
Надвячорак буднага дня. Натоўп пасажыраў у тралейбусе 92-га маршруту. Адна з жанчын нават не заўважыла, як нечая рука асцярожна расшпiлiла яе сумачку, знiкла ўнутры, а «вынырнула» з кашальком, у якiм ляжалi банкаўскiя пластыкавыя карткi i каля 20 рублёў. Праз некалькi прыпынкаў пасажырка, якая так нiчога i не заўважыла, сышла, а на вулiцы супрацоўнiкi мiлiцыi папрасiлi яе праверыць наяўнасць кашалька. Зразумела, яго ў сумачцы не аказалася.
Хутка затрымалi i чалавека, якi ў штурханiне быццам выпадкова прыцiснуўся да ахвяры крадзяжу. Кiшэнным злодзеем аказалася... 67-гадовая бабуля, якая, як нi дзiўна, раней нiколi не была заўважана ў крымiнальных схiльнасцях. Але сумненняў у яе вiнаватасцi няма:
— Мы паверыць не маглi, што пажылая жанчына можа мець дачыненне да крадзяжу, — прызнаецца Яўген Холад, намеснiк начальнiка крымiнальнага вышуку Заводскага РУУС. — Бабуля таксама адмаўляла ўласную вiну, але сумненняў наконт гэтага няма: злашчасны кашалёк знайшоўся пры ёй.
Пажылую жанчыну затрымалi, распачата крымiнальная справа. Падазроную правераць на дачыненне да iншых выпадкаў кiшэнных крадзяжоў, а таксама паспрабуюць высветлiць, калi пачалася крымiнальная кар’ера ўдавы, якая ў мiнулым, дарэчы, працавала ў адным з аўтобусных паркаў сталiцы.
Ксенія ЯЎГЕНІЧ.