За што святар з Росіцы ўганараваны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і чаму кожную вясну ля касцёла расцвітаюць роўна 1528 цюльпанаў

Пабачыў нашу прыгажосць – i адпала жаданне некуды ехаць

За што святар з Росіцы ўганараваны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і чаму кожную вясну ля касцёла расцвітаюць роўна 1528 цюльпанаў


Так выйшла, што прыехаў я да Часлава КУРЭЧКІ (на здымку) крыху раней прызначанай гадзіны і якраз трапіў на службу ў касцёле, якую ён вёў. Ціхенька прысеў за прыхаджанамі на апошняй лаўцы. Пазней да мяне далучыўся і дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства “Дрысенскі” Васіль Губанаў.

У КАСЦЁЛЕ адчувалася святочнасць. Яе стваралі прыгожа ўбраныя ёлкі, якія засталіся яшчэ пасля Каляд, і ўзнёсла-чысты голас самога ксяндза. Ён маліўся за лад у сем’ях, за добрае надвор’е для хлебаробаў, нават за плён працы сродкаў масавай інфармацыі. 

— Васіль Іванавіч, — крануў я далікатна за локаць Губанава, — і журналістаў во не забыў?!

— Ён — такі: перажывае і моліцца за ўсіх...

Пасля службы мы з Васілём Іванавічам былі запрошаны да Курэчкі ў дом, які знаходзіцца праз дарогу насупраць касцёла, на чай. Пакуль ён гатаваўся, Губанаў расказаў тое-сёе пра гаспадара:

— Яму патрэбна ўсё адразу і шмат! Віншую яго аднойчы з днём нараджэння, а ён пытае: “А дзе падарунак?” Пакуль я прыкідваў, што ж такое купіць, кажа: “А дай ты мне, дырэктар, на пару гадзін пагрузчык “Амкадор”. Больш нічога не трэба!” Тут жа за касцёлам яшчэ сем год таму было самае звычайнае балота. Трактары вясной і восенню тапіліся, а мы ўсё дабрацца ніяк не маглі. А ён зрабіў. Старшыня райвыканкама Ігар Марковіч здорава падмог, начальнік райсельгасхарча Уладзімір Быкаў падцягнуў меліяратараў, дарожнікаў. І мы давалі тэхніку, запраўлялі яе. Так паціхеньку і насыпалі дамбу...

Марына Міхалькевіч, былая цялятніца, а цяпер на пенсіі, якая дапамагае ксяндзу па гаспадарцы, прыносіць на стол вялікі торт:

— Вось, пасля лаўрэацкага віншавання застаўся. Спецыяльна пяклі. Паспрабуйце, такога вы яшчэ не елі!

Аказваецца, яна і яшчэ некалькі росіцкіх парафіян суправаджалі Часлава Курэчку ў Мінск на цырымонію атрымання ім прэміі “За духоўнае адраджэнне”. 

— Сядзім у Палацы Рэспублікі, — дзеліцца яна ўражаннямі, — выклікаюць на сцэну іншых. Перажываю, аж не магу: “Ну калі ж, калі наш Часлаў пойдзе?! І раптам — завуць. Іншыя неяк хуценька прэмію ўзялі і пайшлі. А наш ксёндз нешта доўга гаварыў з Прэзідэнтам. Аб чым — не прызнаецца. Але я так думаю, што няйначай у нашу Росіцу Аляксандра Рыгоравіча запрасіў”. 

...А ПОТЫМ мы пачулі аповед самога Часлава Курэчкі:

— Увогуле ж я — самы звычайны чалавек. Родам з Браслаўшчыны, з вёскі Загоршчына, якая апраўдвае сваю назву: пагоркі, бярозы, яблыні, буслянкі. Вельмі прыгожыя мясціны. Цяпер у вёсцы засталося толькі два дамы: там жывуць мой дзядзька Вацэк і старэйшы брат Станіслаў. Летам прыязджаю туды, дапамагаю штосьці. Маці мая, Ядвіга, памёрла, калі мне было шэсць год. Бацька жаніўся. У мачахі дзяцей сваіх не было, і яна глядзела за намі як за роднымі. Я любіў дапамагаць ёй у агародчыку, дзе шмат было кветак, а таксама саджаць цыбулю, агуркі, памідоры, розную зеляніну. Гэта былі шчаслівыя дні.

Круціўся ля маці і тады, калі яна рыхтавала страву. Гэта, відаць, і падштурхнула мяне пасля школы паступіць у Даўгаўпілскі кулінарны тэхнікум. Вучыўся добра. Закончыў яго з высокім пятым разрадам. 

Служыць трапіў на Баранцава мора, у Севераморск. Кок я, гаварылі, быў харошы. Ніколі нідзе нічога не краў. Нават калі да мяне прыходзілі стараслужачыя і патрабавалі бляшанку тушонкі ці крышку масла, я не мог дазволіць такога, хоць, здаралася, моцна атрымліваў за гэта ў цёмным кутку па галаве. Тым не менш — усе прадукты ішлі толькі ў салдацкі кацёл. 

Мне прапанавалі работу поварам на караблі далёкага замежнага плавання. Сам я па натуры рамантык. Хацелася паглядзець свет, пабываць у другіх краінах, на іншых кантынентах. Згадзіўся, аформіў адпаведныя дакументы. Але прыехаў дадому, убачыў нашу прыгажосць — і адпала жаданне некуды ехаць. 

 Услед за першым другое запрашэнне прыходзіць: чакаем. Але тут бацька ўзмаліўся: “А чаго ты, сынок, паедзеш? У цябе і ў аўтобусе галава кружыцца, а там жа мора, акіян! І выпадкі розныя здараюцца. І караблі тонуць. Няўжо табе зямелькі тут мала?”

Так і застаўся. Пайшоў працаваць поварам у даўгаўпілскі рэстаран “Латвія”. Напэўна, прафесійнае прызванне паклікала. У рэстаране тым былі і каньякі даступныя, і віны ўсялякія заморскія, і ікра чырвоная, і балыкі, і асятрына, і ласасіна, і клубніцы зімою, і бананы. І гэта ў савецкія часы, калі нічога нідзе не было. А ў нас гэтыя прысмакі былі заўсёды, бо людзі з урада заязджалі.

Аднак такое жыццё было не па мне, і я падаў заяву на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Відаць, на такі выбар паўплывала тое, што сям’я наша была надта малітоўная. Мы хадзілі яшчэ дзецьмі ў касцёл у Слабодку за шэсць кіламетраў і ў Браслаў — за дзевяць. Калі надаралася непагадзь, то станавіліся на калені і маліліся дома. Пробашч Часлаў Вільчынскі, бацькаў знаёмы, нярэдка наведваўся да нас. Частавалі яго смачнымі дулямі, духмяным мёдам, а ён сядзеў на лавачцы, любаваўся прыродай і расказваў розныя цікавыя гісторыі з духоўнага жыцця. Бацька, як пачуў аб тым, што я жадаю стаць святаром, ажно праслязіўся: “А мой ты сынок. Кідаеш хлеб — паедзеш збіраць крошкі!” Але, гляджу, у яго вачах — радасць і гонар за мой выбар. 

І вось на гэтай сцяжыне ўжо два дзесяцігоддзі. Да Росіцы паслужыў у Оршы, Лужках, Падсвіллі, Задарожжы. Усюды, наколькі мог, стараўся навесці прыгажосць вакол храмаў: высаджваў дэкаратыўныя кусты, кветкі. Гэтым жа ўжо дзявяты год займаюся і ў Росіцы. Тут адразу за касцёлам было балота, якое займала больш за паўтара гектара. У ім зрабілі звалку, куды скідвалі рознае смецце. Вось і пачаў з яго, ледзьве адразу не нажыўшы ворагаў: суседзям парваў тэлефонны кабель. 

Канечне, адзін багата не дамогся б. Вось дырэктар мясцовай гаспадаркі Васіль Губанаў здорава памог, кіраўнік “Інвета” Сяргей Грамадка дапамог пантонны мосцік зладзіць. А галоўнае — скрануліся людзі самой Росіцы. 

Бралі кавалкамі, часцінкамі: адно зробім — ідзём далей. На адваяваным у балота месцы з’явіўся акуратны травяны газон і вельмі шмат розных дэкаратыўных кустоў і кветак. У штучным вадаёме развялі рознакаляровыя німфеі: белыя, жоўтыя , ружовыя, чырвоныя. 

Пасадачны матэрыял набываў у Браславе, Оршы, мінскім Батанічным садзе, у Глыбоцкім і Барысаўскім лясгасах. Потым завёў свой гадавальнік. Цяпер хапае не толькі для сябе, але і для вяскоўцаў, кветкаводаў з іншых раёнаў.

У Росіцы ў лютым 1943-га фашысты спалілі жывымі больш за паўтары тысячы яе жыхароў і жыхароў навакольных вёсак. Разам з паствай пакутніцкаю смерць тады прынялі і каталіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, хаця карнікі іх адпускалі, угаворвалі выехаць. Ксяндзы прасілі за жанчын і дзяцей, і калі нічога не атрымалася, заявілі: “Мы будзем са сваімі людзьмі да канца”. 

Самаахвярны ўчынак росіцкіх свяшчэннікаў — узор для ўсіх святароў, як трэба любіць сваю паству. У 1999 годзе Папа Рымскі Іаан Павел II далучыў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча да ліку благаслаўлёных. У памяць аб цярністым шляху росіцкіх мучанікаў ад касцёла да возера мы пасадзілі Алею з чырвонага барбарысу як сімвал пралітай крыві, і пірамідальных туй, якія ўзносяцца ўверх, нібыта свечкі. А яшчэ навокал касцёла кожную вясну зацвітаюць 1528 цюльпанаў — роўна столькі, колькі было спалена жыхароў.

Кожны год у лютым і ліпені з розных куткоў краіны, блізкага і далёкага замежжа збіраюцца ў Росіцу людзі, каб ушанаваць памяць ахвяр трагедыі.

ВОСЬ і сёлета 20 лютага прыбудуць пілігрымкі з Глыбокага, Полацка, Міёраў, Браслава, Барысава, Мінска... Усяго каля тысячы чалавек. Амаль сто святароў будуць маліцца на святой імшы ў касцёле, якую ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. 

Усіх удзельнікаў мерапрыемства накормім гарачымі стравамі: булёнам ці грыбной поліўкай, а таксама бульбай, тушанай з мясам. Пачастуем гарачай гарбатай. Такая ў нас традыцыя. У гэтым дапамагаюць мне актыўныя жанчыны-парафіяне Таццяна Ражноўская, Марына Міхалькевіч, Ганна Лаўрыновіч, загадчыца клуба Алена Мінчанка і многія іншыя. Для іх, і наогул жанчын прыхода, у мяне ў памяшканні ў скрыначках пасаджаны цюльпаны. Да 8 Сакавіка якраз павінны расцвісці!..

Адное — навесці прыгажоць, а другое, мо яшчэ цяжэй, — падтрымліваць яе. У гэтым дапамагаюць як жыхары Росіцы, так і пілігрымы. У нас апошніх — больш за тысячу адрасоў. Вядзём перапіску. Віншуем са святамі, запрашаем на ўрачыстасці. Людзі прыязджаюць на праполку, на догляд раслін. Сапраўды, тыя, хто пабываюць у нас, зараджаюцца энергіяй, пазбаўляюцца песімізму, абуджаюцца духоўна. І вельмі радуе, што работа наша, падкрэсліваю, не толькі мая, заўважана і ацэнена.

І калі я атрымліваў прэмію “За духоўнае адраджэнне”, то найпершым чынам выказаў удзячнасць Прэзідэнту за разуменне, падтрымку і запрасіў Аляксандра Рыгоравіча пры нагодзе наведаць Росіцу, намоленае месца, якое стала адным з прыгажэйшых у Беларусі... 

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter