Американцы будут рассчитываться за войны против терроризма и в XXII веке

Па вялікім рахунку

Войны, інтэрвенцыі, шматлікія карныя аперацыі, нават акты непасрэднай агрэсіі супраць незалежных краін альбо асобных тэрыторый — гэта было характэрна для ЗША на працягу ўсёй гісторыі краіны, якая сёння ў свеце мае шматзначны статус супердзяржавы.

pixabay.com

Па колькасці войнаў Злу­ча­ным Штатам няма роў­ных — яны ў лідарах па ўзброеных уварваннях у іншыя краіны, нават калі апошнія не ўплываюць на бяспеку звышдзяржавы. Сярод галоўных мэт ваенных аперацый — захоп новых тэрыторый, усталяванне палітычнага і эканамічнага ўплыву ў свеце. Але, што цікава, афіцыйна ЗША абвяшчалі вайну даволі рэдка — адзінаццаць разоў. Статыстыка сведчыць, што раз у год Амерыка на кагосьці нападала.

Паказальна, што ў падтрымку актыўнай знешняй палітыкі кіраўніцтва Белага дома выказаліся трое з чатырох амерыканскіх ваенных. Яны вераць, піша Military Times, што ваенныя аперацыі ў іншых краінах — правільная палітыка.

У прыватнасці, апытанне, якое праводзілі Прэзідэнцкі фонд і Інстытут Рональда Рэйгана, высветліла: 76 працэнтаў рэспандэнтаў падтрымліваюць выкарыстанне амерыканскай ваеннай сілы, незалежна ад пагрозы для ЗША. Таксама 65 працэнтаў апытаных — за захаванне ваенных баз сваёй краіны за мяжой. І толькі 28 працэнтаў удзельнікаў сацыялагічнага даследавання выступілі за скарачэнне амерыканскай ваеннай прысутнасці ў замежжы.

Калі ўзяць вайсковыя кампаніі ў Афганістане, Іраку і Сірыі апошніх гадоў (вядома, пасля тэракта 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку), то Злучаныя Штаты і іх падаткаплацельшчыкі выдаткавалі на іх арганізацыю і правядзенне 1,5 трыльёна долараў. Аб гэтым паведаміла тэлекампанія CNBC, цытуючы Пентагон.

Больш за ўсё сродкаў пайшло на аперацыю ў Іраку — каля 731 мільярда долараў, ці 49 працэнтаў ад агульнай сумы. Затым ідзе Афганістан — 584,3 мільярда і Сірыя з 23,5 мільярда долараў.

Вайна ў Афганістане стала самай працяглай для арміі ЗША (пачалася ў кастрычніку ­2001-га). Цяпер на гэтай тэрыторыі дыслацыруецца каля 14 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. Сітуацыя, як лічыць разведка ЗША, там зайшла ў тупік: зараз амерыканцы імкнуцца весці перамовы з ваяўнічым рухам ­«Талібан» для дасягнення агульнанацыянальнага прымірэння.

Нагадаю, звяржэнне рэжыму Садама Хусэйна было ажыццёўлена ў 2003 годзе, бамбіць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі амерыканцы пачалі ў 2014-м. Праз крывавыя канфлікты ў гэтых краінах Блізкага Усходу прайшло звыш 2 мільёнаў ваенных ЗША. У гэтых бойнях і барацьбе з ісламскімі тэрарыстамі Пентагон страціў каля 6,8 тысячы салдат і афіцэраў, 52,3 тысячы ваенных атрымалі раненні.

Паводле даклада эспертаў Costs of War Project, «вайна супраць тэрарызму», якую распа­чаў урад Злучаных ­Штатаў, каштавала жыцця больш як 801 тысячы чалавек у свеце і абышлася амерыканскай казне ў астранамічныя 6,4 трыльёна долараў. Тыя, хто загінуў, у дакуменце размеркаваны па шасці катэгорыях — Афганістан, Пакістан, Ірак, Сірыя/«Ісламская дзяржава», Емен і «Іншае». Кольскасць загінуўшых сярод цывільнага насельніцтва ва ўсіх катэгорыях складае 335 745 чалавек, альбо амаль 42 працэнты (гэта смерць людзей толькі ад ваенных дзеянняў). Іншыя страты насельніцтва тут не ўлічваюцца.

Лічбы, як мяркуюць аўтары справаздачы, узрас­таюць таму, што войны працяг­ваюцца, і таму, што яны не завяршаюцца, нават калі салдаты вяртаюцца дадому. «Мы будзем разлічвацца за гэтыя войны супраць тэрарызму і ў XXII стагоддзі», — упэўнены даследчыкі з Браўнаўскага ўніверсітэта.

Нягледзячы на даволі відавочную ізаляцыянісцкую палітыку Дональда Трампа па розных пы­таннях, Злучаныя Штаты плануюць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам па супраць­дзеянні агуль­ным міжнародным пагрозам і выклікам.  

Што датычыцца НАТА, то Беларусь канструктыўна супрацоўнічае з альянсам па шэрагу актуальных праблем рэгіянальнага і глабальнага парадку дня. Аднак нас здзіўляе, што амерыканская ваенная тэхніка размясцілася ўсяго ў 15 кіламетрах ад беларускай мяжы. У бліжэйшыя месяцы побач з нашай краінай, ад якой не ідзе пагрозы суседзям, будуць знахо­дзіц­ца танкі і баявыя машыны пяхоты. Не дарэмна наш Прэзідэнт даручыў Савету Бяспекі прадставіць план рэагавання на гэтыя дзеянні.

Беларусь не ўваходзіць у склад спонсараў барацьбы з міжнародным тэрарызмам, аднак дзейнічае калегіяльна ў гэтым кірунку забеспячэння міжнароднай бяспекі, знаходзячыся ў шэрагу сусветных арганізацый: ААН, АБСЕ, ЦЕІ, ШАС, АДКБ і некаторых іншых.

infong@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter