Мiнiстр iнфармацыi Аляксандр Карлюкевiч, па чыёй iнiцыятыве з’явiўся праект, лiчыць, што «Сустрэчы з Караткевiчам» у «Светачы» — добрая для айчыннага кнiгагандлю нагода пагаварыць пра аўтара, чые «Каласы пад сярпом тваiм» сталi самай прадаванай кнiгай года.
— Вымусiла эпiдэмiялагiчная сiтуацыя працаваць без аўдыторыi. Таму i выбраны такi фармат, з разлiкам, што кожны ахвотнiк можа паслухаць, паглядзець запiс таго цi iншага знаўцы творчасцi Караткевiча альбо чалавека, якi ведаў яго, сустракаўся з iм. Так было ў выпадку запiсаў з Адамам Глобусам i Леанiдам Дранько‑Майсюком.
Для размоў у «Светачы», якiя адбываюцца кожны тыдзень, створана вельмi добразычлiвая, нязмушаная атмасфера. Аляксандр Карлюкевiч хоча, каб суразмоўцамi найперш былi сучаснiкi Караткевiча — пiсьменнiкi, якiя сябравалi з iм, якiя добра ведалi яго.
— I, дзякуй богу, такiя людзi ёсць, спадзяюся, што яны завiтаюць у «Светач», знойдуць магчымасць пагаварыць пра любiмага iмi творцу, сябра. Несумненна, удзельнiкамi стануць даследчыкi творчасцi аўтара «Каласоў пад сярпом тваiм». А iх жа ў нашай краiне нямала — Вячаслаў Рагойша, Анатоль Верабей, Аркадзь Русецкi, Аляксей Ненадавец, Яўген Гараднiцкi, Дзянiс Марцiновiч... Мне вельмi спадабалася размова з Леанiдам Васiльевiчам Дранько‑Майсюком. Па‑першае, ён быў добра знаёмы з Уладзiмiрам Сямёнавiчам. Па‑другое, у паэта ёсць дзве паэмы, звязаныя з асабiстымi сустрэчамi, асабiстым успрыняццем жыцця, творчасцi класiка.
Вiдэаролiкi з запiсамi сустрэч можна знайсцi на YouTube, на сайтах арганiзатараў, у сацыяльных сетках.
У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя iмя Петруся Броўкi» рыхтуецца персанальная энцыклапедыя «Уладзiмiр Караткевiч».cultura@sb.by