Сёння пачынаецца “Мінская вясна”

Пачуйце, як гучыць вясна

Маэстра Яўген БУШКОЎ і Дзяржаўны камерны аркестр сыграюць у «дуэце» з загадкавым тэрменвоксам.

Сёння вечарам у горадзе завіруе «Мінская вясна». Адкрые чарговы, ужо 33-і па ліку міжнародны вясенні музычны марафон сімфанічны аркестр Дзяржаўнай акадэміі музыкі «Маладая Беларусь», у суправаджэнні якога выступіць віяланчэліст з Францыі Жэром Перно.

На працягу фестывальных вечароў — а гэта практычна ўвесь месяц — прагучыць музыка самая розная: камерная, сімфанічная, харавая, фальклорная, джазавая. Але ўсе будучыя канцэрты аб'ядноўвае адно — надыходзячы юбілей Белдзяржфілармоніі. У верасні яна адкрые свой 80-ы сезон.

Як заўсёды, «Мінская вясна» пацвярджае свой міжнародны статус — у ліку ўдзельнікаў выканаўцы з сямі краін. І, як заўсёды, на філарманічнай сцэне разам з мэтрамі чакаюць лепшых маладых музыкантаў.

Адной з цэнтральных падзей форуму стане святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння выдатнай піяністкі і знакамітага педагога Ірыны Цвятаевай. Юбілейнай даце прысвечана некалькі праграм. Вялікі фартэпіянны канцэрт адбудзецца 26 красавіка. Былыя вучні Цвятаевай, а цяпер ужо і самі вядомыя выканаўцы і педагогі прадставяць выступленні яе «творчых унукаў» — сваіх выхаванцаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў.

У ліку прадаўжальнікаў традыцый Ірыны Цвятаевай заслужаны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк:

— Я меў гонар вучыцца ў Ірыны Аляксандраўны з 8-га класа музычнага каледжа і да выпуску ў кансерваторыі. На працягу дзевяці гадоў яна была маёй музычнай мамай, так усе мы яе называлі. Ніхто з нас, яе выхаванцаў, ніколі не чуў ад яе ў свой адрас павышанага голасу. Яркі, шчыры і адкрыты быў чалавек. Дзіўнай прыгажосці душы і дабрыні.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра АНІСІМАВА падрыхтаваў да фестывалю дзве канцэртныя праграмы

У канцэрце памяці Ірыны Цвятаевай выступяць маладыя музыканты, выхаваныя на яе ідэях. А яны такія: уважлівыя адносіны да аўтарскага тэксту любога кампазітара, вялікая любоў да рускай выканальніцкай школы і музыкі і беражлівае стаўленне да гуку. Самае цяжкае ў ігры на раялі — навучыцца «спяваць», навучыцца іграць легата, кажа Юрый Мікалаевіч. Гэтае майстэрства, атрыманае ад Ірыны Цвятаевай, яе былыя выпускнікі перадаюць сёння новаму пакаленню музыкантаў. Дарэчы, адзін з вучняў Юрыя Гільдзюка — студэнт 4-га курса Акадэміі музыкі Аляксандр Данілаў дасць на «Мінскай вясне» і свой сольны канцэрт.

Нашы вядучыя выканаўцы на домры і мандаліне Мікалай МАРЭЦКІ і Наталля КОРСАК чакаюць на «Мінскую вясну» гасцей з Францыі.


Прыхільнікаў Дзяржаўнага сімфанічнага акадэмічнага аркестра і маэстра Аляксандра Анісімава чакаюць дзве сустрэчы з любімым калектывам. 7 красавіка разам з Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай імя Р.Шырмы, капэлай «Санорус» і дзіцячым хорам музыканты прадставяць маштабны праект — прагучаць «Рэквіем» Моцарта і сімфанічная паэма Р.Штрауса «Смерць і прасвятленне», творы, якія ў нас нячаста пачуеш. А 29 красавіка, на завяршэнне форуму, з праслаўленым аркестрам выступяць нашы маладыя віртуозы — віяланчэліст Мікаэл Самсонаў і піяністка Кацярына Давыдава.  

Штогадовае міні-свята на фестывалі — Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі «Мандалінісіма» — у гэты раз збярэ на адной сцэне выканаўцаў з нашай краіны і Францыі.

Упершыню на сцэне філармоніі інструмент з містычным і загадкавым гучаннем — тэрменвокс — прадэманструе свой «голас» у дуэце з Дзяржаўным камерным аркестрам пад кіраўніцтвам маэстра Яўгена Бушкова. Спецыяльна для гэтага выступлення расійскі кампазітар і музыкант Алеся Растоўская напісала Канцэрт для тэрменвокса з аркестрам. Дарэчы, цікавая гісторыя стварэння гэтага інструмента. Першапачаткова ў 1920 годзе тэрменвокс (ён названы ў гонар свайго стваральніка Льва Тэрмена) быў вынайдзены для вымярэння фізічных велічынь. Але вялікім і незвычайным апынуўся і яго музычны патэнцыял. Тэрменвокс не мае струн, выканаўца, які на ім іграе, ні да чаго не датыкаецца, што робіць працэс на сцэне падобным на чараўніцтва. Гэта трэба бачыць і чуць — касмічная музыка.

Усяго ў афішы «Мінскай вясны»        16 канцэртаў. Не забудзьце пацікавіцца.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter