Пачастунак ў гаршочку ад Далькова

Аляксей Далькоў выконвае сваю работу прыгожа і якасна...

Аляксей Далькоў працуе поварам. Выконвае сваю работу настолькі прыгожа і якасна, што яго калегі не могуць утрымацца, каб не паназіраць, як лоўка Аляксей робіць нарэзкі. З-пад яго рук выходзяць творы кулiнарнага мастацтва. З усмешкай Аляксей на захапленне калег адказвае жартам:

— Крышку лёгкага гламурчыка — і кліент наш!

У прафесію сваю Аляксей прыйшоў, усё ўзважыўшы і свядома зрабіўшы выбар. Яго бацькі, урачы па прафесii, не пярэчылі, калі даведаліся, што ён хоча стаць поварам. Яшчэ калі быў школьнікам, Аляксей з радасцю дома кухарыў, пёк апетытныя блінчыкі і булачкі. Пасля заканчэння 9 класаў з Гродна, адкуль родам, паехаў паступаць у Мінскі тэхналагічны каледж. Першы год не паступіў, правучыўся яшчэ адзін год у агульнаадукацыйнай школе і пасля 10 класаў зноў паехаў паступаць у той жа каледж. На гэты раз з поспехам вытрымаў экзамены. Атрымаў спецыяльнасці тэхніка-тэхнолага і повара 5-га разраду. Больш таго, тут сустрэў сваю палавінку — Надзею.

Пасля заканчэння вучобы Аляксей працаваў у мінскіх рэстаранах. Мяняў іх для таго, каб вывучыць кухню розных народаў і набыць вопыт у гатаванні страў. Першым яго настаўнікам быў шэф-повар кубінец, з якім і цяпер падтрымлівае сувязі. Аляксей асвоіў лацінаамерыканскую, грузінскую, японскую кухні.

Калі Надзея закончыла каледж, яны паехалі ў Гродна. Аляксей працаваў поварам у вялікім рэстаране на 150 пасадачных месцаў, Надзея — прадаўцом у Гро­дзенскім універмагу. Затым маладая сям’я, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы, з благаславення бацькоў пераехала ў Стоўбцы, у бацькоўскі дом Надзеі. Тут у іх нара­дзіўся сын Іван, сям’я будуе кватэру.

Аляксей уладкаваўся па сваёй спецыяльнасці ў аддзел грамадскага харчавання Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства. Працаваў загадчыкам вытворчасці грамадскага харчавання. Аднак прафесія повара здалася больш прывабнай. І ён зноў на кухні, цяпер ужо ў новым кафэ райцэнтра «Прывал рыцара». Аляксей Далькоў удзельнічаў у распрацоўцы фірменнага меню кафэ. А на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2011» у Мала­дзечне кухня «Прывала рыцара» і ўзровень абслугоўвання кліентаў мелі такое прызнанне ў удзельнікаў урачыстасці, што райспажыўтаварыства атрымала ўзнагароды Беларускага рэспуб­ліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў і Мінскага аблспажыўтаварыства.

Прафесіяналізм Аляксея Далькова дапамог займець новаму кафэ райцэнтра добрую рэпутацыю. Першыя месяцы работы далі неблагі даход, што радуе калектыў, у складзе якога людзі ў сваёй прафесіі невыпадковыя, як, напрыклад, повар Ала Рабава, буфетчыцы Жанна Казак, Таццяна Мышкавец. Кафэ атрымлівае нямала заказаў на банкеты. Прыемна было быць сведкамі размовы адміністрацыі з кліенткай, якая прасіла, каб стравы для святочнага стала на яе юбілей гатаваў Аляксей Далькоў. Повар уважыў гэту просьбу і выйшаў на працу ў свой выхадны дзень. Што ж, для райспажыўтаварыства такія спецыялісты высокага класу — добрая знаходка. Аляксей Далькоў атрымлівае завочна вышэйшую адукацыю ў Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі.

Цікава, што яго малодшы брат Андрэй таксама выбраў прафесію повара. Ён вучыцца ў Баранавіцкім тэхналагічным каледжы. Такім чынам, хлопцы працягваюць спадчынную справу — іх дзед-грузін быў уладальнікам прыватнай пякарні.

На развітанне Аляксей Далькоў дорыць нам вось такую шырокую ўсмешку. Што ж, у чалавека добры жыццёвы настрой, таму што ён — на сваім месцы.

На здымку: повар Аляксей ДАЛЬКОЎ.

Фота: Святлана ЖЫБУЛЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter