На якую дапамогу могуць разлічваць жыхаркі дома для часовага пражывання сямей у цяжкiм становішчы

Па-за зонай доступу

Адрас гэтага дома трымаецца ў строгім сакрэце. Так жанчыны з дзецьмі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, спрабуюць абараніцца ад тых, хто іх крыўдзіць. І гэта не заўсёды мужчыны: стварыць невыносныя ўмовы, падвергнуць насіллю, як фізічнаму, так і псіхалагічнаму, эканамічнаму, могуць і бацькі, і сёстры, і дарослыя дзеці. Тым не менш мужчынам тут знаходзіцца нельга. Той, хто трапляе сюды, падпісвае пагадненне аб невыдаванні сакрэту месцазнаходжання. Не стала выключэннем і карэспандэнт «Р».
Блізняты Яўгенія і Аляксандра атрымалі «мужчынскія» імёны — Маша спадзяецца, што дзякуючы ім у дзяўчат выпрацуецца моцны характар.

Сакрэтнасць, агароджа, відэаназіранне па перыметры і трывалыя металічныя дзверы — зусім нялішнія меры перасцярогі. Бывае, мужчыны жадаюць вярнуць жонак, на якіх так зручна спаганяць злосць. Яны высочваюць дзяцей у садках і школах, спрабуюць высветліць, дзе хаваецца бяглянка.

— Аднойчы муж угаварыў жонку сустрэцца з ім для размовы ў парку — і выкраў 4-гадовую дачку, — успамінае Вольга Папова, намеснік дырэктара па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва «SOS — Дзіцячая вёска Бараўляны» і кіраўнік Сацыяльнага цэнтра маці і дзіцяці імя Германа Гмайнера. — Ну, як выкраў… Па законе ён жа бацька. Тым не менш збіраліся звярнуцца ў міліцыю, але здолелі дагаварыцца: маўляў, табе ж на працу, як ты бу-дзеш даглядаць малое дзіця? Вярнуў, дзякуй богу.

Тэрміны пражывання ў прытулку дакладна не вызначаны — ад аднаго дня да года. Жанчынам хапае ў сярэднім чатырох месяцаў, каб справіцца са сваімі праблемамі. Пакінуць яго можна ў любы момант. Яны ездзяць на працу, па магазінах, наведваюць розныя ўстановы. Старэйшыя дзеці ходзяць у бліжэйшую школу. А вось з дзіцячымі садкамі паблізу існуе вялізная праблема — аддзел адукацыі не можа выдзеліць у іх для малышоў нават 2—3 часовыя месцы. Пакуль спраўляюцца сваімі сіламі: запрашаюць няню з «SOS — Дзіцячая вёска Бараўляны», за малымі наглядаюць мамы, якія маюць вольны час.

Дом разлічаны на 5 сем’яў — менавіта столькі тут асобных пакояў. Пры неабходнасці можна пасяліць у шостую — у гасцёўню. Кухня, ванная, пральня — агульныя. Усё поў-насцю абсталявана мэбляй, посудам, бялізнай, бытавой тэхнікай. Пражыванне бясплатнае, але прадукты трэба купляць за свае грошы.

Мэбля і посуд, бялізна і бытавая тэхніка ў прыюце прадастаўляюцца бясплатна.

Зараз у прытулку жывуць 4 сям’і. Маша, невысокая мілавідная бландзінка, з дзвюма дочкамі-блізнятамі тут ужо два тыдні.

— Я працавала, здымала кватэру, сустракалася з маладым чалавекам. Усё было добра, пакудь ультрагукавая дыягностыка не паказала двойню. Тут ён пабялеў, пазелянеў, —  іранізуе дзяўчына. — І даў зразумець, што на дваіх дзяцей не разлічваў. Мы пачалі аддаляцца, і нарэшце ён знік.

Разгубленая, у роспачы, Маша вярнулася да маці, але хутка аб гэтым пашкадавала. Тая піла і крыўдзіла дачку, біла, выганяла з дзецьмі на вуліцу, пагражала: маўляў, калі ты ім раты не пазатыкаеш, дык я пазатыкаю. Дзяўчына ледзь вытрымала два гады і перебралася да старэйшай сястры ў інтэрнат, пакой у якім тая атрымала па месцы працы. Жыла на птушыных правах, да таго ж у будынку ішоў рамонт. Дзяцей у час рэйду заўважылі супрацоўнікі МНС, якія вырашылі, што пражыванне ў такіх умовах шкоднае і небяспечнае для малых. Машу паставілі перад выбарам: або яна высяляецца ў трох-дзённы тэрмін, або дзяцей у яе забяруць. У школе напалоханай маці параілі звярнуцца ў прытулак.

Нягледзячы на сціпласць, адчуваецца ў Машы нейкі трывалы стрыжань. Вольга Канстанцінаўна з гэтым згодна:

— У яе добрыя перспектывы. Яна настойліва рухаецца да сваёй мэты і ўжо дабілася нейкіх поспехаў.

Мэты ва ўсіх жанчын тут падобныя: прыстроіць дзіця ў садок, знайсці жыллё і працаўладкавацца, каб ні ад каго не залежаць. Таго ж хоча і Каця. Гледзячы на гэтую высокую, стройную прыгажуню, цяжка паверыць, што яна стала ахвярай хатняга насілля. Тым не менш…

Муж пачаў біць Кацю яшчэ цяжарнай. А калі сын быў зусім маленькі, злупцаваў так, што жонка трапіла ў бальніцу. Была нават распачата крымінальная справа, але муж з жонкай прымірыліся. Выхоў-ваць дзіця не дапамагаў, грошай не даваў. Потым з’явілася другая жанчына, чаго ён і не ўтойваў.

— Я гатова была ўсё дараваць: пабоі, здраду, — вочы Каці блішчаць ад стрымліваемых слёз. — Прапанавала пачаць усё нанова. Але ён не захацеў.

Працягваліся бойкі, канфлікты з суперніцай, якую муж прыводзіў у дом. Муж і жонка вызывалі адзін на аднаго міліцыю і пісалі заявы ў пракуратуру. Сям’ю паставілі на ўлік як тую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пасля чарговай бойкі Каці паведамілі, што сына могуць забраць. Яна ўцякла з дому і так апынулася ў прытулку. Больш дзецца няма куды.

— Галоўнае — сына ў садок прыстроіць, — уздыхае Каця. — Тады ўжо буду шукаць жыллё і працу побач. Вяртацца нам ніяк нельга. Я не змагу жыць у адным доме з яго каханкай!

Змяшчэнне ў прытулак, на думку Вольгі Паповай, самы крайні выпадак:

— Як правіла, да нас прыходзяць жанчыны, якія знаходзяцца ў бядотным псіхалагічным стане. Нам важна дапамагчы ім супакоіцца, паверыць ва ўласныя сілы і вырашыць самыя экстранныя пытанні — жылля, працаўладкавання.

Ёсць і сем’і, якія проста атрым-ліваюць сацыяльныя, псіхалагічныя, юрыдычныя кансультацыі, наведваюць заняткі і трэнінгі, каб палепшыць «надвор’е ў доме». Толькі за апошні месяц праведзена праца са 106 сем’ямі, у якіх выхоўваецца 246 дзяцей. Дапамогу ажыццяўляюць 6 спецыялістаў: тры псіхолагі і тры сацыяльныя педагогі. За кожным замацавана некалькі сем’яў; ён ацэньвае, якая дапамога патрэбна, накіроўвае да адпаведнага спецыяліста, з’яўляецца пасрэднікам са знешнім светам.

Дом для часовага пражывання сямей, якія трапілі ў цяжкае становішча, удалося адкрыць дзякуючы праекту «Бяспека. Права на жыццё без насілля», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Сацыяльным цэнтрам маці і дзіцяцi імя Германа Гмайнера «SOS — Дзіцячая вёска Бараўляны». Тут прыстанішча знаходзяць жыхаркі Мінскага раёна, але ў выпадку вострай неабходнасці і наяўнасці свабодных месцаў дом можа прыняць сям’ю і з іншага рэгіёна. І гэта не проста прадастаўленне часовага жылля. Дзякуючы дзейнасці праекта ёсць магчымасць аказваць ахвярам насілля або заложніцам абставін псіхалагічную, юрыдычную, медыцынскую, эканамічную і матэрыяльную падтрымку. Абавязкова супрацоўніцтва з міліцыяй, аддзелам адукацыі і іншымі структурамі. Напрыклад, мужа адной жанчыны, які піў і біў яе, сумеснымі намаганнямі адправілі ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Цяпер у яе ёсць год, каб нешта змяніць у сваім жыцці.

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter