За последние годы мир не стал более предсказуемым и безопасным

Па законах агульнай бяспекі

За апошнія гады свет не стаў больш прадказальным і бяспечным. Наадварот у ім узмацнілася жорсткая рыторыка часоў халоднай вайны, назіраецца эскалацыя ваенна-палітычнай і эканамічнай напружанасці паміж наймацнейшымі цэнтрамі сіл — калектыўным Захадам з аднаго флангу, Расіяй і КНР з другога. У шэрагу рэгіёнаў планеты рэзка ўзраслі тэрарыстычная пагроза і насілле.

Усё больш відавочнай становіцца адмысловая дэвальвацыя норм міжнароднага права, хаця пасля вынікаў Другой сусветнай вайны для большасці дзяржаў традыцыйна ўстойлівы мірапарадак не выклікаў ніякіх сумненняў. Які пазней, на піку палітыкі “Разрадкі” ў 1975 годзе, быў замацаваны Хельсінскім заключным актам па бяспецы — пагадненнем 35 дзяржаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, што ўсталявала прынцыпы міралюбнага і гуманнага міжнароднага парадку ў Еўропе.

Аднак цяпер адбываецца пэўнае блокавае супрацьстаянне асобных дзяржаў і ў тым ліку на ўзроўні буйных міжнародных арганізацый, накшталт ААН, АБСЕ і некаторых іншых. Гэтыя ўплывовыя структуры сёння ўсё больш актыўна крытыкуюцца бакамі-апанентамі за “страчванне сваёй першапачатковай ключавой ролі” ў справе забеспячэння міжнароднай бяспекі: ва ўрэгуляванні існуючых ваенных канфліктаў і неэфектыўнасці рашэнняў, прынятых па шэрагу вострых геапалітычных праблем. На розных палітычных пляцоўках працягваюць гучаць прапановы аб неадкладным і глыбокім рэфармаванні падобных арганізацый...     

Наша краіна з’яўляецца членам асноўных аўтарытэтных міжнародных арганізацый і донарам рэгіянальнай бяспекі, знаходзячыся на еўрапейскіх скрыжаваннях паміж Усходам і Захадам. Беларусь заўсёды выступае ў найважнейшых міжнародных пытаннях за палітычны дыялог, прапаноўваючы ў якасці стратэгічнай ініцыятывы дыпламатычны фармат шматбаковых перамоў пад умоўнай назвай “Хельсінкі-2”, а таксама імкнецца да поўнага вырашэння канфліктаў, палітычных і эканамічных рознагалоссяў, існуючых цяпер у міждзяржаўных адносінах.  

Недарэмна 7 студзеня, з нагоды ўрачыстага набажэнства на свята Раства Хрыстовага, Прэзідэнт падчас наведвання ў Мінску Храма-помніка Усіх Святых узгадаў аб спрадвечных каштоўнасцях нашага народа і сутнасці палітыкі нашай дзяржавы: “Гісторыю не змяніць, яе нельга забыць. Таму што няма лепш абароны, чым памяць аб трагічным мінулым. Мы цэнім мір, таму што былі сведкамі гора і жахаў войнаў як ніякі іншы народ у свеце. Беларусы гэта зведалі спаўна. Мы цэнім мір і заклікаем усе народы да сяброўства і супрацоўніцтва. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша царква заўсёды былі адзіныя”.      

А пакуль вядучыя палітыкі розных дзяржаў свету, лідары думак і эксперты, якія прадстаўляюць міжнародную супольнасць, кіраўнікі ваенных блокаў і саюзаў працягваюць размаўляць адно з адным амаль на мове ультыматумаў. Вядома, бяспекі ў шырокім сэнсе слова гэта нікому не дадае, а толькі можа справакаваць у сусветным маштабе бескантрольную гонку ўзбраенняў.

Днямі міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас выказаў заклапочанасць сваёй краіны па размяшчэнні ў Еўропе любым з ваенна-палітычных бакоў (ЗША альбо Расіяй) ракет малой і сярэдняй далёкасці. Кіраўнік МЗС падкрэсліў: ДРСМД на працягу дзесяцігоддзяў уносіў непасрэдны ўклад у бяспеку Еўропы і непасрэдна ФРГ. Такім чынам захоўваўся стратэгічны баланс сілаў.

Але пазіцыя калектыўнага Захаду зараз кансалідаваная і скіравана супраць ваенна-палітычных інтарэсаў Расіі. Так, паводле заявы агенцтву DPA генеральнага сакратара Паўночнаатлантычнага альянсу Енса Сталтэнберга, “НАТА адрэагуе ў выпадку, калі Расія не вернецца да выканання Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меньшай далёкасці (ДРСМД) у пэўны тэрмін”. Высокапастаўлены натаўскі чыноўнік упэўнены, што для аднаўлення стратэгічнага балансу ў НАТА ёсць шмат спосабаў адрэагаваць на спыненне дзеяння ДРСМД, паколькі ў Еўропе, на яго думку, ужо размешчаны новыя расійскія ракеты SSC-8, якія маюць магчымасць несці ядзерны зарад.

З гісторыі пытання: яшчэ напачатку снежня 2018-га дзяржсакратар Злучаных Штатаў Майк Пампеа афіцыйна абвінаваціў Расійскую Федэрацыю ў невыкананні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меньшай далёкасці (ДРСМД). Вашынгтон патрабуе, каб Масква вярнулася да ўмоў пагаднення на працягу 60 дзён, інакш дзеянне ДРСМД амерыканцамі будзе спынена ў аднабаковым парадку. Расія лічыць высновы ЗША адносна згаданай дамовы — ілжывымі.

Неабходна ўзгадаць, што ДРСМД не дазваляе ўсім яго падпісантам мець балістычныя ракеты наземнага базіравання і крылатыя ракеты з далёкасцю палёту ад 500 да 5,5 тысячы кіламетраў.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter