У вёсцы Моталь, што на Брэстчыне, створаны Музей хлеба

Пачастункі па старажытных рэцэптах

 Грэчка і проса, запечаныя ў печы ў гаршках. Апетытныя дранікі з фасоляй. Тушаныя бабы з цыбуляй і морквай. Хатнія каўбасы і сала з драўлянага кубельца. Кулічы і пірагі... Здаецца, нічога незвычайнага, ці не так? Але самае галоўнае — як усё гэта паднесці і падаць. Вось тут і няма роўных жыхарам вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, якія некалькі гадоў назад прыдумалі свята ежы “Мотальскія прысмакі”. А нядаўна адкрылі ў вёсцы Музей хлеба. 


“Смачнае” свята праходзіць у жніўні, а вось водар свежага хлеба разносіцца па гасцінным Моталі штодня. У прыватнага прадпрыемства, якое адкрыла музей, свая вытворчасць печы-ва, тартоў і хлебабулачных вырабаў. 

Дырэктар прадпрыемства “Анікс-Санія” Мікалай Стасевіч расказвае, што ў музеі ў хуткім часе будуць вучыць нават турыстаў пячы хлеб па старадаўніх рэцэптах: 

— Кулінарны майстар-клас стане часткай экскурсійнай праграмы. Госці змогуць уласнаручна змалоць муку, прасеяць яе, замясіць цеста... Мы сабралі незвычайныя рэцэпты выпечкі хлеба, рарытэтнае начынне ды іншыя экспанаты. 

Турыстам таксама прапануюць паглядзець фільм пра старажытны звычай выпечкі, пакажуць упрыгажэнні, пазнаёмяць з абрадамі падзелу вясельнага каравая. 

At the traditional festival in Motol
На традыцыйным свяце “Мотальскія прысмакі”

Маталяне пякуць каравай і ў доме жаніха, і ў доме нявесты. Яго аснову замешваюць і выпякаюць спецыяльна запрошаныя каравайніцы. У Моталі лічаць, што ад выбару каравайніц залежыць лёс маладых. Мотальская вясельная каравайная традыцыя як частка вясельнага абраду ўключае ў сябе шэраг ганаровых і адказных этапаў: рашчыненне, замес, саджанне ў печ, выманне з печы, упрыгожванне, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца малітвамі, песнямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Значным элементам каравайнай традыцыі з’яўляецца ўпрыгожванне каравая, для чаго вырабляюць з цеста і пякуць “шышкі”…

Вольга Мацукевіч, заснавальніца Мотальскага музея народнага побыту, расказала, што каравайная традыцыя захоўваецца тут шмат стагоддзяў:

— Каравай рашчынялі дзесьці ў 12 гадзін. І засцерагалі, каб ніхто не падышоў, чаго не ўліў, не ўкінуў, не “зачараваў”. 

Вадзім Пракапчук, рэгіянальны каардынатар праекта ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё” па Брэсцкай вобласці, назваў плённай агульную работу па стварэнні музея:

— Тут сабраны многія рэцэпты менавіта палескага хлебапячэння. І ў перспектыве прадпрыемства “Анікс-Санія” зможа зрабіць свой маленькі турыстычны прадукт. 

У вёсцы Моталь да каравая адносіны асаблівыя: абрад, які тут перадаецца з пакалення ў пакаленне, прэтэндуе на статус нематэрыяльнай каштоўнасці Беларусі і нават Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Няправільна будзе, калі я скажу, што Моталь знакаміты толькі сваім хлебам. У адной вёсцы з чатырма тысячамі жыхароў ужываецца цэлы шэраг падобных вытворчасцяў. Так, у філіяле раённага спажывецкага таварыства ёсць каўбасны цэх і цэх па перапрацоўцы рыбы. Рыбай і морапрадуктамі займаецца таксама прыватнае прадпрыемства “Шыкалай”. Фермерская гаспадарка “Мінюка” вырабляе каўбасы і вэнджаніну. Прычым прадпрымальнікі не пала-жылі на лапаткі СВК “Агра-Моталь” — гаспадарка вядомая сваёй ранняй бульбай далёка за межамі Беларусі.

Дадайце ў гэты “смачны” калейдаскоп агульную зацікаўленасць мясцовых уладаў, бізнесу ды міжнародных арганізацый — і вось ён, складнік поспеху. 

Спытала ў Мікалая Шыкалая, старшыні філіяла “Кааппрам” Іванаўскага раённага спажывецкага таварыства, адкуль у мясцовых жыхароў такая моцная прадпрымальніцкая хватка. Разважаў Мікалай Максімавіч доўга. Дайшоў аж да Боны Сфорцы. Дзякуючы жонцы вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта Старога ў 1555 годзе Моталь атрымаў Магдэбургскае права. Італьянка стварыла ў Моталі рэзідэнцыю, што прыцягнула сюды ўмелых рамеснікаў і гандляроў. Паводле падання, такія распаўсюджаныя ў Моталі прозвішчы, як Палто, Кульбеда, з’яўляюцца італьянскімі, а прозвішча Кузюр мае нямецкае паходжанне. Праўда, самыя паспяховыя сёння — мясцовыя Шыкалаі, Каштальяны і Мінюкі. 

Мне падаецца, дакладней, я ўпэўнена, што 90 працэнтаў маталян не чакае, калі Урад дасць новыя льготы для вядзення бізнесу. Ніхто тут не спадзяецца, лежачы на печы, што з неба зваліцца вялікая зарплата. Вяскоўцы самі ўсё робяць — грунтоўна, “да ладу”, як выказаўся старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун. 

Кулінарнае свята “Мотальскія прысмакі” атрымалася своеасаблівым пропускам у еўрапейскі турыстычны маршрут, які абяцае прадпрымальным маталянам немалую выгаду. Музей хлеба — таму пацвярджэнне. Ён створаны па грантавай праграме праекта USAID/ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Разам з новай сядзібай “Мотальская Венецыя” музей стаў часткай турысцкай дэстынацыі “Мотальскі шлях”, у якую раней увайшлі мясцовы музей этнаграфіі ды народнай творчасці, музей народнай медыцыны ў суседняй вёсцы Стрэльна, літаратурны музей Фёдара Дастаеўскага ў аграгарадку Дастоева, экамаршруты па рацэ Ясельдзе і шматлікія аграсядзібы.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter