Беларуская вёска Мосар ў 2014 годзе адзначыла 500-годдзе

Пабачыць Мосар. I ўспомнiць Бульку

Чым адметны сённяшні дзень 500-гадовай глыбоцкай вёскі...
Пасярэдзiне Мосара, насупраць касцёла Святой Ганны, з’явіўся вялізны камень-валун вышынёй пад два з паловай метры і вагою 9 тон. Устаноўлены ён у гонар 500-годдзя населенага пункта, юбілей якога мясцовыя жыхары і іх госці адзначылі ў мінулыя выхадныя.

mosar.png


Упершыню ў дакументах Мосар упамінаецца ў 1514 годзе. У мінулым вёска змяніла шмат гаспадароў: Зяновічаў, Далмат-Ісакоўскіх, Млечкаў і іншых. Найбольшы след у яе гісторыі пакінулі графы Бжэстоўскія, Ганна і Роберт, якія ў канцы XVIII стагоддзя пабудавалі палац і касцёл. Палац быў разбураны ў грамадзянскую вайну, а касцёл захаваўся да нашых дзён.

Аднак вёска Мосар так і засталася б звычайнай беларускай вёсачкай, якіх у краіне тысячы, калі б у 1989 годзе сюды не прыехаў ксёндз Ёзас Булька. На занядбанай забалочанай тэрыторыі вакол храма ён стварыў культурна-дэндралагічны комплекс, які мала ў чым уступае батанічнаму саду ў Мінску.

Падзівіцца на райскі куточак у Мосар едуць турысты з усяго свету. За дзень бывае да 15—20 аўтобусаў. Праславіўся ксёндз яшчэ непрымірымай барацьбой з п’янствам: аб’явіў наваколле зонай цвярозасці і стварыў першы ў Беларусі антыалкагольны музей, у які самагоншчыкі здалі свае апараты. 

За сваю неймаверна тытанічную працу Ёзас Булька быў удастоены прэстыжнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

І таму вельмі справядліва, што святкаванне юбілею пачалося з ускладання кветак да магілы святара, якая знаходзіцца побач з касцёлам. Потым біскуп Віцебскай дыятэзіі Алег Буткевіч правёў у храме святочную літургію, прысвечаную юбілею вёскі.

mosar1.png


У гэты дзень была аддадзена даніна памяці землякам, якія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай вайны. На мітынгу ля помніка загінуўшым воінам гучалі імёны Івана і Уладзіміра Пачкоўскіх, Івана, Іосіфа і Антона Букаў, Пятра і Адама Дулінцоў, Івана Лаўрыновіча, Пятра Лысёнкі, Віталя Ткачонка...

Сёння вёска Мосар развіваецца і квітнее. Калектыў мясцовага льнозавода начале з дырэктарам Віктарам Кейзікам, выдатным кіраўніком-прафесіяналам, уваходзіць у тройку лепшых у краіне па вырошчванні даўгунцу.Важкія прыбаўкі па малаку і мясу даюць рэканструяваныя фермы філіяла «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». Ёсць у вёсцы паштовае аддзяленне сувязі, дзве дзяржаўныя крамы і прыватны кіёск.

Адчыняюць дзверы новыя сацыяльныя аб’екты. Адзін з іх — дом для пастаяннага пражывання адзінокіх састарэлых і інвалідаў — быў адкрыты ў дзень свята. Тут створаны ўсе ўмовы для пастаяльцаў: дабротныя пакоі, кухня, зала для адпачынку і іншае. Новая мэбля і наогул усё абсталяванне. Зроблены аб’ект за кошт бюджэтных сродкаў раёна (звыш 130 мільёнаў рублёў) дзякуючы асабістай ініцыятыве старшыні райвыканкама Алега Морхата. Ён выказаў пажаданне, каб масарчане ўзялі пад свой патранаж гэты дом. Першым адгукнуўся былы настаўнік Уладзімір Зотаў. Ён прынёс дары са свайго падворка: мёд і казінае малако.

mosar2.png

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ і біскуп Віцебскай дыятэзіі Алег БУТКЕВІЧ на пасадцы алеі ў гонар юбілею вёскі Мосар


На заключнай урачыстай частцы святкавання, якая праходзіла ў парку, звыш сотні вяскоўцам, ветэранам працы і тым, хто сёння шчыруе на прадпрыемстве, палях і фермах, былі ўручаны граматы і каштоўныя падарункі.

Адбылася прэзентацыя кнігі «Святкуе Мосар юбілей — красуйся, слаўся і квітней», у аснову якой ляглі матэрыялы настаўніцы Ліліі Брэхун пра гісторыю населенага пункта. На даволі аб’ёмнай пляцоўцы быў разгорнуты цэлы гандлёвы гарадок. Свае вырабы прывезлі сюды нават народныя майстры з Мінска. Адзін з іх, Уладзімір Азіма, пра свае ўражанні сказаў так:

— Кожны беларус, лічу, павінен пабываць у Мосары. Царства нябеснае Ёзасу Бульку, колькі ён зрабіў! Чалавека, на жаль, няма, але ён жыве ў сваіх справах! 

Распачатае Ёзасам Булькам мае працяг. Мясцовы фермер Андрэй Андрэеў разбіў сад, акультурвае зямлю. Старшыня Удзелаўскага сельскага Савета Віктар Карман паведаміў, што яшчэ на 5 год прынята рашэнне аб зоне цвярозасці: ні ў адной краме Мосара на гэты перыяд гарэлкі не будзе.

Дарэчы, яе не было і на свяце. Нават піва!


Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter