе ўмацавана матэрыяльна-тэхнiчная база дзiцячых цэнтраў, — зазначыў Сяргей Шпарло. — Так, галагенератар атрымаў яшчэ i ДРАЦ «Качча», для цэнтраў «Свiтанак» i «Жамчужына» набудзем стаматалагiчныя ўстаноўкi. Плантограф для дыягностыкi плоскаступнёвасцi атрымае ДРАЦ «Лясная паляна», а «Колас» i «Пралеска» — абсталяванне для кабiнета механатэрапii, дзе аднаўляецца рухомасць суставаў, забеспечваецца рух мышц, паляпшаецца крова- i лiмфазварот. На гэта патрачана больш за 312 000 рублёў.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter