Не такие наши деревенские пенсионеры люди, чтобы сидеть на лавочке сложа руки и завидовать чужому богатству

Паўвека шчасця і сяброўства

Гарадскія і сельскія пенсіянеры, на мой погляд, гэта дзве крыху розныя рэальнасці. Калі першыя ў дачны сезон спяшаюцца на лецішча з умоўным дзясяткам сотак, то ў другіх ён не заканчваецца ніколі. Тым, хто да бабуль і дзядуль у вёску завітвае наездамі, здаецца, што ў халадзільніку ці склепе заўсёды свежая агародніна, садавіна, закруткі, а то і яйкі-мяса самі па сабе водзяцца. Адкрыў, узяў, што даспадобы, — і гуляй смела. Насамрэч, каб было чым пачаставаць унукаў, немаладым ужо людзям даводзіцца працаваць і на пенсіі. 


Мікалай Іванавіч і Марыя Іванаўна Раманавы з вёскі Ржаўка-1 Слаўгарадскага раёна на заслужаным адпачынку не першы год. Паспелі прызвычаіцца, па-новаму наладзіць побыт. У гэтай сям'і не прывыклі сядзець без справы.

Працоўны шлях Марыі Іванаўны быў пакручастым: давялося і ў паляводчую брыгаду хадзіць, і кароў уручную даіць. У рэшце рэшт знайшла справу па душы і да самай пенсіі шчыравала ў вясковым камбінаце бытавога абслугоўвання. Мікалай Іванавіч — чалавек не менш заслужаны, усё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы — працаваў механізатарам.

У сужэнцаў трое дзяцей і сямёра ўнукаў. Дагледжаная хата патанае ў кветках. Здалёк відаць, што ў гэтым доме жыве шчасце. Як расказвае Марыя Іванаўна, гасцей у іх бывае шмат:

— Калі ўнукі былі малымі, усе на лета прыязджалі ў вёску. Цяпер жа кожны дзень тэлефануюць, а як выпадае вольны дзянёк, наведваюцца да нас з дзедам. Узгадваюць, якія прысмакі я гатавала ім у дзяцінстве. Усе амаль ужо дарослыя. Старэйшы ўнук і ўнучка ўжо свае сем'і маюць, хутка і вяселле другога ўнука.

Можна здагадацца, што выдаткаваць грошы дзеду з бабай ёсць куды. А вось чым жа сямейная скарбонка папаўняецца?

— Аснову нашага бюджэту складае пенсія. Мая 530 рублёў, дзедава на 100 рублёў больш — значыць, 1160 у месяц на дваіх. Амаль палова адразу ж ідзе на лекі: узрост бярэ сваё. Астатняе — на жыццё, — адзначае Марыя Іванаўна.

Нашы героі, як вяскоўцы старой закалкі, трымаюць гаспадарку. Даходу яна не прыносіць, але ад шэрагу выдаткаў пазбаўляе.

— Апошні час свініну купляем у краме, хаця зусім нядаўна трымалі некалькі парсюкоў, дзяліліся з дзецьмі. Цяпер сілы ўжо не тыя, ездзім за мясам у горад, — з лёгкім сумам расказваюць Раманавы. — Яйкі нясуць куры, іх у нас трыццаць. Вясной дзеці прывезлі куранят-бройлераў, гадуем і іх. Доўгі час трымалі трусоў, неяк ноччу ўсіх невядома хто перадушыў. Думалі, што ўсё, больш браць не будзем, каб лішні раз не нервавацца. Але зноў жа дзеці прывезлі нам парачку, цяпер разводзім нанова.


Гэта толькі здаецца, што ўзгадаваць куранят і трусоў проста. А насамрэч некалькі разоў на дзень ім трэба сыпнуць зерня, накасіць травы, назбіраць яблыкаў ці нарэзаць морквы. Усё гэта Раманавы вырошчваюць на сваім участку, чаго толькі няма на іх агародзе.

— Апрацоўваем гектар зямлі. Сеем зерне і траву. Абавязкова садзім бульбу, цыбулю, агуркі, памідоры, перац, капусту, моркву, зеляніну… У гэтым годзе кавуны малыя, а вось у мінулым іх столькі нарасло! І цяпліца ў нас ёсць. Усяго патрошку. Хлушу, шмат! — жартуе Марыя Іванаўна.

Для душы завялі пчальнік на дзесяць сямей: мёд для здароўя карысны і дзяцей ім пачаставаць можна. Пакаштаваць таго мядку давялося і нам. Таму з упэўненасцю пацвярджаем: у тое, што робіцца для душы, заўсёды ўкладваюць душу!

Калі ўсё сваё, куды ж тады выдаткоўваць пенсію?! Так маглі б падумаць далёкія ад сялянскага побыту людзі. Сапраўдныя ж вяскоўцы ведаюць, што руплівы гаспадар заўсёды знойдзе, куды ўкласці грошы.

— Нядаўна адраман-тавалі хату. За зіму назбіралі грошай, а зяць сваімі рукамі абнавіў наш дамок, правёў ацяпленне. Таксама адкладвалі з пенсіі і набылі мотаблок. У вёсцы сёння каня не знойдзеш, а мы ні ад кога не залежым! — расказвае наша гераіня.

Мікалай Іванавіч усё жыццё працаваў трактарыстам, таму апрацоўваць сваю зямлю яму за шчасце. На сямейным савеце вырашылі, што наступнай вясной набудуць бульбакапалку да мотаблока, каб выкрасліць яшчэ і гэты пункт выдаткаў.

Як бы дзіўна гэта ні гучала, але летам пэўная частка бюджэту ідзе на нарыхтоўкі і кансервацыю. Што ні кажы, садавіна, агародніна, ягады і грыбы ў вясковых пенсіянераў свае, а вось воцат, алей, цукар, соль — усё гэта трэба набыць.

— Паходы ў лес — любімы сямейны адпачынак. Грыбы і ягады збіраем для душы, столькі, колькі трэба нашай сям'і. Летам запаўняем маразільную камеру ягадамі, зелянінай, каб захаваць максімум вітамінаў. Таксама раблю закруткі. За шмат гадоў чаго толькі не паспрабавалі! Але цяпер ставім толькі тое, што дакладна разыдзецца: леча, аджыку, памідоры і агуркі па сямейных рэцэптах. Чымсьці дзелімся з дзецьмі, але ў іх свае агароды, гаспадарка. Сын, ён у нас добры кулінар, неяк тэлефануе і запытвае: «Мам, а што ты такое дадаеш у боршч, што ён такі смачны атрымліваецца? Сушаны кроп? Пайду і я пасыплю», — расказвае Марыя Іванаўна.


І канечне, нельга не сказаць аб тым, што жывуць яны не толькі клопатамі пра гаспадарку. У вольны час Марыя Іванаўна любіць пачытаць. Няма ў вясковай бібліятэцы кнігі, якую б яна не трымала ў руках. Мікалай Іванавіч уважліва сочыць за падзеямі ў свеце. Кожны квартал пэўная сума адкладваецца для падпіскі на розныя перыядычныя выданні. Сярод любімых і «Сельская газета».

Як у кожнай сям'і, у Раманавых ёсць свае традыцыі. Усе сямейныя святы яны адзначаюць разам. Бабуля з дзядулем дакладна ведаюць, калі павіншаваць дзяцей і ўнукаў з днём нараджэння. А тыя ў сваю чаргу не забываюць наведаць іх у святочны дзень. Зусім хутка, у канцы верасня, Мікалай Іванавіч і Марыя Іванаўна адзначаць 50 гадоў сумеснага жыцця! На залатое вяселле збярэцца ўся вялікая і дружная сям'я.

— У жыцці было ўсё: хапіла і добрага і дрэннага. Але пражылі душа ў душу! Выгадавалі дзяцей у сяброўстве. І так нам прыемна, калі ўсе яны збіраюцца разам у нашай простай вясковай хаце. Самі прытрымліваемся такога правіла і дзяцей навучылі: ніколі не зайздросціць багаццю, заможнасці, імкнуцца да сваёй мэты і дапамагаць адно аднаму. І будзе ў жыцці шчасце! — такія жыццёвыя прынцыпы ў Марыі Іванаўны і Мікалая Іванавіча Раманавых.

Бадзёрасць, энергія, пазітыў нашых герояў выклікаюць цёплае пачуццё павагі. Ні разу ў нашай размове не прагучала скарга ці незадаволенасць. Жывуць вясковыя пенсіянеры небагата, але ў меру сіл працуюць, бо інакш не прывыклі. Зычым ім сіл і здароўя, каб хапіла яшчэ на доўгія-доўгія гады шчаслівага жыцця ў любові і згодзе!

Алёна КУХАРАВА, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter