На раённай Дошцы гонару Уздзеншчыны — новыя імёны.
Там занялі сваё пачэснае месца партрэты дваццаці лепшых працаўнікоў раёна, а таксама назвы тых працоўных калектываў, якія перамаглі ў раённым спаборніцтве па выніках 2012 года.
Калектывы даказвалі сваё лідарства ў розных галінах дзейнасці. Агульным крытэрыем сталі высокія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, эканоміі рэсурсаў, аховы працы, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны. Лепшымі прызнаны і атрымалі пераходныя ганаровыя сцягі ТАА «Марк Фармэль» — за дасягненні ў прамысловай вытворчасці, ААТ «Уздзенскае» — за высокія паказчыкі ў развіцці сельскай гаспадаркі, лепшай у сферы сацыяльна-культурнага развіцця стала Уздзенская цэнтральная раённая бальніца, а лепшым сельскім выканаўчым камітэтам — Камянкоўскі.
Таксама гэтымі днямі новым імем папоўнілася і Кніга славы Уздзенскага раёна. Туды занесены звесткі пра Аляксандра Мяцельскага, які працаваў у калгасе «Новае жыццё», на кіруючых партыйных пасадах, быў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Ён кандыдат эканамічных навук, мае шэраг узнагарод, унёс значны ўклад у развіццё раёна.
Званне «Ганаровы грамадзянін Уздзенскага раёна» прысвоена ўрачу-педыятру Адзе Нікіценка, якая 40 гадоў адпрацавала ў сістэме аховы здароўя. Яна прафесійна і аддана лячыла сваіх маленькіх пацыентаў, за што і набыла вялікую павагу, давер і любоў, мае шэраг узнагарод і званне «Выдатнік аховы здароўя».