Минская конка просуществовала более 30 лет

Па рэйках на конях

Сёння, у час электрамабіляў і электробусаў, складана ўявіць такі від транспарту, як конка. Конь, які цягне вагон па рэйках? Тое яшчэ дзіва! Аднак для нашых продкаў гэты сродак перамяшчэння доўгі час быў звычайнай з'явай.


Першая конка на тэрыторыі нашай краіны з'явілася ў Мінску. Адбылося гэта ў 1892 годзе. Новы від транспарту дазваляў перавозіць у 8—10 разоў больш пасажыраў у параўнанні з рамізнікамі, меў высокую хуткасць і адрозніваўся рэгулярнасцю руху. Першыя маршруты конкі пачыналіся ад чыгуначных вакзалаў. З гадамі іх сетка пашырылася. У 1904 годзе мінская конка мела працягласць каля 8,3 км. Адначасова на лінію выходзілі 10—12 вагонаў, конка працавала 14 гадзін у суткі, выкарыстоўваючы да 40 коней. Праз дзесяць гадоў у абслугоўванні мінскай конкі было задзейнічана ўжо каля ста коней, а пасажырапаток складаў каля 1,8 мільёна чалавек.

Цікава, што менавіта дзякуючы концы з'явілася такая прафесія, як кандуктар. Вядома, што кандуктар у той час не толькі прадаваў білеты, але і сачыў за парадкам у вагонах. Акрамя яго, вагон абслугоўваў фарэйтар. У яго абавязкі ўваходзілі падвод і прычэпка ў пачатку крутога ўздыму дадатковага каня, а потым і адчэпка.


На жаль, у 1918 годзе ў сувязі з Грамадзянскай вайной праца конкі была прыпынена. Зноў пацягнулі коні вагоны па рэйках толькі ў 1921-м. Мінская конка праіснавала яшчэ сем гадоў, пакуль на змену ёй не прыйшоў трамвай.

Убачыць, як выглядаў «конны» вагон, кіруючая кантора і дэпо мінскай конкі, можна ў спецыялізаваным музеі, які з'явіўся на тэрыторыі Верхняга горада 3 сакавіка 2017 года. Ён адкрыўся на 950-годдзе з дня першай летапіснай згадкі пра Мінск, а яшчэ гэта падзея была прымеркавана да 125-годдзя з дня пуску мінскай конкі.

mila@sb.by

minskmuseum.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter