Па слядах Песняра

Літаратурную Іспанію пазнаюць па Сервантэсу і Дон Кіхоту, Бельгію — па Тылю Уленшпігелю, Італію — па Дантэ і яго “Боскай камедыі”, Англію — па Шэкспіру... А што ведаюць у свеце з беларускай класікі?
Літаратурную Іспанію пазнаюць па Сервантэсу і Дон Кіхоту, Бельгію — па Тылю Уленшпігелю, Італію — па Дантэ і яго “Боскай камедыі”, Англію — па Шэкспіру... А што ведаюць у свеце з беларускай класікі? Адказ відавочны: літаратурную Беларусь асацыююць, у першую чаргу, з іменем Янкі Купалы. Сляды Песняра сёння можна знайсці па ўсім свеце. Яшчэ пры жыцці, у 1932 годзе, яго іменем была названа Публічная бібліятэка ў Бразіліі. У Індыі цэнтр беларускай культуры таксама носіць імя Купалы. Помнік паэту стаіць у Эроу-парку Нью-Ёрка побач са скульптурамі Уолта Уітмена і Тараса Шаўчэнкі. У 2012 годзе іменем беларускага паэта назвалі плошчу ў ізраільскім горадзе Ашдот, а два гады назад у Рызе адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар беларускага класіка. У 2017 годзе помнік паэту з’явіцца і ў Татарстане. Аказаць пасільную дапамогу ў гэтай справе ўзяліся прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Расіі. 



Устаноўка помніка Купале ў Пячышчах, дзе паэт жыў у эвакуацыі і дзе цяпер дзейнічае яго музей-кватэра, — толькі адна з мноства ініцыятыў, рэалізаваць якія мінскі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы мае намер разам з беларускай дыяспарай у Расіі. Летась дырэктар музея Алена Ляшковіч і старшыня савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Гэты дакумент, падкрэсліла Алена Раманаўна, носіць не толькі дэкларатыўны, але і практычны характар: 

— Мне вельмі прыемна, што супрацоўніцтва нашага музея з “Беларусамі Расіі” пачынаецца так плённа. Эскіз помніка ўжо гатовы — яго падрыхтаваў скульптар Павел Вайніцкі (яго ж аўтарству належыць і мемарыяльная дошка памяці Янкі Купалы ў Рызе. — Аўт.), прычым цалкам бясплатна. Цяпер нам неабходна знайсці архітэктара, які б распрацаваў канцэпцыю па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў Пячышчах. 

...У Пячышчы Янка Купала трапіў у верасні 1941 года. Адтуль жа ў чэрвені 42-га ён паехаў у Маскву адсвяткаваць у асяроддзі пісьменнікаў 60-гадовы юбілей, а 28 чэрвеня ў Пя­чышчы прыйшла трагічная тэлеграма аб смерці Купалы... Праз 33 гады там, у Татарстане, адкрылі адзіны на тэрыторыі Расіі музей пісьменніка. З інтэр’ера часоў Купалы ў кватэры захаваліся абажур, ложак, этажэрка, крэслы і рэпрадуктар. Цікава, што ў той час у Пячышчах было ўсяго два рэпрадуктары — у сельскім савеце і ў Купалы. З рэчаў паэта ў экспазіцыі музея — чамадан, кіёк, курыльная папера, трубка, прадметы гардэробу. Важкі ўклад ва ўвекавечанне памяці Песняра належыць Ганароваму консулу Рэспублікі Беларусь у Татарстане, старшыні аб’яднання беларусаў Казані “Спадчына” Сяргею Марудэнку. Гэтым грамадскім аб’яднаннем Сяргей Паўлавіч кіруе ўжо больш за 11 гадоў, і ў Беларусі ён часты госць: 

— Я ж сам беларус, нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці, але воляю лёсу ў свой час апынуўся ў Казані. У Мінску сёння жыве мая старэйшая сястра, у Магілёве — малодшая. Так што пра радзіму не забываю, прыязджаю, як толькі выпадае магчымасць. 

Старшыня савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч таксама рэгулярна бывае ў Мінску. Усталяванне супрацоўніцтва паміж Купалаўскім музеем і ФНКА Сяргей Львовіч параўнаў з пасадкай “зярнятка, з якога ў кожным беларускім сэрцы расіяніна вырасце папараць і расцвіце цудоўнай кветкай”. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter