Па сакрэту ўсяму свету

«Галоўны сакрэт усіх маіх страў — у звычайным чарнасліве...»

«Калі да нас прыходзяць госці, я абавязкова гатую што-небудзь па фірменных рэцэптах бабулі мужа Лесі Мікалаеўны, якая жыве ва Украіне, пад Луцкам, — піша чытачка нашай газеты Вера Паграбнюк з Пінска. — Можа, камусьці гэта падасца дзіўным, але галоўны сакрэт усіх маіх незвычайных страў — у звычайным чарнасліве. Я яго і ў катлетны фарш дабаўляю, і ў піражкі з бульбай, і ў манную кашу...

Ну і, само сабою, у салату.

Бяру, да прыкладу, звычайную капусту, крышу дробненька ці на тарцы з вялікімі адтулінамі разам з моркваю націраю, дадаю крыху солі і цукру, жменю накрышанага распаранага чарнасліву, трошкі грэцкіх арэхаў, лімоннай цэдры (бабуля замест яе кмен выкарыстоўвала) і запраўляю алеем альбо смятанай. Проста і разам з тым гэтак смачна!

Яшчэ люблю гатаваць з чарнаслівам прасяную кашу, аўсянку, рыс. Паспрабуйце, магчыма, і вам спадабаецца…

А калі трэба прывесці ў норму страўнік, успамінаю параду: зварыць кампот з чарнасліву, а яшчэ лепш — зрабіць настой: з вечару заліць прамытыя сухія слівы кіпенем, а раніцай з задавальненнем выпіць. Бабуля Леся сцвярджае, што такі напой і зрок паляпшае, і ціск зніжае. Самой ёй ужо пад восемдзесят гадоў, а яна дагэтуль такія прыгожыя ручнікі вышывае!»

Прачыталі мы гэтае пісьмо і нібыта ў гасцях у маладой гаспадыні пабывалі. Пагадзіцеся, цудоўна, калі добрыя сямейныя традыцыі ад старэйшых малодшым перадаюцца.

А чым вы, сябры, пахваліцца можаце? Якімі фамільнымі стравамі гасцей сустракаеце? Пішыце ў рубрыку «Гатуем і частуем»!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости