Падарожнічаем па мясцінах народнага паэта Беларусі Янкі Купалы

Па слядах Купалы

Сёння святкуем 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Гэта імя знаёма нам з маленства. Вершы народнага паэта вучаць на памяць у школе, па яго п’есах ідуць спектаклі, з яго словамі гучаць песні. Напэўна, многія бывалі і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску, а таксама ў яго філіялах у рэгіёнах. Але даўно, хіба яшчэ з класам у школьныя гады. З’ездзілі і забыліся на доўгі час. Між іншым гэтыя месцы вартыя таго, каб сюды вярнуцца. І не толькі дзеля асобы Купалы. Прапануем здзейсніць віртуальнае падарожжа па філіялах музея і ўпэўніцца ў тым, што сюды можна прыязджаць на адпачынак з сябрамі і дзецьмі. Вы адкрыеце шмат новых цікавых фактаў і атрымаеце асалоду ад знаёмства з мясцінамі, што натхнялі нашага славутага Песняра.

Вязынка

Адрас: в. Вязынка, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць

Сюды, на малую радзіму Янкі Купалы, лепш прыязджаць летам. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік у гэты час зіхаціць рознакаляровымі кветкамі, хавае гасцей у цені пышных зялёных дрэў, запрашае няспешна прагуляцца па ўзгорыстых і лясістых ваколіцах і адпачыць на беразе прахалоднай ракі Вязынкі. Вось ён — жывы адбітак вобразаў купалавай паэзіі.

Калісьці гэтыя мясціны ўваходзілі ў склад маёнтка Замбжыцкіх, у якім бацька будучага паэта Дамінік Луцэвіч арандаваў зямлю і дзе правёў першы год жыцця маленькі хлопчык Ясь. Раней вам, напэўна, расказалі б, што ён нарадзіўся ў беднай сям’і і быў цалкам сялянскім паэтам, — у савецкі час было не прынята казаць пра шляхецкае паходжанне. Аднак сёння спецыялісты музея Янкі Купалы адкрываюць новыя старонкі ў біяграфіі паэта.

На тэрыторыі запаведніка бачым рэшткі былога маёнтка: стаў, стары сад, хатку дваровых, адноўлены свіран, дом хатковых, у якім нарадзіўся Янка Купала і дзе сёння размяшчаецца літаратурная экспазіцыя.

— Дом хатковых — гэта той будынак, які даваў гаспадар маёнтка арандатарам сваёй зямлі, — расказвае навуковы супрацоўнік музея Янкі Купалы Марыля Барткова. — У адной палове жыў Дамінік з жонкай і дзецьмі, у другой — астатняя вялікая сям’я Луцэвічаў. У 1972 годзе, калі актыўна прапагандаваўся вобраз Купалы як сялянскага паэта, пры рэстаўрацыі гэтага будынка была дабудавана печ, у якой, па легендзе, сям’я паэта выпякала хлеб. Але насамрэч хлеб Луцэвічы, як і іншыя арандатары, не пяклі. Гэта рабілі цэнтралізавана ў панскім доме, які, на жаль, не захаваўся. Дом меў вялікія сутарэнні, у якіх знаходзілася кухня і нават працавала кузня. І калі ўся сям’я гаспадароў маёнтка, а таксама арандатары збіраліся на абед у сталовай дома, то ежу падавалі з кухні наверх на ліфце.

Былі ў маёнтку і кветнік з лекамі, і брукаваныя двары, і нават мясцовая гара Арарат, пад якой біла крыніца. Карацей кажучы, гэта быў выгодны шляхецкі маёнтак. Яго ўласнікі, некалькі пакаленняў Замбжыцкіх, дбалі пра гаспадарку, былі вельмі адукаванымі людзьмі і прыязна ставіліся да сям’і Луцэвічаў. І хаця тыя сваё шляхецтва афіцыйна не пацвер-дзілі, лічылі іх за роўных. Вядома, што жонка Станіслава Замбжыцкага, які быў гаспадаром маёнтка, калі там арандаваў зямлю Дамінік Луцэвіч, хрысціла Янку Купалу і яго брата Мікалая, які, на жаль, хутка памёр. Старэйшы сын Станіслава, Юзаф, ганарыўся тым, што менавіта ў ягоным маёнтку Вязынка нарадзіўся першы народны паэт Беларусі. У час Другой сусветнай вайны ён, рызыкуючы жыццём, абараніў ад знішчэння родны дом і дом, у якім нарадзіўся Янка Купала.


— Маёнтак знаходзіўся блізка ад чыгункі, і ў нямецкіх войскаў была задача на два бакі ад яе высекчы лес і спаліць усе будынкі, каб побач не было партызан, — тлумачыць Марыля Барткова. — Але Юзаф Замбжыцкі зачыніўся разам за сваім пастухом у доме і, будучы вельмі адукаваным чалавекам і ведаючы нямецкую мову, сказаў: “Калі хочаце паліць гэты маёнтак, паліце яго разам са мной”.

Так маёнтак і дом хатковых, у якім нарадзіўся будучы паэт, ацалеў падчас вайны. 

А вось захаваць іх цалкам ужо ў мірны час не атрымалася. Панскі сядзібны дом быў разабраны ў 1948 годзе, калі адкрываўся філіял музея Янкі Купалы ў Вязынцы, бо аніяк не ўпісваўся ў канцэпцыю “Купала — сялянскі паэт”. Шкада. Цяпер пра яго гісторыю і гісторыю сям’і Замбжыцкіх, нашчадкі якіх дагэтуль прыязджаюць з розных краін у родныя мясціны, расказваюць у новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі ў Вязынцы.

Яхімоўшчына

Адрас: вул. Азёрная, в. Яхімоўшчына, п/а Палачаны, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць


Сёння ў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — чатыры філіялы. Але калі б яны ствараліся ва ўсіх знакавых для паэта мясцінах, іх было б у разы больш. Пасля смерці ў 1902 годзе Дамініка Луцэвіча арандатаркай усіх фальваркаў стала маці Янкі Купалы Бянігна Іванаўна, а сам ён шукаў заробку ў розных месцах. Быў хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага, малодшым прыказчыкам, памочнікам вінакура... Менавіта пра гэты перыяд жыцця і творчасці паэта з 1906 па 1907 год распавядае самы малады філіял музея ў Яхімоўшчыне.

— Ён размяшчаецца ў аўтэнтычным будынку XVIII стагоддзя, у якім жыў, працуючы на бровары, разам з астатнімі служачымі малады паэт, — распавядае Марыля Барткова. — Купала любіў запрасіць да сябе ў пакойчык гасцей і чытаць ім вершы, дарэчы, як і на самім бровары. Праўда, чытаў вершы таемна, не казаў, што напісаў сам. І толькі пасля таго як былі выдадзены яго кнігі і надрукаваны партрэты, людзі даведаліся, з кім мелі гонар працаваць і жыць побач.

Сёння ў Яхімоўшчыне можна пабачыць не толькі будынак, у якім жыў паэт, але і бровар, на якім ён працаваў.

Акопы

Адрас: в. Харужанцы, п/а Янушкавічы, Лагойскі раён, Мінская вобласць


Кажуць, менавіта ў Акопах Янка Купала нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выдатны драматург. У гэты маёнтак, у госці да маці і сясцёр, паэт прыязджаў штогод з 1911-га па 1926-ы. Раней тут былі і дом, і хлявы, і лазня, а цяпер засталося адно поле з узноўленымі фундаментамі колішніх будынкаў. Маўклівы сведка тых часоў — вялізны валун, што знаходзіўся па дарозе з Акопаў у фальварак Карпілаўка даўняга сябра Купалы Ядвігіна Ш. Кажуць, што, прымасцiўшыся на гэтым камяні пасярод жытнёвага поля, Купала і пісаў свае творы. У тым ліку паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”, п’есу “Паўлінка”. Хто ведае, можа, і сёння, калі прысесці на той валун і адчуць хараство наваколля, можна нечакана для сябе адкрыць дар паэтычнага слова.

У Акопах зараз знаходзіцца толькі мемарыяльная частка філіяла, а літаратурна-дакументальная экспазіцыя размяшчаецца ў суседняй вёсцы Харужанцы, былой сядзібе Міхалішкі, якая ўзгадваецца ў “Паўлінцы”. Да вёскі не вельмі зручна дабірацца, але той, хто даязджае, не застаецца расчараваны — ні экспазіцыяй, ні вадой з крынічкі, што бруіцца ля будынка, ні маляўнічымі мясцінамі з летнім амфітэатрам.

Ляўкі

Адрас: в. Ляўкі, п/а Копысь, Аршанскі раён, Віцебская вобласць


Сюды, на маляўнічы бераг Дняпра, варта прыехаць хаця б для таго, каб зразумець, якім паветрам дыхаў і жыў народны паэт. Ён трапіў у Ляўкі зусім выпадкова — па справах камандзіроўкі, але так палюбіў гэты край, што вырашыў пабудаваць тут дачу, ці, як казаў Купала, беларускую хатку над Дняпром.

Пачынаючы з 1935-га ён штогод прыязджаў у Ляўкі і жыў там з красавіка да апошніх грыбоў, якія вельмі любіў збіраць. Каб уявіць, як добра яму тут пісалася, варта зайсці ў будынак адноўленай дачы пісьменніка. На жаль, арыгінальны будынак згарэў падчас вайны ў 1941 годзе — немцы спалілі дачу, калі фарсіравалі Днепр. Але захаваўся барометр Купалы і яго гарнітур, выраблены на Копыскай мэблевай фабрыцы, які ўдалося вынесці падчас пажару. Унутры — утульны інтэр’ер, пах дрэва, прыемная прахалода. А за вокнамі — дубы, якія памятаюць Купалу, і маляўнічы бераг Дняпра, ды такі стромкі, што, каб спусціцца да ракі, трэба пераадолець каля 230 прыступак.

Акрамя дачы, у складзе мемарыяльнага комплексу — домік шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы, гараж, у якім экспануецца машына пісьменніка “Шэўрале”. Вядома, што аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы, і адзін з іх трапіў у Беларусь і па распараджэнні ўрада БССР быў падораны Янку Купалу ў 1939 годзе. У будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, дзе першы час жыў Купала, размяшчаецца літаратурная экспазіцыя, дзе ёсць асабістыя рэчы, аўтографы, лісты Песняра. Дзякуючы сучаснаму мультымедыйнаму абсталяванню можна паслухаць песні на словы Купалы і яго голас. 

А ў адным з акенцаў музея нават убачыць постаць паэта, які прагульваецца сярод квітнеючага ляўкоўскага саду. Яго ролю выконвае акцёр Купалаўскага тэатра Аляксандр Падабед, апрануты, дарэчы, у касцюм самога паэта.

— Ляўкі сталі апошнім хатнім прытулкам Янкі Купалы, — завяршае нашу размову Марыля Барткова. — У 1941 годзе ён пакінуў мінскі дом, паехаў на дачу з надзеяй, што вайна туды не дойдзе. Але хутка быў вымушаны выехаць з Ляўкоў у свой апошні шлях з Беларусі.

Далучайцеся да святкавання 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

7 ліпеня ў мінскім парку імя Янкі Купалы пройдуць літаратурны мітынг і ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка паэту. Сярод запрошаных гасцей — салістка Белдзяржфілармоніі Марына Васілеўская, артысты Таццяна Мархель, Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева і іншыя.

8 ліпеня Вязынка запрашае на рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі...”. На свяце выступяць сучасныя беларускія паэты, ансамблі “Песняры”, “Неруш”, “Заранак” і іншыя, адбудуцца кірмашы — народных майстроў і кніжны.

9 ліпеня ў Радашковічах пройдзе Купалаў фэст. У праграме — Святая Імша ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, у якім быў ахрышчаны паэт, грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, канцэрт з удзелам фальклорнага калектыву “Гасцiнец” (Ракаў) і Алега Хаменкі (гурт “Палац”).

Фота прадастаўлена музеем Янкі Купалы

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter