— Зараз пацыенты ўсё ведаюць лепш за ўрачоў. Купляюць лінзы ў гіпермаркетах, а потым прыходзяць да нас з даволі сур’ёзнымі ўскладненнямі. А ўсё чаму? Таму што яны карыстаюцца лінзамі, якія ім не падыходзяць: ці пераношваюць, ці мадэль не тая, ці памер трэба іншы, — каменціруе няпростую сітуацыю старэйшы выкладчык кафедры афтальмалогіі БелМАПА, лазерны хірург Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра Дзмітрый Абельскі. — У выніку да нас трапляюць з сур’ёзнымі запаленнямі рагавіцы, часам з язвамі ці перфарацыяй.
Пасля выкарыстання непрыдатных лінз пацыенты трапляюць у бальніцу з сур'ёзнымі пашкоджаннямі рагавіцы
Дарэчы, у Злучаных Штатах лінзы не прадаюцца ў вольным доступе. А ў Ізраілі яны рэалізуюцца толькі ў аптэках. Многія краіны разглядаюць магчымасць далучыцца да іх шэрагу.
— Пасля няўдалага скарыстання лінзаў і ўжо з сур’ёзнымі парушэннямі зроку пацыенты звяртаюцца да ўрачоў. Яны хочуць зрабіць лазерную карэкцыю зроку, аднак пашкоджаныя сасуды рагавіцы ўжо не дазваляюць нармальна зрабіць зрэз, — расказвае пра цяжкасці Дзмітрый Яўгеньевіч. — Падбіраць лінзы павінен урач. Многія не разумеюць, што нейкай кантактнай лінзай можна загубіць свой зрок і наогул здароўе вачэй.
Вераніка МІКАЛАЕВА