У Нацыянальным гістарычным музеі з’явілася дасканалая копія станка Гутэнберга

Па слядах генія

Адчуць сябе першадрукаром — такую магчымасць сёння Нацыянальны гістарычны музей дае кожнаму. Карэспандэнт «Р» скарыстала гэты шанц і ўласнымі рукамі зрабіла адну старонку з кнігі Скарыны на друкаваным станку Гутэнберга. А заадно і «пагартала» арыгінал 1517 года.

Станок у гістарычным музеі — дакладная копія таго, што прыдумаў Гутэнберг.
Гэтая драўляная прылада з’явілася ў музеі дзякуючы мастаку Юрыю Сухаву. Яму спатрэбілася некалькі месяцаў, каб змайстраваць станок. Але гэта для яго было не ўпершыню. Некалькі гадоў таму ён ужо рабіў нешта падобнае для Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Але цяпер для яго галоўнай загадкай было не як стварыць механізм, а як аднавіць саму тэхналогію друкавання. Для гэтага спатрэбілася з’ездзіць у Маскоўскі гістарычны музей — там ёсць падрабязнае апісанне. Першыя наведвальнікі выставы ўчора і сталі выпрабавальнікамі дакладнай копіі станка Гутэнберга.

Ох і нялёгкая гэта праца была пяць стагоддзяў таму. Каб прэс ушчыльную прыціснуўся да аркуша, трэба шмат фізічных намаганняў. Старонка за старонкай — атрымлівалася кніга. На яе друкаванне патрэбна была не гадзіна і нават не адзін дзень, часам некалькі тыдняў.

Што ў выніку атрымлівалася, можна назіраць у суседняй зале гістарычнага музея. Там ужо не старажытныя тэхналогіі, а самыя сучасныя. Літаральна праз некалькі дзён з Маскоўскага дзяржаўнага гістарычнага музея да нас прыедзе арыгінал пражскага выдання «Бібліі» Францыска Скарыны 1517 года. Але напярэдадні гэтай знакавай падзеі былі адсканіраваны два дзясяткі старонак, і цяпер кожны жадаючы лёгкім рухам сваёй рукі можа пагартаць гэтую кнігу і нават пачытаць яе, бо памеры ўнікальнага высокатэхналагічнага макета 1800х1400 см. Забава, трэба сказаць, захапляе не толькі дзяцей, але і дарослых. Таксама ўчора быў прэзентаваны інфармацыйны кіёск, напоўнены інфармацыяй пра нашага першадрукара: там можна знайсці і месцы, дзе жыў і працаваў Францыск Скарына, і гарады, дзе ўстаноўлены яму помнікі.
Хутка з Масквы прыедзе арыгінал Скарынаўскай Бібліі, а пакуль там можна пазнаёміцца з іншымі старадрукаванымі кнігамі.

Намеснік дырэктара музея Аляксандр Храмы выказаў спадзяванне, што вельмі хутка інтэрактыўная экспазіцыя папоўніцца: будуць аблічбоўвацца іншыя старажытныя выданні, дадавацца розныя карты і іншыя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй нашай краіны.

Вядома ж, недаравальна будзе не зайсці ва ўнутраны дворык музея. У апошнія гады там заўсёды можна знайсці нешта цікавае. Зараз там разгарнулася выстава «Скарына — асветнік-гуманіст». Гэта не навуковы аналіз спадчыны нашага земляка, а своеасаблівая мастацкая прэзентацыя юбілейнай тэмы сродкамі сучаснай фатаграфіі. Вучоны сакратар Алег Ладзісаў расказаў, што над гэтай экспазіцыяй было працаваць няпроста, бо ў музеі няшмат прадметаў, якія прысвечаны Скарыну. На дапамогу прыйшлі вядомыя фотамастакі Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, якія распрацавалі канцэпцыю і дапоўнілі  выставу сваімі творамі — здымкамі месцаў, дзе бываў наш першадрукар.

Але самыя каштоўныя экспанаты — скульптурная выява Скарыны, створаная Эдуардам Астаф’евым, жывапісны партрэт, выкананы Пятром Сергіевічам, а таксама графічныя аркушы з выявамі нашых асветнікаў-гуманістаў Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага і іншых.

Дарэчы, частка экспазіцый, прысвечаных нашаму першадрукару, хутка будзе прадстаўлена на Дні беларускага пісьменства ў Полацку.

Наталля ІВАНОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter