Па здароўе ходзім у студню

“НГ” разам з чытачамі працягвае абмяркоўваць праблему чысціні і добраўпарадкавання калодзежаў

— Дзякуй, што паднялі гэту тэму — аб якасці пітной вады і клопатах пра студні, — звярнулася ў карпункт лепяльчанка Ларыса Тухта. — З дзяцінства ў мяне трапяткія адносіны да вады. Малой часта хварэла, а суседзі нават уздыхалі, маўляў, не жыліца... Мама казала, што выратавала мяне старая бабуля, якая загаворвала ваду і загадвала яе піць, умывацца, а галоўнае, верыць, што яна абавязкова дапаможа. Тая бабуля сцвярджала, што менавіта ў вадзе хаваецца сіла чалавека, і прымушала яшчэ і купацца ў возеры ці ва Уле летам у любое надвор’е, ваду браць толькі з чыстай студні, якую трэба лічыць зонай асаблівага шанавання. Мы пасля вайны не мелі свайго жытла і туліліся ў родзічаў, жылі па некалькі сем’яў у хаце, але добра памятаю: перш чым паставіць новы дом, дзядзька шукаў месца для студні. Вакол нашага калодзежа заўсёды былі чысціня і парадак... Пазней, калі сталі жыць у цэнтры горада і займелі кватэру з выгодамі, для піцця і гатавання ежы, прыгатавання кампотаў і марынадаў  ніколі не выкарыстоўвалі ваду з крана — толькі са студні. І сёння, заўважце, жыхары нават верхніх паверхаў не лянуюцца “спускацца на зямлю” дзеля чыстай вады. Многія едуць на транспарце да крыніц і студняў...  І тут узнікае пытанне: калі нашы продкі так верылі ў цудадзейныя сілы калодзежнай вады, а залежнасць здароўя ад чыстай вады пацвердзілі вучоныя і медыкі, то чаму многія сучаснікі вымушаны ўжываць ваду сумніўнай чысціні і якасці?

Наша чытачка мае рацыю: лепяльчане, магчыма,  не так ужо часта купляюць бутэляваную ваду ў крамах, а вось да студняў і крыніц не зарастаюць народныя сцяжынкі. “Крыштальная мара” мясцовых гаспадынь — каб у бялюткай ванне была блакітная вада, а пральныя машыны не ржавелі на вачах, служылі доўга і надзейна. Бо на прыгатаванне ежы яшчэ можна прывезці чыстай вады, на ванну або мыццё бялізны — не навозішся.
Якасць вады ў гарадскім водаправодзе даўно стала праблемай нумар адзін: утрыманне жалеза ў ёй у дзесяткі  разоў перавышае норму. Не гадамі — дзесяцігоддзямі гэта хвалявала людзей: звароты і пісьмы мяшкамі ішлі ў органы  ўлады, дэпутатам розных узроўняў і не аднаго склікання. Напрыканцы 80-х, здаецца, нават пачалося будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Ажыццяўленню планаў перашкодзілі перабудова ды развал Саюза.
— Сёння мы знайшлі іншае, больш выгаднае, цікавае і карыснае рашэнне. Чыстая вада на падыходзе! — расказаў намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Віталь Дзмітрыеў. Хутка ў строй уступіць новы водазабор, і тады пакаштаваць чыстую ваду можна будзе і з крана. Адкуль раптам гэта вада возьмецца? Адкрыццю, як часта здараецца, дапамог выпадак.
—У 1999 годзе жылкамунгас прымаў на баланс сеткі прыгараднай вёскі Стаі, — расказвае начальнік водаканала Антон Ермаковіч. — У архівах знайшлі паведамленні аб дзвюх свідравінах. Здзівіліся: утрыманне жалеза складала 0,16 пры норме 0,3! Падумалі, аднавілі іх і пусцілі на Стаі чыстую, добрую, якасную ваду. А з 2000 года пачалі разведачныя  работы ў наваколлі. Геолагі знайшлі вялікія запасы  — цэлую падземную раку з чыстай і смачнай вадой,  якой хопіць гораду, па папярэдніх падліках, не менш чым на 50 гадоў. Хаця ёсць меркаванне, што запасы вады тут значна большыя...
Правялі конкурс праектаў — будаўніцтва новага водазабору аказалася таннейшым, чым узвядзенне станцыі абезжалезвання вады, ды і менш затратным у эксплуатацыі.
На горад па праекту ідуць дзве ніткі вадаправода. Яны ўжо пракладзены. На водазаборы пабудаваны два рэзервуары па тысячы кубоў кожны, устаноўлены тры асноўныя і две запасныя помпы: падачу вады рэгулююць аўтаматы, а ў час пік уключаюцца рэзервы. Гэта значыць, што перабояў з вадой  нават на высокіх паверхах не будзе. Агульны кошт будаўніцтва — 5165 мільёнаў рублёў.
Увогуле ў раёне геолагі знайшлі шмат добрай вады,  і нават мінеральнай.
— Адно непакоіць: нямала добрай і якаснай вады, якая становіцца ўсё большай каштоўнасцю ў свеце, у Лепелі пойдзе на паліў агародаў (у невялікім Лепелі значны прыватны сектар з прысядзібнымі ўчасткамі. — А.Ц.), — выказвае трывогу эксперт у галіне рэгіянальнага развіцця, кіраўнік і адзін з аўтараў  сумеснага праекта ААН і ўрада Рэспублікі Беларусь Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця нашай краіны да 2020 года Алег Сівагракаў.
Але начальнік водаканала запэўнівае, што да канца бягучага года ва ўсіх кватэрах лепяльчан будуць устаноўлены лічыльнікі вады. Надзея, канешне, не толькі на іх, але і на свядомасць людзей, якія ўжо колькі дзесяцігоддзяў чакалі чыстай вады...
А пакуль у чаканні гаючай і карыснай калодзежнай вады, якая павінна пайсці з водаправодных кранаў у кожнай кватэры, жыхары Лепеля ідуць да сапраўдных калодзежаў. Балазе, у іх у адрозненне ад многіх жыхароў вялікіх гарадоў ёсць такая альтэрнатыва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter