Па шляху Кавальчык і Домрачавай

З вокнаў майго кабінета можна ўбачыць, як трэніруюцца юныя лыжнікі — алімпійскія надзеі Мядзельшчыны.

марыць прайсці юная лыжная прынцэса з Мядзельшчыны.

З вокнаў майго кабінета можна ўбачыць, як трэніруюцца юныя лыжнікі — алімпійскія надзеі Мядзельшчыны.

— А хто так класна бяжыць? — пытаюся ў калегі.

— Наша чэмпіёнка — Віталія Івашкова!

Тэлефаную Віталінай маме — Гражыне Казіміраўне:

— Ці можна пагаварыць з вашай дачкой?

— Не сёння. У яе дзве трэніроўкі...

— Заўтра?

— І заўтра, і паслязаўтра — па дзве трэніроўкі. Хутка ж рэспубліканскія спаборніцтвы! Віта да іх вельмі сур’ёзна рыхтуецца.

Усё ж такі юная спартсменка ўдзяліла мне паўгадзіны ў перапынку паміж трэніроўкамі:

— Мне чатырнаццаць гадоў. Лыжным спортам займаюся з трэцяга класа. Помню, як мой трэнер — Наталля Пятроўна Уцюгова — прыйшла ў наш клас і прапанавала запісацца ў спартыўную секцыю па лыжах. Запісаліся амаль усе аднакласнікі. Але сур’ёзна займаюся лыжамі толькі я. І ў мяне, думаю, гэта нядрэнна атрымліваецца (усміхаецца)...

А хто б у гэтым сумняваўся: Віта і сама не памятае, колькі разоў выйгравала раённыя спаборніцтвы! Не раз станавілася пераможцай чэмпіянату Мінскай вобласці. У 2008 годзе, на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод юніёраў 1995—1996 гадоў нараджэння, заваявала залаты медаль. Гэту перамогу лічыць самай важнай. Для яе дасягнення пакладзена нямала сіл і нерваў. Але, як кажа Віта, «яна таго каштавала!» Чатыры разы станавілася «на рэспубліцы» другой. Не раз ад «золата» яе аддзяляла ўсяго адна сякунда...

Нядаўна перамагла на спаборніцтвах на прызы адной з рэспубліканскіх газет. Выступала там у спрынце на дыстанцыі 2,5 кіламетра. Ёй супрацьстаялі каля трыццаці канкурэнтак. Пры тым што некаторыя спартсменкі былі старэйшыя...  Дарэчы, Віталія ўваходзіць у рэзерв нацыянальнай лыжнай зборнай.

— Не ведаю, ці дасягнула б гэтых вынікаў без Наталлі Пятроўны, — расказвае юная лыжніца. — Мой трэнер — лепшы ў свеце!

Згодзен! Уцюгова стаяла ля вытокаў станаўлення вядомых беларускіх лыжніц, дарэчы, таксама ўраджэнак Мядзельскага раёна — Ірыны Нафрановіч, цяпер члена нацыянальнай зборнай па біятлоне, і Вольгі Васілёнак, двухразовай удзельніцы Алімпійскіх гульняў, якая толькі нядаўна пакінула вялікі спорт.

— І без мамы з татам складана было б, — працягвае Віта. — Яны вельмі за мяне перажываюць: мама сочыць за тым, каб я ела толькі здаровую, багатую вітамінамі ежу і не захварэла. Тата моцна падтрымлівае маральна. На зборах вельмі сумую па іх.

Нядаўна дзяўчына вярнулася з Фінляндыі. Ёй запомніліся тамтэйшыя людзі — яны ў многім не падобныя на беларусаў: вітаюцца з незнаёмымі, могуць усміхнуцца проста так чалавеку, якога першы раз бачаць.

Не забудзе дзяўчына і зборы ў расійскім Сыктыўкары. Там Віта прысутнічала на адборы расіян на Еўропу. Убачанае пакінула моцнае ўражанне. А якія там лыжныя трасы — казка! Ёсць спартсменкі, якіх Віталія лічыць найлепшымі ў свеце спорту. Гэта полька Юстына Кавальчык — лыжніца, алімпійская чэмпіёнка, і наша біятлонная каралева Дар’я Домрачава. Гэта не рэклама, але мядзельчанцы падабаюцца лыжы фірмы «Фішэр». Усе спаборніцтвы дзяўчына выйграла лыжнай класікай. Ёю хадзіць зручней, чым каньковым стылем.

— Як летам падтрымліваю спартыўную форму? Шмат бегаю, катаюся на ролерах.  Не хапае  ў Мя-

дзельскім раёне лыжаролернай трасы, так лічу! Чула, што хутка такая з’явіцца. Ды і добрых лыжных мазяў у нас няма. А яны дадаюць хуткасці спартсмену... У маіх сяброў больш часу на забавы. Ну і што з таго? Я ўжо даўно вызначылася з мэтай, да якой паціху іду — патрапіць на Алімпійскія гульні. І — выйграць іх!

У Віты шмат іншых інтарэсаў: на канікулах гуляе з сябрамі ў валейбол, удзельнічае ў турзлётах. Вышывае карціны, вяжа. Калі з-за збораў прапускае заняткі ў школе, самастойна наганяе праграму.

— Свабоднага часу ў мяне мала, — кажа Віталія. — Мне, дарэчы, ужо час на трэніроўку. Так што, прабачце — такая наша спартыўная доля (смяецца).

Аляксандр СЯНЮЦЬ

НА ЗДЫМКУ: спартыўная надзея Мядзельшчыны Віталія ІВАШКОВА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter