Детские портреты в музее и виртуальный библиотечный проект: как на родине Станислава Монюшко справляют его 200-летний юбилей

Па слядах сціплага рамантыка

У маі сусветна вядомаму музычнаму дзеячу, стваральніку нацыянальнай оперы і нашаму славутаму земляку Станіславу Манюшку спаўняецца 200 гадоў. Гэты год у календары памятных дат ЮНЕСКА нават абвешчаны годам кампазітара. У краiне мерапрыемстваў, прысвечаных юбіляру, даволi шмат. А як ушаноўваецца сусветна вядомае імя музычнага рамантыка з урачыстай нагоды на яго радзіме, даведалася карэспандэнт «Р» і наведала родныя мясціны класіка: пасёлак Азёрны, дзе стаяла сядзіба Убель, а таксама смілавіцкі музей-гасцёўню Станіслава Манюшкі.

Шматгранная творчасць музычнага рамантыка патрабуе дадатковых даследаванняў і ў наш час.

Творчасць народа — у высокія сферы

Кожны год гісторыкі і навукоўцы краін-суседак адкрываюць пра яго штосьці новае. Чаму так адбываецца? Справа ў тым, што творчасць кампазітара не мае ніякіх меж. Вучыўся ў Мінску і Берліне, ажаніўся ў Вільні, сталеў у Варшаве... Дата нараджэння знакамітага кампазітара — рэбус для сучаснікаў. Урачыстыя святкаванні ідуць з пачатку мая, але вядома, што ў дзень 5 мая немаўлятка Стась Манюшка быў ахрышчаны бацькамі ў Смілавіцкім рымска-каталіцкім касцёле. Як патлумачыў галоўны архіварыус Нацыянальнага гістарычнага архіва, доктар гістарычных навук і прафесар Уладзімір Дзянісаў, ніхто дакладна не ведае, калі ў 1819 годзе нарадзіўся наш знакаміты зямляк. Станіслаў Манюшка мог нарадзіцца за тыдзень, за месяц альбо нават за некалькі месяцаў да гэтага. Яго хрысцілі 5 мая па старым юліянскім календары, а значыць, па-нашаму — 17 мая. Але агульнапрынятая дата нараджэння класіка ва ўсіх энцыклапедыях — менавiта 5 мая.

У таленавітых асоб музыка ліецца сама сабой, застаецца ў мастацтве не толькі на сціплыя гістарычныя дзесяцігоддзі, але і на цэлыя вякі. Ён першым стварыў свае «Хатнія спеўнікі», тым самым стаў заканадаўцам моды на родную музыку, напоўненую беларускім фальклорам, бо ў тагачасных дамах гучалі іншаземныя спевы (нямецкія, італьянскія і іншыя), а музыкант перавёў песні з фальклорнага стану ў акадэмічны. Але сам аўтар сціпла выказаўся пра сваю дзейнасць: «Я не ствараю нічога новага! Я напаўняюся духам народных песень. З іх, апроч маёй волі, натхненне пераліваецца ва ўсе мае складанні». Кампазітар быў рамантыкам і веруючым чалавекам. У прыватным жыцці — добрым і верным сем’янінам. Станіслаў стварыў сям’ю на ўсё жыццё — ажаніўся ў Вільні з Аляксандрай Мюлер, якая нарадзіла яму дзесяць дзяцей.

Светлы Убель

Гонар беларусаў, палякаў і літоўцаў Станіслаў Манюшка нарадзіўся ў фальварку Убель у 1819 годзе. І сёння гэта вельмі прыгожыя мясціны пад Смілавічамі. Тут працякае рака Волма, людзі адпачываюць у аднайменным санаторыі. З тых часоў побач са стэлай як памяць аб кампазітары (на тэрыторыі прафілакторыя), там, дзе быў яго дом (ён згарэў, на вялікі жаль, у 1944 годзе), стаіць вялізная таполя. З ёй звязана творчасць класіка і некалькі рамантычных традыцый. Дарэчы, самая папулярная з іх такая. У сучаснай моладзі, якая шануе музыку ці жадае паступіць на музычны факультэт, ёсць добры шанец. Паводле падання, трэба падысці да дрэва, непрыкметна сарваць хоць адзін лісцік з Манюшкавай таполі і захаваць… І тады спраўдзіцца мара, а лёс будзе абавязкова звязаны з музыкай! Людзі кажуць, што жаданне ў залежнасці ад шчырасці правядзення рытуалу сапраўды здзяйсняецца. 

Заслугоўвае ўвагі паходжанне назвы родных мясцін кампазітара — Убель. Легенду паведаміла мне навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага краязнаўчага музея Ірына Серада. Яна расказала, чаму мястэчка атрымала менавіта гэтую назву. Справа ў тым, што беларускія жанчыны ў мінулых стагоддзях таксама былі модніцамі і не жадалі насіць шэрыя льняныя сукенкі, таму вымочвалі іх у чыстых крыніцах і потым на беразе ракі сушылі на пякучым сонцы. Адзенне паступова мяняла колер з шэрага на белы. Адсюль і пайшла назва непаўторная — Убель.

Што паглядзець сёння?

Экскурсаводы аб’ядналі гісторыі вакол асобы Станіслава Манюшкі ў цэлы сучасны культурны тур. Упэўнена, нават не аматарам класічнай музыкі будзе цікавы турмаршрут па Убельшчыне... Па-першае, гэта недалёка ад Мінска — паглядзець усё можна за адзін дзень. Некаторыя турфірмы рэгулярна возяць усіх зацікаўленых па сцяжынках вялікага кампазітара. 

Як мінімум прапануецца шэсць пунктаў на культурным маршруце. Спачатку госці наведваюць Лядзенскі Благавешчанскі мужчынскі манастыр, што за 15 кіламетраў ад Смілавіч, далей едуць у санаторый «Волма» (пасёлак Азёрны) да Манюшкавай таполі і памятнай стэлы, а потым да палацава-паркавага ансамбля дзеда Станіслава Манюшкі ў Смілавічах, помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя, які зараз рэстаўрыруецца сіламі адной прыватнай установы. Наведвальнікам таксама прапануюцца вулічныя вандроўкі па гістарычнай частцы пасёлка і паход у смілавіцкую царкву Святога Георгія Пераможцы. 

Абавязковы пункт на маршруце — адноўлены да юбілею дзеяча Музей Станіслава Манюшкі ў Смілавічах, што знаходзіцца на вулiцы Школьнай. Нядаўна яго гасцёўня ўзбагацілася нотамі ад Віктара Скарабагатага, шматлікімі цікавымі матэрыяламі і бюстам Станіслава Манюшкі ў бронзе польскага аўтара Станіслава Матыкі. Ёсць тут таксама цікавы эскіз-мініяцюра ўбельскага фальварка кампазітара, выраблены таленавітай вучаніцай Смілавіцкай сярэдняй школы. 

Асоба Манюшкі вачыма дзяцей

Увогуле падчас паездкі можна пераканацца ў тым, што малая радзіма Станіслава Манюшкі багатая на юныя таленты. Аб гэтым сведчыць смілавіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Турыстаў абавязкова знаёмяць з залай школьных малюнкаў да 200-годдзя з дня нараджэння класiка. Навучэнцы арт-клуба «Вулей» сталі мегамастакамі падчас праслухоўвання твораў кампазітара. Гэты метад называецца музычная графіка. Як вынік, атрымаўся высокамастацкі рад цудоўных работ, якія не сорамна выстаўляць у сталічных музеях. У дзяцей з «Вулея» толькі за мінулы год паўсотні розных узнагарод. Дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар была пад уражаннем ад высокамастацкіх работ дзяцей і паабяцала перавезці тэматычную экспазіцыю на мінскую пляцоўку ў бліжэйшы час.

Дзеці, вывучаючы творчасць Станіслава Манюшкі, асвоілі новы метад малявання — музычную графіку.

Фінішным пунктам турыстычнага шляху ў Смілавічы амаль заўсёды з’яўляецца музей «Прастора Хаіма Суціна» — таленавітага жывапісца, які таксама нарадзіўся ў гэтых мясцінах і праславіўся, як і Станіслаў Манюшка, на ўвесь свет. Госці музея не пашкадуюць: падарожжа звычайна завяршаецца калектыўным наведваннем кавярні і адначасова мастацкага салона ў французскім стылі. 

Ала Лаўрыновіч, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі гарадскога пасёлка Смілавічы, з захапленнем кажа:

— Вядома, што бацька кампазітара Чэслаў Манюшка цудоўна маляваў, а нядаўна высветлілася, што Ян, адзін з сыноў Станіслава Манюшкі, стаў прафесарам Пецярбургскай мастацкай акадэміі і ствараў адметныя карціны. Наш край багаты на таленты, сапраўды, ёсць што пабачыць з нагоды круглай даты Станіслава Манюшкі. Калі мы будзем годна шанаваць кампазітара, тады і самі дачакаемся новых таленавітых дзеячаў, дзяцей смілавіцкай зямлі.

Музычная спадчына анлайн

Рэальная вандроўка на радзіму Манюшкі для кожнага, хто захоча прадоўжыць знаёмства з класікам, дапоўніцца праектам анлайн. Справа ў тым, што Нацыянальная бібліятэка стварыла на сваім сайце віртуальны праект «Музычны рамантык з Міншчыны», на якім можна прайсці тэст на веданне жыцця і творчасці Манюшкі. Спецыялісты інфармацыйна-аналітычнага аддзела галоўнай бібліятэкі кажуць, што Станіслаў Манюшка — гэта цэлы мастацкі сусвет, які патрабуе дадатковай увагі навукоўцаў і пільных даследаванняў. Неперакладзеныя на беларускую мову крыніцы пра Станіслава Манюшку варта было б нарэшце перакласці і зрабіць  асобны збор. Ноты музыкі беларускага перыяду творчасці Станіслава Манюшкі, якiя, дарэчы, не вельмi цiкавыя нашым суседзям, дагэтуль могуць знаходзіцца дзесьці ў бібліятэках Польшчы ці Літвы, чакаючы свайго дапытлівага адкрывальніка.

shimuk@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter