Чым прывабны літаратурны турызм

Па слядах класікаў

Чым прывабны літаратурны турызм


Многія часта падарожнічаюць па краіне, натхняюцца краявідамі, заходзяць у храмы, фатаграфуюцца ля замкаў, але ж вельмі рэдка адорваюць увагай літаратурныя мясціны. Зацягнуць у музеі, былыя дамы і дачы пісьменнікаў і паэтаў хіба яшчэ ўдаецца школьнікаў ды студэнтаў філалагічных факультэтаў. А ад дарослых толькі і чуецца: “сумна”, “нецікава”, “мінулае стагоддзе”... Але, як кажуць, не паспрабуеш — не даведаешся. Літаратурны турызм апошнім часам набірае абароты па ўсім свеце. Тысячы турыстаў імкнуцца ў канкрэтны горад, дом альбо кавярню, звязаную з любімым аўтарам або героем яго твора. У Беларусі такіх месцаў таксама шмат.

Купалаўскія Ляўкі


У вёску Ляўкі Аршанскага раёна, на маляўнічы бераг Дняпра, варта прыехаць хаця б для таго, каб зразумець, якім паветрам дыхаў і жыў народны паэт Янка Купала. Калісьці ён трапіў сюды зусім выпадкова — па справах камандзіроўкі, ды так палюбіў гэты край, што вырашыў пабудаваць тут дачу.


Фота Максіма Вечара

Пачынаючы з 1935 года Купала штогод прыязджаў у Ляўкі і жыў там з ранняй вясны да позняй восені. Каб уявіць, як добра яму тут пісалася, варта зайсці ў будынак адрэстаўрыраванай дачы пісьменніка (на жаль, арыгінал згарэў падчас вайны ў 1941 годзе). Прыглушанае святло, пах свежага дрэва, прыемная прахалода... Ляўкі спадабаюцца аматарам даўніны — тут шмат рарытэтнай мэблі і тэхнікі. Аўтааматарам прыйдзецца даспадобы бліскучы купалаўскі “Шэўрале” 1939 года, ён стаіць у гаражы. Цікава, што аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы, і толькі адзін з іх трапіў у Беларусь і дастаўся па распараджэнні ўрада БССР менавіта Купалу.

Гараджанам, якія засумавалі па свежым паветры, спадабаецца маляўнічасць мясцовых краявідаў — філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўках займае каля 19 га. Ёсць тут і велічныя дрэвы, і акуратна пастрыжаны лужок, і круты спуск да Дняпра. Супрацоўнікі філіяла правядуць цудоўную экскурсію па літаратурнай экспазіцыі, дзе ёсць асабістыя рэчы, аўтографы, лісты Песняра. Дзякуючы сучаснаму мультымедыйнаму абсталяванню можна паслухаць песні на словы Купалы і яго голас. А ў адным з акенцаў музея нават убачыць вобраз паэта, які прагульваецца сярод квітнеючага ляўкоўскага саду.

Мясціны Коласа


Малая радзіма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — некалі засценак, а потым вёска Акінчыцы — даўно стала мікрараёнам горада Стоўбцы. Аднак на сядзібе Коласа ўсё застаецца гэткім жа, як і ў пазамінулым стагоддзі, калі на свет з’явіўся будучы Пясняр Канстанцін Міцкевіч. Адзін жылы пакой, печ, ложак, калаўрот, калыска, падвешаная пад столь... Здаецца, без дапамогі машыны часу тут не абышлося — надта нязвыклая для сучаснага наведвальніка атмасфера. Але атмасфера вельмі натуральная і па-шчыраму цёплая. Магчыма, таму, што працуюць у музеі любячыя сваякі паэта — стрыечны ўнук Якуба Коласа Юрый Міхайлавіч Міцкевіч і яго жонка Сафія Пятроўна, якія бясконца могуць расказваць пра свайго родзіча.


Фота Максіма Вечара

У Акінчыцах паэт правёў толькі пяць месяцаў — затым бацьку перавялі ў родную Мікалаеўшчыну. Потым былі Ласток, Альбуць, Смольня... У кожным з гэтых месцаў ёсць напамін, што там жыў Пясняр. Да прыкладу, стагадовыя ліпы — іх паэт прывёз з лесу разам з дзядзькам Антосем і пасадзіў у Смольні. Самавар, за якім Колас піў чай з Купалам, — той восем кіламетраў пратэпаў ад чыгуначнай станцыі. Медны тазік, у якім маці варыла для Косціка і іншых дзяцей варэнне. Нездарма сюды прыязджаюць з усяго свету — з Таліна, Парыжа, Пекіна... Аўтографы ў кнізе водгукаў музея пакінулі прэм’ерміністр Азербайджана, шэйх Дубая, пасол Венесуэлы і многія іншыя.

Тут нарадзіўся Мележ


У аграгарадку Глінішча Хойніцкага раёна многае нагадвае, што тут нарадзіўся і жыў Іван Мележ. Аўтобусны прыпынак з партрэтам знакамітага пісьменніка, школа, якая носіць яго імя, шыльдачка на хаце, дзе жылі яго бацькі, драўляныя Васіль з Ганнай, якія сустракаюць гасцей ля ўваходу ў Музей Івана Мележа...


Фота БелТА

У музеі можна пачуць голас Мележа ў запісу, паслухаць цікавыя аповяды тых, хто асабіста ведаў пісьменніка. У прыватнасці, пра тое, як ён прысылаў мандарыны на Новы год дзецям альбо катаў іх па вёсцы на “Волзе”.

Гэта месца павінна спадабацца тым, хто захапляецца не толькі літаратурай, але і народнай культурай. Ложкі, засланыя тканымі дыванамі, вышытыя сурвэткі на сталах і падушках, калаўрот з запраўленымі ніткамі, самаробныя драўляныя начоўкі, маслабойка... Паляшук Мележ ніколі не забываў пра родную вёску, простых сялян і пісаў пра іх нялёгкае жыццё на балоце.

Сцяжынкамі Янішчыц


Калі вы не былі на Палессі — вы не бачылі Беларусі. Таму абавязкова наведайце і малую радзіму таленавітай беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне. І хоць нарадзілася яна ў вёсцы Рудка, турыстаў больш чакаюць ў суседнім Парэччы. У Рудцы захавалася толькі драўляная хатка Янішчыц, дзе цяпер жывуць зусім чужыя людзі. А ў парэчанскай школе, дзе вучылася і пачала пісаць першыя вершы паэтка, створаны цэлы музей. Яго дырэктар Антаніна Сідарук сабрала больш за паўтары тысячы экспанатаў, звязаных з жыццём і творчасцю Яўгеніі Янішчыц.


Фота Міколы Кузіча

Ёсць што паглядзець у Парэччы і акрамя літаратурнага музея. Гэта і цудоўныя краявіды, якія натхнялі Янішчыц. І вузкія вясковыя вулачкі, і хуткаплынная маляўнічая рака Ясельда, і парк вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Рамана Скірмунта з рэдкімі для Беларусі дрэвамі, завезенымі з Канады, ЗША і Заходняй Еўропы. Прыцягвае Парэчча турыстаў і сваёй экалагічнай сцежкай, музеем-сядзібай палешука канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, фартыфікацыйнымі збудаваннямі Першай сусветнай вайны і збудаваннямі былога завода Скірмунта. Карацей, наведаўшыся ў Парэчча, вы ўбачыце ў адным месцы ўсе фарбы Палесся.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter