Пачуццё годнасці

ТРАДЫЦЫІ, звычаі, вытокі. Кожная сям’я багата на іх. І нездарма кажуць, хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні. У вялікай сям’і аграфірмы «Лучнікі», что на Случчыне, багатая, амаль дзевяностагадовая гісторыя. Пра гэта яскрава сведчаць шматлікія экспанаты мясцовага краязнаўчага музея. Пастаянна экспазіцыя папаўняецца новымі дакументамі, здымкамі, экспанатамі. Свята захоўваюць тут сваю багатую спадчыну, памнажаюць слаўныя традыцыі, каб было што перадаць будучым пакаленням. Стэнды музея ўпрыгожваюць фотаздымкі розных гадоў, дзе адлюстраваны самыя розныя моманты калгаснага жыцця. На жывёлагадоўчых фермах, вытворчых участках пастаянна выстаўляюцца аператыўныя фотавыпускі жыцця калектыву. Мясцовы рэпарцёр Фёдар Корзун, які пастаянна займаецца гэтым у Лучніках, ледзьве паспявае мяняць фотахроніку вясковых падзей. Яго тэхнічны арсенал самы сучасны. Кіраўніцтва палічыла неабходным набыць прафесійную відэа- і фотаапаратуру, каб аператыўна фіксаваць усё найбольш значнае ў жыцці калектыву.

вядзе па жыцці Мікалая Валасача, цяпер перадалося і яго дачцэ Вользе з СВК «Аграфірма «Лучнікі» Слуцкага раёна

ТРАДЫЦЫІ, звычаі, вытокі. Кожная сям’я багата на іх. І нездарма кажуць, хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні. У вялікай сям’і аграфірмы «Лучнікі», что на Случчыне, багатая, амаль дзевяностагадовая гісторыя. Пра гэта яскрава сведчаць шматлікія экспанаты мясцовага краязнаўчага музея. Пастаянна экспазіцыя папаўняецца новымі дакументамі, здымкамі, экспанатамі. Свята захоўваюць тут сваю багатую спадчыну, памнажаюць слаўныя традыцыі, каб было што перадаць будучым пакаленням. Стэнды музея ўпрыгожваюць фотаздымкі розных гадоў, дзе адлюстраваны самыя розныя моманты калгаснага жыцця. На жывёлагадоўчых фермах, вытворчых участках пастаянна выстаўляюцца аператыўныя фотавыпускі жыцця калектыву. Мясцовы рэпарцёр Фёдар Корзун, які пастаянна займаецца гэтым у Лучніках, ледзьве паспявае мяняць фотахроніку вясковых падзей. Яго тэхнічны арсенал самы сучасны. Кіраўніцтва палічыла неабходным набыць прафесійную відэа- і фотаапаратуру, каб аператыўна фіксаваць усё найбольш значнае ў жыцці калектыву.

Вось і гэтымі днямі на толькі што здадзеным у эксплуатацыю кароўніку на 250 галоў усталявалі тры стэнды са здымкамі хронікі ўзвядзення аб’екта. На каляровых фотаздымках — будаўнічая брыгада гаспадаркі, ад галоўнага інжынера да каменшчыкаў-бетоншчыкаў.

У гаспадарцы выдадзена некалькі кніжак пра гісторыю і людзей слыннага калектыву. Былы старшыня Мікалай Васілевіч заўжды надаваў вялікую ўвагу захаванню спадчыны, ушанаванню лепшых працаўнікоў. І гэту традыцыю паспяхова падтрымлівае сённяшні кіраўнік Барыс Клешчукевіч, на вачах якога расла, умацоўвалася гаспадарка. Усё гэта спрыяе яднанню калектыву, выхаванню моладзі. І, напэўна, невыпадкова многія выпускнікі Лучнікоўскай сярэдняй школы звязваюць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Вось як круглая выдатніца Вольга Валасач, бацькі якой марылі бачыць дачку ўрачом, падала дакументы на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта. Паступіла і з адзнакай закончыла факультэт, а потым і магістратуру. Зараз завяршае навучанне ў аспірантуры. Працуе над кандыдацкай дысертацыяй на тэму «Эфектыўнасць прымянення ўгнаенняў на вырошчванні цукровых буракоў на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных глебах». Тры гады аспірантка праводзіла эксперыменты на двухгектарнай дзялянцы цукровых буракоў у гродзенскай гаспадарцы «Прагрэс». А сустрэцца з Вольгай Мікалаеўнай мне давялося на слуцкай хлебнай ніве. Статная дзяўчына ў рабочым камбінезоне, з абветраным загарэлым тварам пад шырокім казырком кепкі і прыемнай усмешкай — такой прадстала яна перада мной. А побач бесперапынна ракатаў магутны камбайн, які вёў па шырокім пшанічным полі яе бацька — Мікалай Фёдаравіч Валасач.

— На сёлетнім жніве — гэта наш лепшы ўборачны экіпаж, — паважна адзначае старшыня праўлення  СВК. — Традыцыяй у сям’і Валасачоў стала працаваць сямейным экіпажам. Чацвёрты год Вольга разам з бацькам на жніве. Ужо адлічваюць трэцюю тысячу тон намалочанага збожжа. Якасць іх работы толькі выдатная.

І Барыс Барысавіч паказвае рукой на чыста скошанае поле, усланае роўнымі радкамі саломы.

— Ледзьве паспявае вадзіцель Уладзімір Расінскі, — працягвае кіраўнік гаспадаркі. — Добра, што з гэтага поля недалёка да зернесушыльнага агрэгата. Хаця часам і дожджыкі накрапваюць, але вільгнотнасць зерня не перавышае дваццаць працэнтаў. А ў сонечныя часы можна прама ад камбайна падсушыць і ў засекі сыпаць. А так на зернесушыльным комплексе даводзім збажыну да тэхналагічнай нормы 12—13 працэнтаў і адпраўляем на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў. Свой план здачы дзяржаве 1200 тон ужо завяршаем. Дзякуючы вось такім руплівым хлебаробам, як Мікалай Валасач.

Тым часам на поле пад’ехаў мікрааўтобус з абедамі для механізатараў. Падчас кароткага перапынку і пачалася наша размова з Вольгай пра жніво і, безумоўна, пра кандыдацкую дысертацыю.

— Жніво завяршаем, а вось з кандыдацкай яшчэ спраў хапае, — шчыра прызнаецца Вольга Мікалаеўна. — Аналізую вынікі доследаў, сістэматызую свае назіранні. Планую да наступнага лета абараніцца. А пакуль узяла адпачынак і прыехала да бацькоў. Двайная карысць — і родных пабачу, і падмацую свой бюджэт — да маіх аспіранцкіх адпускных гэта вялікая падтрымка.

— А яшчэ і рамантыка…

— Безумоўна. Глядзіш на пшанічнае поле — і не можаш налюбавацца. Каласы быццам перашэптваюцца паміж сабой. Я стану на ўскрайку поля і слухаю гэты шэпт, размаўляю ў думках з полем. Яно мне роднае, дарагое.

— І я люблю назіраць, як каласіцца збажына, — далучыўся да размовы Мікалай Фёдаравіч Валасач. — Пылок, быццам туман, плыве над полем. А яно, як мора, на золку дня ўсцішваецца. Не адарваць вачэй. Кожны год чакаю гэтага часу.

— А калі ўжо настае жніво, галоўнае — не прамарудзіць, каб не асыпалася пераспелая збажына.

— Загадзя рыхтуемся да гэтай важнай справы. Кожную дэтальку ў камбайне перагледзім, кожны вузел адрэгулюем, каб потым камбайн як гадзіннік бесперапынна ўбіраў збажыну.

— Многае на полі залежыць і ад памочніка камбайнера.

— Так, я заўжды загадзя падбіраў яго сабе. Многія гады працаваў з Міхаілам Скрундзікам. Зараз ён ужо сам за штурвалам «Лексіона». Былі і іншыя памочнікі. Але хачу адзначыць, што не кожны з іх навучыўся добра кіраваць камбайнам. І Вольга пакуль не поўнасцю авалодала дастатковым узроўнем кіравання «Каасам». Машына даволі складаная, яе трэба адчуваць.

— Але тым не менш, Вольга ваш нязменны памочнік на жніве.

— У яе ёсць жаданне працаваць, ёсць цярпенне і, спадзяюся, з’явіцца вопыт.

— Я вельмі хвалявалася і ледзьве адважылася некалі ўпершыню сесці за штурвал камбайна, — узгадвае Вольга. — Хваляванне прайшло, засталося задавальненне. І кожны раз усё смялей вяду яго. Чацвёрты сезон у бацькі памочнікам. Ён за штурвалам, а я побач дапамагаю. Кожныя дваццаць мінут поўнім грузавік толькі што абмалочаным зернем. Ні з чым не параўнальны водар спелай збажыны. Усё гэта і ёсць тая самая рамантыка сялянскіх будняў. Тут побач і праца ў радасць, і заробак выдатны.

— А чым сёлетняе жніво адметнае ад мінулых?

— Пачалося значна раней. Няма на полі выгарэлых плямаў. Мала палегліцы. Гэта спрыяе тэмпам. У нас палі роўныя, як стол. Задаеш камбайну праграму, і ён раўнамерна ідзе па загонцы. Сёлета яшчэ ні разу не спыняліся з-за паломак і, думаю, што і да канца жніва ўсё будзе добра.

— Невыпадкова слуцкія землі называюць беларускай жытніцай.

— Гэта так. Сама па сабе зямля тут урадлівая, а яшчэ дбайныя гаспадары дадаюць поспеху, — уключаецца ў размову галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Шклярэўскі. — Мы ж зямлю песцім, як дзіця. Перад сяўбой, кожнае поле акуратна апрацоўваем, запраўляем па нормах арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Арганікі ў нас на ўсе землі хапае. Статак у гаспадарцы вялікі — 6200 галоў буйной рагатай жывёлы. На наступны год нашы мясцовыя будаўнікі ўзвядуць ячшчэ адзін кароўнік на 250 галоў. Круглы год арганіку вывозім і складзіруем у бурты, а пасля вызвалення палёў ад культур запраўляем іх па тэхналагічных нормах. Таму і вынікі адпаведныя. На некаторых участках азімая пшаніца сёлета дала па семдзесят і болей цэнтнераў на круг.

— А колькі збожжа вы штодзённа намалочваеце? — пытаюся ў камбайнера Мікалая Валасача.

— Калі спрыяе надвор’е, і па 100 тон выгружаем. Не толькі пшаніца, але і ячмень, трыцікале сёлета добра ўрадзілі. Па семдзесят цэнтнераў з гектара намалочвалі.

Спадзяюся, што і мае 80 гектараў бульбы будуць урадлівымі.

— Вы яшчэ і бульбай займаецеся?

— Каторы год ужо мне вызначаецца ўчастак, і я сам ад пасадкі да ўборкі вырошчваю яе. Вось і сёлета ўжо двойчы яе абгарнуў. Насенне было выдатнае, зямля добра падрыхтаваная і запраўленая. Усю плошчу апрацаваў ад шкоднікаў, і цяпер толькі застаецца чакаць уборкі.

— Зазіраеце на бульбяны палетак?

— Канешне, як толькі выдаецца хвіліна, стараюся там быць. Я ж адказны.

— Што выгадней на Случчыне вырошчваць: бульбу ці збожжавыя? — пытаюся ў кіраўніка гаспадаркі Барыса Каршукевіча.

— Усё залежыць ад многіх фактараў, і ў першую чаргу ад чалавека. Мікалаю Фёдаравічу Валасачу што ні даручы, так зробіць, што поспех гарантаваны. Вось і на бульбяных палетках у яго штогод па 300—400 цэнтнераў з гектара выходзіць. Думаю, удалым будзе і гэты год. І на хлебнай ніве ён сапраўдны майстар. Пасля яго на поле можна і не ехаць: усё там у парадку. Таму і давяраем яму самую адказную працу. Такіх шчырых працаўнікоў у нас многа. Мы іх падтрымліваем ва ўсім, і ў першую чаргу рублём. Ствараем усе ўмовы для эфектыўнай работы калектыву. Але і пра адпачынак людзей не забываем. Пастаянна адпраўляем працаўнікоў у санаторыі на мінеральныя карпацкія воды. Не спыняем будаўніцтва жылля для маладых сем’яў. Робім усё, каб людзям было зручна працаваць і жыць. Бо разумеем, што побач амаль стотысячны Слуцк. Не ўтаю, што бывае, калі  каго-небудзь і прывабіць гарадское жыццё. Вось як аднаго маладога механізатара. Мы яго сям’і абяцалі жыллё, але ён не дачакаўся, кінуўся ў горад. А праз нейкі час прыйшоў з просьбай прыняць яго зноў на працу.

— Мікалай Фёдаравіч, яшчэ пройдзе крыху часу, і настане пенсія. Чым думаеце тады заняцца? — пытаюся ў камбайнера.

— Як кажуць, трэба дажыць. Гады сваё бяруць. Ужо не такі ўвішны, як раней. Але стараюся быць у форме. Гэта выпрацоўвалася гадамі, мо нават у крыві такое. Вось і дачка не можа летам на паўднёвых пляжах грэцца. Не толькі дзеля грошай яна тут. А ёсць яшчэ нешта больш важнае ў нашай крыві — пачуццё запатрабаванасці. Я рады, што Вольга гэтым жыве. Абароніць кандыдацкую дысертацыю і будзе, акрамя тэорыі, да дробязяў ведаць практычную частку. Дзе, як не тут, на полі, набіраешся вопыту.

— Валасач — прозвішча не мясцовае. Дзе вашы карані? 

— Я з Крупскага раёна, працаваў там вадзіцелем у сельпо. Бывала, еду з якой-небудзь аддаленай вёскі, прыпынюся каля бору, а там грыбоў — касой касі! Азёры і рэкі рыбныя. Жывапісны, багаты наш край на прыродную даніну. Шапка злятае, калі глядзіш на верхавіны векавых дрэў. Ад нашага Халопеніцкага сельпо да Крупак шлях немалы праз лес. Я часта ездзіў на раённую базу за таварам. Са мной адпраўлялася на базу і маладая дзяўчына, якую прыслалі ў Халопенічы пасля гандлёвага тэхнікума намеснікам старшыні сельпо. Пэўна, Соф’я Міхайлаўна і звярнула на мяне ўвагу. А неўзабаве мы распісаліся. Вяселле не рабілі.  Бацька быў механізатарам. Мо таму і мяне захапіла тэхніка. У школе я вучыўся няблага, мог бы атрымаць і якую іншую прафесію, але тады было модна працаваць на тэхніцы, і я разам з іншымі аднакласнікамі падаўся ў тэхнічнае вучылішча на шафёра вучыцца. Балазе што прама ў нашым калгасе адкрылі філіял вучылішча.

— Ведаць свае вытокі – значыць, шанаваць продкаў, ганарыцца сваім радаводам.

— Мае вытокі — традыцыйныя для беларуса. Усе мае продкі спакон вякоў сяляне. А прадзед па мацярынскай лініі нават у пяці войнах абараняў Бацькаўшчыну ад захопнікаў, якія так і лезлі сюды.  І я ганаруся сваім прадзедам, дзецям пра яго расказваю, каб і яны былі вось такімі годнымі беларусамі і сваім дзецям данеслі пра гонар роду, пра тыя самыя дарагія сэрцу вытокі. Я ужо амаль трыццаць гадоў як пераехаў з жонкай на яе радзіму ў Лучнікі, але штогод езджу ў родныя мясціны. Расказваю там пра нашы Лучнікі, пра справы калгасныя. Тут гаспадарка больш моцная. Ужо ў тыя гады на ўсю рэспубліку славілася сваімі дасягненнямі. Мікалай Васілевіч — мудры кіраўнік, умеў арганізаваць людзей. Штогод поспехі памнажаліся, на вачах рос дабрабыт сялян. Ды людзі тут асаблівыя. Вытокі радні маёй жонкі звязаны з магнатамі Радзівіламі, якія некалі падбіралі жыхароў для сваіх маёнткаў. Продкі жонкі былі вольныя, і нават прыгоннага права не зведалі.

— Трыццаць гадоў вы ўжо на Случчыне. Не цягнула дамоў?

— Абвыкся. Праўда, на пачатку і не думаў, што надоўга затрымаюся на трактары. Бо як прыехаў сюды з маладой жонкай, адразу прасіў старшыню гаспадаркі даверыць аўтамабіль. А ён прапанаваў трактар. Мяне гэта спачатку неяк нават пакрыўдзіла, але Мікалай Ільіч мяне пераканаў, і я прыняў новы трактар. Араў, сеяў, апрацоўваў пасевы, убіраў ураджай. Так захапіўся, што і прапала думка перайсці ў шафёры. Дагэтуль вось і працую механізатарам.

Раней з намі былі бацькі жонкі, а цяпер самі там гаспадарым. Але, як маці яе не стала, бацька перабраўся ў дом сваіх бацькоў. Яму ўжо 81 год, але сам сябе даглядае. Працавіты, інтэлігентны селянін. Амаль усё жыццё займаўся гандлям, а калі пайшоў на пенсію, уладкаваўся вартаўніком у калгас. І цяпер знаходзіць сабе занятак. Нам дапамагае, бо трымаем вялікую хатнюю гаспадарку.

— І ўсё ж гэтай гаспадаркай упраўляе жонка Соф’я Міхайлаўна, тая хрупкая дзяўчына, што некалі так прыглянулася зухаватаму шафёру Мікалаю Валасачу, а потым стала маці дваіх яго дзяцей. Часта да іх прыязджае на пабыўку сын — пагранічнік Валодзя. Кожны свой аспіранцкі адпачынак мяняе на жніво апантаная агранаміяй дачка Вольга, у якой я спытаў: калі абароніце кандыдацкую дысертацыю, то, напэўна, ужо памочнікам камбайнера не пойдзеце? І ў адказ пачуў:

— А чаму не. Адно другога не выключае. У нашым універсітэце многія кандыдаты навук штогод працуюць на жніве.

А я ў перспектыве Вольгу Мікалаеўну бачу кіраўніком нашай гаспадаркі, — нечакана падсумаваў размову сённяшні лучнікоўскі старшыня Барыс Клешчукевіч.

І, пэўна, Барыс Барысавіч мае рацыю.

Фота  аўтара

Уладзімір СУБАТ

Слуцкі раён.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter