Картофель по 60 копеек, лук по рублю и помидоры по 2 рубля 50 копеек: в выходные в Минске стартовали первые сезонные сельхозярмарки

Пачастункі з ураджайнай градкi

На мiнулых выхадных у Мiнску распачаўся сезон сельскагаспадарчых кiрмашоў. У кожным раёне арганiзавалi кропку продажу. Найбуйнейшая — на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны». Асартымент сезонны, шырокi. Тут i свежы рознакаляровы мёд, i жывая рыба, i, вядома ж, прывабныя гароднiна i садавiна. Прадукцыя з розных куткоў краiны: карэспандэнт «Р» для сябе знайшла гродзенскiя кавуны. Спойлер: салодкiя. Чым яшчэ здзiўляюць на восеньскiм кiрмашы i ў якую суму абыдзецца запасціся сезоннымi прадуктамi — у нашым рэпартажы.

З дзесяцi кропак, дзе разгарнуўся гандаль, выбiраю тую, што блiжэй да дома — пляцоўку каля ГЦ «Максiмус» па вулiцы Лабанка, 94.

Не мёдам адзiным

З дзесяцi кропак, дзе разгарнуўся гандаль, выбiраю тую, што блiжэй да дома — пляцоўку каля ГЦ «Максiмус» па вулiцы Лабанка, 94. Кiрмаш вiдаць здалёк. Каля 20 машын размясцiлiся на тэрыторыi. З пачатку працы прайшло дзве гадзiны. Хтосьцi ўжо паспеў закупiцца: бачу некалькi жанчын з вялiзнымi пакетамi, непадалёк мужчына грузiць мех бульбы ў багажнiк машыны. Свой абход пачынаю ад гандлёвага цэнтра. Увагу прыцягвае палатка з мёдам. Тут прапануюць купiць карысны ласунак у сярэднiм за 12 рублёў за лiтр.

— Сёння з пачатку гандлю было каля 10 пакупнiкоў, — пачынае аповед пчаляр Тамара з Глыбокага. — У асноўным бяруць па 500 грамаў мёду. Мы прывезлi розныя вiды: разнатраўе, грэчневы, барбарысавы, на сотах. Праўда, яго цяпер не спяшаюцца браць. Часцей за ўсё людзi цiкавяцца мёдам, калi захворваюць. Вось пойдуць халады, пачнуцца катары, тады i прадукт будзе запатрабаваны. А зараз…

Рухаемся далей. Заўважаю чаргу каля грузавiка з жывой рыбай. Адтуль плыве характэрны пах i далятаюць невялiкiя пырскi вады — стараннi буйных хвастоў рыбiн. На невялiкай дошчачцы цэны: за кiлаграм таўсталобiка просяць 3 рублi 43 капейкi, за карпа — 5 рублёў 98 капеек. Рыбгас прапаноўваў i шчупака, але 45 кiлаграмаў гэтай рыбы распрадалi менш чым за дзве гадзiны.

За кiлаграм таўсталобiка просяць 3 рублi 43 капейкi, за карпа — 5 рублёў 98 капеек.

Каля вагаў робяць пакупкi Наталля i Сяргей. Iх сённяшнi ўлоў — амаль 4 кiлаграмы таўсталобiка. За гэта сям’я заплацiла каля 14 рублёў.

— Сёння прыйшлi сюды не толькi за рыбай. Паглядзiм увесь асартымент кiрмашу, — дзеляцца планамi на блiжэйшы час Наталля i Сяргей. — Мы часта наведваем падобныя мерапрыемствы. З рыбы аддаём перавагу таўсталобiку, а ў крамах яго не бачым. Таму закупляемся тут.

Агароднае багацце

Асноўную частку кiрмашоў займаюць прадаўцы гароднiны i садавiны. Тут прадаюць бульбу па 60 капеек за кiлаграм, капусту па 75 капеек, цыбулю па рублю, памiдоры i агуркi крыху больш за 2 рублi, баклажаны па 2 рублi, свежы перац па 3 рублi. Памiж iмправiзаваных радоў ходзiць Святлана. Яна дачнiца з вопытам. А на кiрмаш зазiрнула, каб прыгледзецца. Раптам знойдзе тое, што ў яе ўладаннях не расце.

— Сёння прыцэльна шукаю «валгаградскую» цыбулю. Па водгуках, яна вельмi смачная i сакавiтая, — тлумачыць прычыны свайго прыходу на кiрмаш Святлана. — Адначасна куплю перац. I вядома ж, кавун i дыню. Парадую сына i ўнучку.

Асноўную частку кiрмашоў займаюць прадаўцы гароднiны i садавiны. 

Святлана заўважыла: якасць прадуктаў на кiрмашы ў асноўным лепшая, чым у супермаркетах. Праўда, цэны тут знiжаны ненамнога.

У наступнай палатцы загаворваю яшчэ з адной наведвальнiцай сённяшняга гандлю. Гэта Таццяна. Яна пакуль без пакупак. Прыцэньваецца i прыглядаецца, дзе якасць лепей i цэны больш дэмакратычныя.

— Учора была на рынку ў Малiнаўцы. Сёння прыйшла сюды. Вазьму некалькi кiлаграмаў перцу на закаткi. Мабыць, гляну яшчэ, што прапануюць з прыпраў.

Замыкае кiрмаш вялiкiх памераў грузавiк. Здаецца, у iм ёсць усё: ад капусты i бульбы да яблыкаў i кавуноў. Дарэчы, iх выгадавалi на гродзенскай зямлi. З выгляду кавуны зусiм дробныя: на 3 кiлаграмы. Але за адну такую ягаду трэба аддаць 4 рублi 50 капеек. Нямала! Усмешлiвая прадавец Галiна запэўнiвае: кавун не горшы, чым замежны, а то i лепей. Паддаюся спакусе i спрабую невялiкi кавалачак. I праўда смаката.

— Мы часта прыязджаем на сезонныя кiрмашы, — прызнаецца Галiна. — I нават паспелi абзавесцiся пастаяннымi клiентамi. Абмянялiся з iмi нумарамi тэлефонаў i звязваемся, калi вырашаем, што ўзяць з сабой на продаж. Напрыклад, кавуны многiя бяруць на пробу. А потым вяртаюцца за дабаўкай нягледзячы на цану.

За некалькi гадзiн прадаўцу ўдалося нагандляваць больш чым на 300 рублёў. Асноўную стаўку робяць на капусту, яблыкi, перац. А вось бульба пакуль не выклiкае ажыятажу ў пакупнiкоў.

Сезон сельскагаспадарчых кiрмашоў працягнецца да 1 лiстапада. Рэжым працы — субота i нядзеля з 10 да 16 гадзiн. Кожны жадаючы зможа запасцiся вiтамiннымi прысмакамi на надыходзячыя халады.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter