Па прынцыпу “акання”

Учора Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” Лёс гэтага праекта такі ж складаны, як і лёс беларускай мовы, якая ў бліжэйшыя гады ўпершыню ў гісторыі будзе рэгламентавацца не пастановамі, а менавіта законам. Гэта значыць, нормы правапісу стануць нормамі прамога дзеяння, і абмеркаванне іх у будучым магчыма будзе толькі ў плане дыскусій, а ўсе змены павінны будуць праходзіць “парламенцкае сіта”, што апрыёры выключае любую кулуарнасць.

У той жа час закон устанаўлівае адпаведную адказнасць. Пісаць у адным дакуменце “лябірынт”, а ў іншым “лабірынт” стане ўжо праблематычна. У тым сэнсе, што калі гэта будзе прыкрая недакладнасць — гэта адно, а калі наўмыснае скажэнне правапісу — зусім іншае. Сёння ж падобнае сустракаецца досыць часта. Як адзначыў дэпутат Ігар Катляроў, зараз у трох прафесараў можа існаваць тры варыянты напісання аднаго і таго ж слова, што з пункту гледжання моўнага ўзбагачэння вельмі карысна, але ў дачыненні да ўступных іспытаў у ВНУ — недапушчальна. І ў кожную гарачую ўступную кампанію ёсць абітурыенты, якія так і не сталі студэнтамі менавіта з-за шматварыянтнасці трактоўкі правіл. Ігар Катляроў нават заклікаў распрацоўшчыкаў і парламентарыяў прыняць законапраект як мага хутчэй.
Наогул, супраць змен у беларускім правапісе не выступае ніхто. Час сапраўды настаў. Цяперашнія правілы дзейнічаюць з канца 50-х гадоў. За гэты час адбыліся велізарныя змены ў нашай дзяржаве. Нейкія словы зніклі, нейкія з’явіліся. Усе ведаюць, што такое Інтэрнет, камп’ютэр. Але адзіных прынцыпаў напісання гэтых слоў так і няма. Праўда, у 1993 годзе была спроба “звесці ўсё разам”, наблізіць мову да яе фанетычнага прынцыпу. Нават была створана Дзяржаўная камісія. Яна разгледзела агульныя праблемы сучаснага беларускага npaвaпicy, тэарэтычна абгрунтавала характар i мэта-згоднасць унясення ўдакладненняў.
Дзяржкамісія таксама прызнала, што існуючыя правілы ў цэлым забяспечваюць функцыяніраванне пісьмовай мовы ва ўcix сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, i рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі i Міністэрству адукацыі падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі i пунктуацьі”. Але справа рухалася не вельмі хутка.
Цяперашні разнабой у правапісе — гэта вынік таго, што своеасаблівы вакуум сталі запаўняць кожны па-свойму. Не апошнюю ролю ігралі і палітычныя прыхільнасці. Мова Тарашкевіча некаторымі была ўзята за своеасаблівы ўзор, хоць і ў 20-х гадах, і ў канцы мінулага стагоддзя да яе ў людзей дасведчаных было вельмі шмат пытанняў.
Як падкрэсліў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, падрыхтаваная зараз новая рэдакцыя “Правіл беларускай арфаграфіі i пунктуацыі” з’яўляецца найбольш аптымальнай у сённяшніх умовах i адпавядае патрэбам сучаснай моўнай практыкі. Прапанаваныя змяненні i ўдакладненні не закранаюць асноўных палажэнняў i прынцыпаў беларускай арфаграфіі i забяспечваюць традыцыі і пераемнасць пісьмовай беларускай мовы.
Па словах міністра, увядзенне ў дзеянне новай рэдакцыі Правіл з’явіцца сведчаннем дзяржаўнага рэгулявання ў сферы моўнай палітыкі i практыкі, будзе садзейнічаць стабілізацыі арфаграфічных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць i захаванне адзінага моўнага рэжыму ў сістэме адукацыі, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што ў выніку павысіць у грамадстве прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч у той жа час лічыць, што правілы патрабуюць сур’ёзнай дапрацоўкі. Пры абмеркаванні праекта высветлілася, што яны ахопліваюць толькі літаратурную сферу. Але калі некаторыя з іх распаўсюдзіць на навуковую галіну, гэта можа прывесці да таго, што шматлікія тэрміны стануць абсалютна непазнавальныя. Напрыклад, электронвольт пасля пашырэння “акання” стане электранвольтам. “Наша камісія накіравала ў Акадэмію навук ліст з просьбай даць кваліфікаваную ацэнку гэтага законапраекта з пункту гледжання магчымасці яго ўжывання ў навукова-тэхнічнай літаратуры. Прычым мы прасілі даць пэўныя прапановы, як сфармуляваць тое або іншае правіла, каб пасля не было спрэчак”. Як паведаміў дэпутат, адказ з Акадэміі навук сведчыць, што праект можа быць прыняты ў першым чытанні і дапрацаваны.
Міністр адукацыі разам з тым растлумачыў, што новая рэдакцыя “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” можа ўступіць у дзеянне з 1 верасня 2010 года. “Але словы са змененым правапісам не будуць выкарыстоўвацца ў педагагічных тэстах для правядзення цэнтралізаванага тэсціравання да таго часу, пакуль не будуць канчаткова перавыдадзены праграмы, падручнікі і іншая вучэбна-метадычная літаратура. Працэс гэты будзе ісці эвалюцыйна”, — падкрэсліў міністр і дадаў, што звычайна школьныя падручнікі служаць чатыры гады, а затым перавыдаюцца. “Так што вялікіх сродкаў з дзяржбюджэту на ўвядзенне новых правіл не спатрэбіцца”, — адзначыў Аляксандр Радзькоў.
Такім чынам, праца над правіламі будзе працягнута.

Змены ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі i пунктуацыі” ў асноўным зводзяцца да наступнага:

* Пашыраецца прынцып перадачы акання ў словах іншамоўнага паходжання. Прапануецца, напрыклад, пісаць адажыа, трыа, салъфеджыа і пад. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца адажыо, трыо, сальфеджыо).
* У словах іншамоўнага паходжання  канцавыя  элементы -эр, -эль у адпаведнасці з прынцыпам акання прапанавана перадаваць як -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар (паводле дзеючах “Правіл” пішацца прынтэр, камп ‘ютэр, пэйджэр).
* Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (паводле дзеючах “Правіл” пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць).
* У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складанаскарочаных слоў. Прапануецца пісаць прафкам, гаркам, абкам, селькар, газпрам і г.д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца прафком, гарком, абком, селькор, газпром).
* Уніфікуецца напісаннe прыметнікаў на -ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапануецца пісаць чаньчунскі, цяньшанскі, як i любанскі, астраханскі (паводле дзеючых “Правіл” пішацца любанскі, астраханскі, але чаньчуньскі, цяньшаньскі).
* Пашыраецца напісанне “ў” (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання. Прапанавана пісаць для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі і г.д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі).
* Спрошчаны правілы пераносу слоў.
* У адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай i малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах i г.д. (напрыклад, Савет Mіністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм ‘ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Mітрапаліт Mінскі i Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і г.д.). У “Правілах” 1959 г. многія з прыведзеных назваў адсутнічаюць наогул.

* Уведзены новы параграф “Вялікая i малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных i казачных герояў”. Напрыклад: “3 вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Троіца ...”.

* Са зводу “Правіл” выключаны раздзелы “Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў i займеннікаў”, “Галосныя ў некаторых канчатках лічэбнікаў”, “Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў”. Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не правапісу, а словазмянення i знаходзяць сваё адлюстраванне ў граматыках беларускай мовы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter