У Віцебску адрадзілі традыцыю Міжнароднага Шагалаўскага пленэра

Па слядах Марка

У Віцебску адрадзілі традыцыю Міжнароднага Шагалаўскага пленэра.

Вось ужо шосты дзень дзесяць запрошаных мастакоў-жывапісцаў з Расіі, Беларусі, Латвіі і Германіі натхняюцца краявідамі шагалаўскай зямлі і ствараюць на радзіме вядомага майстра свае новыя шэдэўры. Яшчэ з тыдзень яны будуць працаваць у Віцебску, даваць майстар-класы маладым мастакам, выязджаць у Лёзна, Здраўнёва і Полацк.

Для ўдзельнікаў пленэра ў Музеі Марка Шагала будуць прэзентаваны мультфільм “Марк Шагал. Пачатак”, створаны Нацыянальнай кінакампаніяй “Беларусьфільм”, і перасоўная выстава, якую прадставілі названая кінастудыя і Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Па завяршэнні праекта адбудзецца выстава выніковых работ мастакоў, прычым па дзве карціны кожнага майстра застануцца ў Віцебску — на радзіме таго, чыё імя носіць гэтая міжнародная падзея.

Нагадаем, першы Шагалаўскі пленэр прайшоў у 1994 годзе, другі — у 1997-м. А пасля на працягу 19 гадоў Віцебск не прымаў падобных мерапрыемстваў. Адрадзіць пленэр было вырашана да 25-годдзя Музея Марка Шагала ў Віцебску.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter