Купаловский театр приглашает на благотворительный венский бал

Па венскiх канонах

Праз два месяцы, 14 снежня, Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкi Купалы напоўняць кавалеры ў чорных фраках i дамы ў белых вячэрнiх сукенках. Тут упершыню арганiзуюць дабрачынны венскi баль.

Фота БЕЛТА.

Традыцыя правядзення венскiх баляў iснавала ўжо ў першай палове XIX стагоддзя. ЮНЭСКА ўнесла iх у Спiс нематэрыяльнай культурнай спадчыны i зафiксавала крытэрыi, якiм яны павiнны адпавядаць. Сёння венскiя балi ладзяцца не толькi ў Вене, але i ў iншых гарадах Еўропы. Цяпер да iх лiку далучыцца i Мiнск. Арганiзатарамi балю, акрамя Купалаўскага тэатра, выступаюць кампанiя А1 i Пасольства Аўстрыi ў Беларусi.

— Беларусь i Аўстрыю звязвае працяглае i прадуктыўнае супрацоўнiцтва ў палiтыцы, эканомiцы i культуры. Прыемна, што гэта партнёрства iснуе не толькi ў выглядзе сухiх лiчбаў i статыстыкi, але i праяўляе сябе ў такiх яскравых мерапрыемствах, як надыходзячы баль, — адзначыла пасол Аўстрыi ў Беларусi Алаiзiя Вергетэр.

Традыцыя правядзення баляў Беларусi не чужая. Падобныя мерапрыемствы арганiзоўвалiся на тэрыторыi краiны яшчэ ў XVIII стагоддзi. Захоўваецца традыцыя i сёння. Аматарам даўнiны добра вядомы адноўленыя балi ў Вялiкiм тэатры оперы i балета, Музеi-сядзiбе Мiхаiла Клеафаса Агiнскага i ў iншых месцах.

Для Купалаўскага тэатра балi таксама не навiнка. Будынак, дзе ён размяшчаецца, прымаў падобныя публiчныя мерапрыемствы яшчэ 130 гадоў таму. У XIX стагоддзi архiтэктар Караль Казлоўскi, як высветлiлася падчас рэканструкцыi будынка ў 2010—2014 гадах, нават прадугледзеў тэхнiчную магчымасць павышэння падлогi глядзельнай залы да ўзроўню сцэны. Спецыяльна для венскага балю сцэну i глядзель­ную залу таксама ператвораць у адзiную прастору.

— Купалаўскi ганарыцца сваёй гiсторыяй старэйшага тэатра Беларусi. Сёлета мы адзначаем соты сезон, i нам вельмi прыемна, што ў час святкавання векавога юбiлею мы можам не толькi згадаць даўнiя традыцыi, але i вярнуць адну з iх у родныя сцены, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы Павел Латушка.

Паколькi венскi баль павiнен быць праведзены ў адпаведнасцi з усiмi патрабаваннямi ЮНЭСКА, дапамагаць у яго арганiзацыi i аказваць кансультацыйную падтрымку нашым спецыялiстам будуць аўтарытэтныя аўстрыйскiя эксперты. Важны этап — вызначэнне i падрыхтоўка дэбютантаў: юнакоў i дзяўчат, якiм належыць адкрыць праграму масавым выкананнем паланэзу.

Магчымасць стаць дэбютантам маюць незамужнiя дзяўчаты ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў i нежанатыя маладыя людзi ад 18 да 26 гадоў, якiя дагэтуль нiколi не ўдзельнiчалi ў балях. Выпрабаваць удачу можа кожны: для гэтага да 16 кастрычнiка дастаткова запоўнiць анкету — адпаведная спасылка на сайце Купалаўскага тэатра. 200 лепшых кандыдатаў будуць запрошаны на кастынг, дзе члены бальнага камiтэта (прадстаўнiкi арганiзатараў, прафесiйныя харэографы i iншыя спецыялiсты) выберуць 20 пар дэбютантаў. Iх актыўная падрыхтоўка да балю пачнецца ў лiстападзе. Хлопцаў i дзяўчат не толькi навучаць танцаваць, для iх арганiзуюць майстар-класы па этыкеце, правiлах вядзення свецкай гутаркi i паводзiнаў у грамадстве. Дапамогуць дэбютантам i з уборамi. Згодна з дрэс-кодам венскага балю, дзяўчаты павiнны быць у бальнай сукенцы чыста белага колеру, белых пальчатках i белых закрытых туфлях, а маладыя людзi — у чорным фраку або параднай унiформе, белых пальчатках i чорных лакiраваных туфлях.

Удзел у балi для дэбютантаў бясплатны. Астатнiя госцi павiнны набыць квiткi. Яны паступяць у продаж у пачатку лiстапада. Паколькi адной з адметных рыс венскiх баляў з’яўляецца iх дабрачынны характар, 50% сродкаў ад продажу квiткоў бу­дзе накiравана на дапамогу праекту «SOS — дзiцячыя вёскi Беларусь».

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter